Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве прайшла другая аблава на кантрабандыстаў беларускіх цыгарэт

Падчас затрыманьня 3 лютага 2026 году
Падчас затрыманьня 3 лютага 2026 году

Аблава адбылася 3 лютага. Затрымалі 5 чалавек. Іх падазраюць у кіраваньні групоўкамі злачыннага аб’яданьня, якое займаецца кантрабандай цыгарэтаў зь Беларусі ў Літву.

У Вільні і Салечніцкім раёне правялі больш за 20 ператрусаў, паведаміла сёньня пракуратура краіны. Выявілі сродкі сувязі, GPS-перадатчыкі, паліцэйскія праблісковыя маячкі, скруткі-«вожыкі» для праколу шынаў, кайданкі, дарагія аўтамабілі, бэйсбольныя біты, значныя для сьледзтва нататкі ды іншыя рэчы.

Затрыманым выставілі падазрэньні паводле трох крымінальных артыкулаў:

  • у арганізацыі злачыннага абʼяднаньня і кіраваньні ім,
  • у незаконным абароце і кантрабандзе падакцызных тавараў,
  • у дапамозе іншай дзяржаве ў дзейнасьці супраць Літоўскай Рэспублікі.

Паводле пракуратуры, з арганізаваных злачынных груповак кантрабандыстаў у Беларусі і Літве было створана глыбока закансьпіраванае злачыннае абʼяднаньне пад строгім кантролем арганізатараў.

4 лютага ў размове з журналістамі галоўны пракурор Дэпартамэнта расьсьледаваньня арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Генпракуратуры Артурас Урбеліс паведаміў дэталі аўторкавай аблавы.

Паводле яго, пяцёра затрыманых — гэта мужчыны сталага веку з Салечніцкага раёну, якія езьдзілі ў Беларусь. Усе яны раней ужо былі пад судом, у тым ліку за кантрабанду або незаконны абарот акцызных тавараў. Цяпер іх падазраюць у тым, што яны кіравалі кантрабандыстамі зь літоўскага боку, перадае LRT.

Сьледзтва таксама будзе высьвятляць, ці падтрымлівалі кантрабандысты сувязі зь беларускімі сілавымі структурамі і ці не было ў іх мэты нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы Літвы.

Гэта ўжо другое маштабнае затрыманьне ў справе кантрабандыстаў.

Летась 16 сьнежня ўжо зьмясьцілі пад варту 21 чалавека і правялі больш за 80 ператрусаў. Сярод знойдзеных тады рэчаў была нават агнястрэльная зброя.

Усяго пад вартай ужо 28 чалавек. Агульны кошт маёмасьці, арыштаванай падчас абедзьвюх апэрацый, ацэньваецца прыблізна ў 1,2 млн эўра.

27 студзеня быў самы маштабны сёлета «залёт» кантрабандных шароў зь Беларусі. Праз гэта тройчы давялося спыняць працу Віленскага аэрапорта, што закранула 1,7 тысячы пасажыраў.

Адзін шар прызямліўся ў Вільні каля ажыўленай вуліцы. Мужчына, які прыехаў забраць груз, уцякаючы ад паліцыі, параніў афіцэра.

Пры канцы мінулага году гэткія шары зь Беларусі дзясяткі разоў парушалі працу літоўскіх аэрапортаў.

Летась 31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перапраўкай цыгарэт на паветраных шарах займаюцца літоўскія грамадзяне: «Тое, што літоўцы самі сабе перакінулі, дык вы знайдзіце гэтых літоўцаў, высьветліце і зь іх запатрабуйце».

Ён дадаў, што ня бачыць парушэньня ў дзеяньнях беларускіх «бандзюг», бо яны ня скралі цыгарэты, а купілі іх на фабрыцы, каб прадаць з выгадай.

У сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы абвясьціў рэжым надзвычайнай сытуацыі. Літоўскія палітыкі лічаць «нашэсьце» кантрабандысцкіх шароў гібрыднай атакай Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG