Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад вялікім пратэстанцкім фэстывалем у Менску Лукашэнка сустрэўся з запрошаным на яго прапаведнікам з ЗША

абноўлена
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з амэрыканскім прапаведнікам Фрэнклінам Грэмам 15 траўня 2026 году
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з амэрыканскім прапаведнікам Фрэнклінам Грэмам 15 траўня 2026 году

На сустрэчы з Фрэнклінам Грэмам, які зьвязаны з адміністрацыяй Дональда Трампа, Лукашэнка расказаў пра міжканфэсійны мір у Беларусі, але, як вынікае з афіцыйных паведамленьняў, нічога не згадаў пра перасьлед сьвятароў.

«Нам вельмі пашанцавала, што ў сваёй найноўшай гісторыі беларуская зямля ня ведала рознагалосьсяў, перасьледу паводле рэлігійных, нацыянальных, расавых прыкметаў. Усе канфэсіі жывуць тут у атмасфэры ўзаемнай павагі, міру і згоды», — працытавала Аляксандра Лукашэнку яго прэсавая служба.

Лукашэнка прызнаў, што прыезд Фрэнкліна Грэма ў Беларусь быў бы немагчымым без прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

«Вам, Фрэнклін, хачу падзякаваць за добрае пасланьне, якое мне перадаў спадар Коўл (спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл. — РС) падчас свайго візыту і нашых перамоваў. І вы ж разумееце, што без прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі нам, можа быць, было б складаней устанавіць нашы дачыненьні», — сказаў ён.

Лукашэнка папрасіў амэрыканскага прапаведніка перадаць Дональду Трампу «найлепшыя зычэньні» і сказаць яму, што «ў Беларусі ў яго надзейныя сябры і прыхільнікі».

У публікацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА адзначаецца, што Фрэнклін Грэм паабяцаў Лукашэнку памаліцца за яго на «Фэстывалі надзеі» разам з усімі вернікамі.

«Заўтра я папрашу ўсіх прысутных устаць і ўзьнесьці малітву за вас як лідэра», — працытавалі амэрыканскага прапаведніка.

Фрэнклін Грэм падзякаваў Лукашэнку за магчымасьць сустрэцца зь ім і зь беларускімі пратэстантамі. У сустрэчы брала ўдзел і жонка спэцпасланьніка Джона Коўла — журналістка Грэта ван Састэрэн, якая супрацоўнічае з фондам Грэма Samaritan’s Purse.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусі 850 пратэстанцкіх грамадаў, 20 місіяў і 5 навучальных установаў.

Фрэнклін Грэм прыехаў на «Фэстываль надзеі», які адбудзецца 16–17 траўня ў Менску на «Чыжоўка-Арэне» з удзелам пратэстанцкіх цэркваў. Падзею такога маштабу беларускім пратэстантам дазволілі ўпершыню за дзесяцігодзьдзі. Фэстываль можа сабраць да дзесяці тысяч чалавек.

Чаму гэта важна

У Беларусі ў 2025 годзе правялі перарэгістрацыю рэлігійных супольнасьцяў, у выніку якой іх істотна паменела.

Пасьля 2020 году царква стала цалкам адзяржаўленай. На паседжаньнях Усебеларускага народнага сходу кіраўнікі ўсіх канфэсіяў звычайна сядзяць у прэзыдыюме, недалёка ад Лукашэнкі.

Згодна з інфармацыяй міжканфэсійнай групы «Хрысьціянская візія», з 2020 году больш за 90 беларускіх сьвятароў розных хрысьціянскіх канфэсіяў пацярпелі ад рэпрэсіяў, 35 зь іх каталікі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG