У Вільні заявілі, што сытуацыя з уварваньнямі паветраных балёнаў зь Беларусі «значна палепшылася»

Фота кантрабандных балёнаў зь Беларусі ў рэжыме начнога бачаньня, 6 студзеня 2026 году
Фота кантрабандных балёнаў зь Беларусі ў рэжыме начнога бачаньня, 6 студзеня 2026 году

Апошні раз аэрапорт Вільні прыпыняў працу ў сувязі з паветранымі балёнамі зь Беларусі 6 сьнежня мінулага году.

Досыць працяглы час Літва амаль не фіксуе сур’ёзнага наплыву кантрабандысцкіх паветраных балёнаў зь Беларусі, адзначыў галоўны дарадца літоўскага прэзыдэнта Дзейвідас Матулёніс 20 студзеня ў этэры Žinių radijas і на гэтай падставе зрабіў выснову, што сытуацыя «значна палепшылася». Пра гэта паведаміў «Позірк».

«Пакуль што сёньня на сто адсоткаў сказаць, што гэта ўжо ўстойлівы працэс і больш гэтых балёнаў у аэрапорце ня будзе, мы ня можам, трэба яшчэ пачакаць. Ужо 45 дзён фактычна мы ня мелі праблемаў, іншымі словамі, не даводзілася закрываць аэрапорты. Вецер быў розны — быў і спрыяльны, і неспрыяльны»,— цытуе службоўца партал Lrytas.

«Я б сказаў, што ёсьць некалькі прычын, чаму гэта адбылося: нашы праваахоўныя органы зрабілі нямала ў барацьбе з арганізатарамі гэтай кантрабанды з дапамогай балёнаў, таксама, магчыма, паўплывалі кліматычныя ўмовы, і не выключаю, што патрабаваньне амэрыканскага пасланца Джона Коўла да Лукашэнкі спыніць гэтую гібрыдную акцыю дае свае вынікі», — таксама заявіў Дзейвідас Матулёніс.

Уварваньне паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі ў Літву восеньню і ў пачатку сьнежня 2025 году стала прычынай неаднаразовага закрыцьця Віленскага аэрапорту, разьмешчанага недалёка ад мяжы. Акрамя таго, з 29 кастрычніка па 19 лістапада Літва закрывала мяжу зь Беларусьсю.

Апошні раз аэрапорт Вільні прыпыняў працу ў сувязі з паветранымі балёнамі зь Беларусі 6 сьнежня мінулага году. Празь некалькі дзён, 9 сьнежня, урад Літвы аб’явіў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз «гібрыдную атаку Беларусі». Рашэньне было прынята «ў сувязі з працягам пагрозы нацыянальнай бясьпецы дзяржавы і небясьпекай для жыцьця і здароўя людзей, а таксама для маёмасьці і (або) навакольнага асяродзьдзя, якая ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы зь Беларусі запускаюцца паветраныя балёны, якія нясуць кантрабанду».

Спэцыяльны пасланец прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа для Беларусі Джон Коўл пасьля вяртаньня ў Вільню зь Менску, дзе 12 і 13 сьнежня ён праводзіў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненьні палётаў паветраных балёнаў зь Беларусі ў Літву.

6 студзеня ў Літве, у Варэнскім раёне, быў перахоплены груз з 3000 пачкаў цыгарэт Minsk Capital QS і GPS-навігатар. На працу аэрапортаў гэта не паўплывала.

У 2025 годзе ў Літве перанялі 635 грузаў з цыгарэтамі зь Беларусі. 122 чалавекі затрымалі за дачыненьне да кантрабанды паветранымі балёнамі.

Праз прылёты балёнаў зь Беларусі ў 2025 годзе некалькі разоў спынялі дзейнасьць аэрапорт Вільні і аднойчы — Коўна. Літоўскія палітыкі называюць запуск такіх балёнаў гібрыднай атакай Менску.

​
XS
SM
MD
LG