Як адзначаецца на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Літвы, такое рашэньне ўхвалілі па выніках нарады міністра Ўладзіслава Кандратовіча з прадстаўнікамі службаў грамадзкай бясьпекі і літоўскай арміі.
«Вырашылі працягнуць дысьлякацыю сіл ведамстваў, праводзіць мэтанакіраваныя прэвэнтыўныя захады, апэратыўна абменьвацца інфармацыяй, а таксама ўмацаваць міжведамасную супрацу і рыхтаваць новыя заканадаўчыя прапановы па рэгуляваньні дзейнасьці апэратараў мабільнай сувязі і ўзмацненьні крымінальнай адказнасьці», — адзначаецца ў паведамленьні.
Цяпер штодзённа на літоўскай мяжы зь Беларусьсю патрулююць ад 10 да 49 экіпажаў, а канцэнтрацыя сіл на мяжы зьяўляецца эфэктыўнай мерай стрыманьня.
Паводле МУС Літвы, з 24 лістапада 2025 году да 19 студзеня задзейнічалі 1939 чалавек асабовага складу. За гэты пэрыяд у памежнай зоне праверылі 27 454 аўтамабілі і 35 473 чалавек, а таксама перахапілі 53 паветраныя балёны і прыблізна 130 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт.
У студзені перахапілі 10 паветраных балёнаў з грузам.
У 2025 годзе ў Літве перанялі 635 грузаў з цыгарэтамі зь Беларусі. 122 чалавекі затрымалі за дачыненьне да кантрабанды паветранымі балёнамі.
Праз прылёты балёнаў зь Беларусі ў 2025 годзе некалькі разоў спынялі дзейнасьць аэрапорт Вільні і аднойчы — Коўна. Літоўскія палітыкі называюць запуск такіх балёнаў гібрыднай атакай Менску.
Форум