Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленскі аэрапорт зноў закрыты праз паветраныя балёны зь Беларусі

Віленскі аэрапорт
Віленскі аэрапорт

Літоўскія ўлады раней паведамлялі, што зь Беларусі балёны ўжо амаль не прылятаюць, але цяпер зноў зьявіліся праблемы з працай лётнішча ў Вільні.

Паведамляецца, што ў выніку гібрыднай атакі, зьдзейсьненай Беларусьсю, у небясьпечнай зоне былі заўважаныя навігацыйныя маркеры, характэрныя для паветраных балёнаў, і дзеля бясьпекі цывільнай авіяцыі, пасажыраў і насельніцтва паветраная прастора над Віленскім аэрапортам абмежаваная, піша Delfi, спасылаючыся на спэцслужбы дзяржавы.

«Службы кантралююць і аналізуюць рух навігацыйных маркераў і могуць прыняць рашэньне аб адкрыцьці паветранай прасторы наколькі мага раней — калі гэта будзе бясьпечна. Пасажыраў просяць сачыць за інфармацыяй аэрапорту і іхных апэратараў», — паведамляе Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызісамі.

Перш было абвешчана, што абмежаваньне паветранай прасторы можа працягвацца да 20:05, аэрапорт закрылі а 19:05. Пазьней вымушаны перапынак падоўжылі да 22:05.

«Абмежаваньне паветранай прасторы падоўжана да 22:05. Службы шчыльна супрацоўнічаюць, і, калі сытуацыя зьменіцца, прастора можа быць адкрытая раней. Мы неадкладна паведамім вам пра гэта», — паведаміў цэнтар кіраваньня.

Праз пагрозы, што несьлі паветраныя балёны з кантрабандай тытуню зь Беларусі, праца Віленскага аэрапорту некалькі разоў прыпынялася ў кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2025 года. Таксама былі перашкоды для працы лётнішча ў Коўне.

У кастрычніку ж, пасьля ўзмацненьня патоку балёнаў, урад Літвы абвясьціў надзвычайнае становішча па ўсёй краіне. Таксама былі закрытыя памежныя пункты пропуску «Меднікі» і «Салечнікі».

Каб разьвязаць сытуацыю зь перавозьнікамі, якія затрымаліся ў Беларусі, мяжу зь Беларусьсю адкрылі раней. Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене заяўляла, што балёны амаль не фіксуюцца ў паветранай прасторы. Але выявілася, што нават пасьля адкрыцьця памежных пунктаў літоўскія фуры ня могуць так проста пакінуць тэрыторыю Беларусі. Акрамя таго, грузавікі прымусова адпраўлялі на платныя стаянкі. Калі ж літоўскія перавозьнікі зьвярнуліся да ўраду Літвы па дапамогу, Ругінене заявіла, што прэтэнзіі трэба выстаўляць беларускаму боку. Пытаньне дагэтуль цалкам не разьвязанае.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG