«У 23.18 з-за гібрыднай атакі, якая ажыцьцяўляецца Беларусьсю супраць Літвы, грамадзянскай авіяцыі і грамадзтва, пры фіксацыі ў рызыкоўных для авіяцыі зонах навігацыйных адзнак, характэрных для шароў, былі ўведзеныя часовыя абмежаваньні паветранай прасторы над Віленскім аэрапортам. Віленскі аэрапорт аднавіў дзейнасьць у 00.06, пасьля адмены абмежаваньняў паветранай прасторы», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі кампанія Літоўскія аэрапорты (LTOU).
Абмежаваньні ў аэрапорце ў аўторак упершыню былі ўведзены ў 19.05, а паветраная прастора адкрыта ў 20.24. Пазьней абмежаваньні былі ўведзены ў 23.18.
LTOU паведамляе, што затрымкі асобных рэйсаў могуць быць і ў сераду з-за парушэньня ратацыі экіпажаў і паветраных суднаў.
- Як пісала агенцтва BNS, апошні раз з гэтай прычыны праца Віленскага аэрапорта была парушана 6 сьнежня мінулага года.
- Прылёты кантрабандысцкіх балёнаў зь Беларусі мінулай восеньню і зімой больш за дзесяць разоў уплывалі на працу Віленскага аэрапорта і адзін раз — Ковенскага.
- У сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы з-за кантрабандысцкіх балёнаў, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорта і ствараюць пагрозу грамадзянскай авіяцыі, аб’явіў экстрэмальную сытуацыю.
- Літоўскія палітыкі лічаць прылёты кантрабандысцкіх балёнаў гібрыднай атакай Менска.
Налёт кантрабандысцкіх балёнаў з Беларусі ў аўторак увечары быў самым інтэнсіўным сёлета: было выяўлена восем шароў, кажа кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіраваньня крызісамі Літвы (НЦУК) Вілмантас Віткаўскас.
«Важна адзначыць, што гэтая ноч, мабыць, была самай інтэнсіўнай за ўвесь гэты год, мы зафіксавалі на нашых радарах у агульнай складанасьці 42 выпадкі», — сказаў ён у сераду ў эфіры радыё LRT.
Паводле зьвестак кіраўніка НЦУК, да раніцы было знойдзена восем кантрабандысцкіх балёнаў, затрыманыя чатыры чалавекі, таксама знойдзены рэшткі некалькіх балёнаў.
«Вядзецца інтэнсыўная праца нашых службаў. Кінутыя вялікія сілы на тое, каб устанавіць тых, хто прыяжджае забіраць гэтыя пасылкі, і перадухіліць падобныя выпадкі ў будучыні, каб такія налёты, як гэтай ноччу, не паўтарыліся», — сказаў Віткаўскас.
Кіраўнік НЦУК Літвы выказаў меркаваньне, што кантрабандысты актывізаваліся зь ведама беларускага рэжыму.
Паводле яго слоў, сёлета на працягу шасьці дзён літоўскія службовыя асобы фіксавалі на радарах адзнакі кантрабандысцкіх балёнаў, якія ляцяць.
«Вядома, гэта не былі такія лічбы, як цяперашняй ноччу, гэта былі, магчыма, дзесяць-дваццаць выпадкаў, гэта сапраўды невялікая колькасьць, і яна зусім не ўплывала на бясьпеку нашай паветранай прасторы. Але гэтая ноч была выключнай, і аэрапорт быў зачынены», — сьцьвярджае Віткаўскас.
Паводле яго сьцьвярджэньня, у аўторак увечары з-за прылётаў кантрабандысцкіх балёнаў Віленскі міжнародны аэрапорт закрываўся тройчы.
Па словах кіраўніка НЦУК, гэта закранула больш за 1700 пасажыраў.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.