Польшча выклікала беларускага дыплямата з прычыны ўварваньня паветраных балёнаў, паведамляе Reuters з спасылкай на польскае агенцтва РАР.
«Міністэрства замежных справаў Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі ў сувязі з парушэньнем паветранай прасторы на мінулым тыдні аб’ектамі, ідэнтыфікаванымі як кантрабандныя паветраныя балёны, паведаміла ў сераду ўвечары нацыянальнае інфармацыйнае агенцтва PAP з спасылкай на прадстаўніка міністэрства», — паведамляе Reuters.
Польская паліцыя заявіла, што ў суботу неідэнтыфікаваныя лётныя абʼекты, хутчэй за ўсё, паветраныя балёны кантрабанднага прызначэньня, увайшлі ў польскую паветраную прастору з тэрыторыі Беларусі і што паліцыя знайшла іх рэшткі разам зь нелегальнымі цыгарэтамі на паўночным усходзе Польшчы.
«Часовы павераны ў справах ня змог адказаць нам што да ролі беларускага боку ў гэтай справе, але мы сумняемся ў тым, што беларускі бок ня ведае і ня мае ўплыву на такую колькасьць гэтых дзеяньняў», — цытуе прадстаўніка МЗС PAP.
«Яму таксама нагадалі, што працяг такіх паводзінаў будзе мець наступствы, але мы публічна не абмяркоўваем дэталі гэтага пытаньня», — паведамляе РАР.
У Літве прылёты кантрабандных паветраных балёнаў з-за беларускай мяжы называюць «гібрыднай атакай» з боку Беларусі, хаўрусьніцы Крамля. У сьнежні Літва абвясьціла надзвычайнае становішча праз гэтыя ўварваньні.
Досыць працяглы час Літва амаль не фіксуе сур’ёзнага наплыву кантрабандысцкіх паветраных балёнаў зь Беларусі, адзначыў галоўны дарадца літоўскага прэзыдэнта Дзейвідас Матулёніс 20 студзеня ў этэры Žinių radijas і на гэтай падставе зрабіў выснову, што сытуацыя «значна палепшылася».
Уварваньне паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі ў Літву ўвосень і ў пачатку сьнежня 2025 году стала прычынай неаднаразовага закрыцьця Віленскага аэрапорту, разьмешчанага недалёка ад мяжы. Ад 29 кастрычніка па 19 лістапада Літва закрывала мяжу зь Беларусьсю.
Апошні раз аэрапорт Вільні прыпыняў працу ў сувязі з паветранымі балёнамі зь Беларусі 6 сьнежня мінулага году. Празь некалькі дзён, 9 сьнежня, урад Літвы аб’явіў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз «гібрыдную атаку Беларусі».
Рашэньне было прынята «ў сувязі з працягам пагрозы нацыянальнай бясьпецы дзяржавы і небясьпекай для жыцьця і здароўя людзей, а таксама для маёмасьці і (або) навакольнага асяродзьдзя, якая ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы зь Беларусі запускаюцца паветраныя балёны, якія нясуць кантрабанду».
Спэцыяльны пасланец прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа для Беларусі Джон Коўл пасьля вяртаньня ў Вільню зь Менску, дзе 12 і 13 сьнежня ён праводзіў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненьні палётаў паветраных балёнаў зь Беларусі ў Літву.
6 студзеня ў Літве, у Аранскім (Варэнскім) раёне, быў перахоплены груз з 3000 пачкаў цыгарэт Minsk Capital QS і GPS-навігатар. На працу аэрапортаў гэта не паўплывала.
У 2025 годзе ў Літве перанялі 635 грузаў з цыгарэтамі зь Беларусі. 122 чалавекі затрымалі за дачыненьне да кантрабанды паветранымі балёнамі.