Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва будзе перадаваць Беларусі інфармацыю аб беларускіх кантрабандыстах і абвяшчаць іх вышук праз Інтэрпол

Уладзіслаў Кандратовіч. Архіўнае фота
Уладзіслаў Кандратовіч. Архіўнае фота

Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч заявіў, што ў выпадку выяўленьня падазраваных у кантрабандзе, якія знаходзяцца ў Беларусі, інфармацыю пра іх будуць перадаваць у Беларусь.

«Доказы, калі такія ёсьць, будуць перадавацца. Паглядзім, як адрэагуе беларускі бок. [...] Гэтыя заявы беларускага боку пра тое, што „яны паклапоцяцца, калі літоўцы там паклапоцяцца пра гэта“ — мы паклапаціліся, маем факты, маем вынікі», — сказаў Уладзіслаў Кандратовіч у этэры тэлеканалу LRT.

«Ці будуць яны зноў хлусіць або парушаць сваё слова? Што тычыцца беларускага боку, паглядзім, як там усё складзецца», — дадаў ён.

Паводле намесьніка генэральнага камісара паліцыі Маруса Драўдвілы, цяпер сабраная інфармацыю пра тое, што кантрабандай займаюцца як літоўскія, так і беларускія злачынныя групоўкі. Ён дадаў, што пасьля збору доказаў злачыннай дзейнасьці грамадзян Беларусі іх прызнаюць падазраванымі і перададуць інфармацыю ў Інтэрпол для абвяшчэньня іх вышуку.

4 лютага паліцыя Літвы паведамляла аб правядзеньні вялікай апэрацыі супраць кантрабандыстаў і арганізатараў, у выніку якой арыштавалі 5 чалавек.

У сьнежні 2025 году стала вядома аб пачатку дасудовага расьсьледаваньня справы аб кантрабандзе цыгарэт з выкарыстаньнем паветраных балёнаў зь Беларусі і аб спрыяньні іншай дзяржаве ў дзеяньнях супраць Літвы. У справе фігуруюць 28 чалавек.

Паветраныя балёны ствараюць праблемы для цывільнай авіяцыі ў Літве. Апошні інцыдэнт, найбуйнейшы сёлета, адбыўся 27 студзеня. У выніку віленскі аэрапорт закрывалі тройчы, у выніку чаго пацярпелі 1,7 тысячы пасажыраў.

У канцы 2025 году кантрабандныя балёны зь Беларусі больш за 10 разоў парушалі дзейнасьць літоўскіх аэрапортаў.

Летась 31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перапраўкай цыгарэт на паветраных балёнах займаюцца літоўскія грамадзяне: «Тое, што літоўцы самі сабе перакінулі, дык вы знайдзіце гэтых літоўцаў, высьветліце і зь іх запатрабуйце».

Ён дадаў, што ня бачыць парушэньня ў дзеяньнях беларускіх «бандзюгаў», бо яны ня скралі цыгарэты, а купілі іх на фабрыцы, каб прадаць з выгадай.

У сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы абвясьціў рэжым надзвычайнай сытуацыі. Літоўскія палітыкі лічаць «нашэсьце» кантрабандысцкіх балёнаў гібрыднай атакай Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG