Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калесьнікава: Вільня магла б «адыграць важную ролю ў фармаваньні канструктыўнага перамоўнага парадку дня» зь Менскам

Марыя Калесьнікава, Інга Ругінене, Тацьцяна Хоміч падчас сустрэчы 3 лютага 2026 году
Марыя Калесьнікава, Інга Ругінене, Тацьцяна Хоміч падчас сустрэчы 3 лютага 2026 году

Марыя Калесьнікава заклікала Літву «і надалей падтрымліваць намаганьні ЗША, скіраваныя на дыпляматычную дээскаляцыю ў стасунках зь Беларусьсю».

Вільня магла б «адыграць важную ролю ў фармаваньні канструктыўнага перамоўнага парадку дня» зь Менскам. Такое меркаваньне выказала 3 лютага на сустрэчы з прэмʼер-міністрам Літвы Інгай Ругінене вызваленая ў мінулым сьнежні і вывезеная зь Беларусі Марыя Калесьнікава — сябра каманды прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі, перадае «Позірк».

Паводле інфармацыі прэс-службы літоўскага ўрада, у сустрэчы таксама ўдзельнічала сястра Калесьнікавай, сябра Каардынацыйнай рады Тацьцяна Хоміч.

Экс-палітзьняволеная заклікала Літву «і надалей падтрымліваць намаганьні ЗША, скіраваныя на дыпляматычную дээскаляцыю ў стасунках зь Беларусьсю».

Калесьнікава падзякавала Ругінене за «пасьлядоўную падтрымку Літвой грамадзянскай супольнасьці Беларусі і дэмакратычнага руху, а таксама за садзейнічаньне ў вызваленьні палітзьняволеных і наданьне ім усёй неабходнай дапамогі».

Кіраўніца літоўскага ўраду выказала радасьць ад вызваленьня Калесьнікавай.

«Літва гатовая аказваць вам усебаковую дапамогу», — заявіла яна суразмоўніцы.

Інга Ругінене падкрэсьліла, што ўрад Літвы «падтрымлівае дыпляматычныя намаганьні ЗША, скіраваныя на вызваленьне ўсіх палітзьняволеных у Беларусі».

«Мы супрацоўнічаем са спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам, чые дыпляматычныя намаганьні прыносяць адчувальныя вынікі — як у вызваленьні палітычных зьняволеных, так і ва ўмацаваньні бясьпекі ў рэгіёне. Гэтыя крокі для нас асабліва важныя, паколькі яны садзейнічаюць і ўмацаваньню нацыянальнай бясьпекі Літвы», — сказала яна.

У той жа час, паводле слоў літоўскага палітыка, Вільня будзе і надалей «захоўваць ціск з мэтай вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі». Літва, падкрэсьліла яна, «чуе голас народа Беларусі і працягне падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і дэмакратычную апазыцыю Беларусі».

Марыя Калесьнікава

Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Марыя Калесьнікава — былая палітзьняволеная, палітык, музыка, якая стала адным з галоўных сымбаляў мірных пратэстаў 2020 году.

Марыя была кіраўніцай перадвыбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Калі яго не зарэгістравалі і затрымалі, яна разам з камандамі Сьвятланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы аб’ядналася. Калі ў краіне пачаліся масавыя мірныя пратэсты, Марыя засталася ў Беларусі і стала адным з найбольш бачных лідэраў гэтага руху.

У верасьні 2020 году яе затрымалі сілавікі. Марыя адмовілася пакінуць краіну, разарвала свой пашпарт. Пазьней суд прыгаварыў яе да 11 гадоў турмы. Праваабарончыя арганізацыі і міжнародныя палітыкі шмат разоў заклікалі да яе вызваленьня, адзначалі цяжкія ўмовы ўтрыманьня, абмежаваны кантакт зь сям’ёй і сур’ёзныя праблемы з здароўем.

13 сьнежня 2025 году пасьля больш як 5 гадоў зьняволеньня Марыя Калесьнікава была вызвалена разам зь іншымі палітычнымі зьняволенымі і вывезена з Беларусі ва Ўкраіну. З 19 сьнежня жыве ў Нямеччыне.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG