«У апошнія дні, можна сказаць, нават тыдні, мы не фіксуем балёнаў і іх адзнак, незалежна ад кірунку ветру. Аднак гэта ні ў якім разе не нагода расслабіцца. Мы разумеем, што маем справу з аўтарытарнай і цяжкапрагназаванай дзяржавай, таму захоўваем пільнасьць, а службы працягваюць інтэнсіўную работу», — працытавала Ігнаса Дабравольскаса агенцтва BNS.
Прадстаўнік прэм’еркі падзякаваў адміністрацыю ЗША і спэцыяльнага пасланьніка Джона Коўла за іхныя намаганьні па ўрэгуляваньні гэтай сытуацыі.
Ігнас Дабравольскас таксама дадаў, што робяцца ўсе намаганьні для хутчэйшага вяртаньня фур літоўскіх перавозьнікаў, якія ўтрымліваюць у Беларусі ў якасьці закладнікаў.
«Мы спадзяемся і намагаемся, каб жыхары краіны маглі сустрэць вялікія сьвяты году ў бясьпецы і вольна ехаць туды, куды хочуць. Для гэтага працуюць нашые службы, для гэтага мы задзейнічаем і згаданыя дыпляматычныя намаганьні», — сказаў 1н.
Прадстаўнік Узброеных сіл Літвы Гінтаўтас Цюніс дадаў, што армія працягвае дапамагаць паліцыі.
«Мова ідзе аб вайскоўцах Сухапутных войскаў, Вайскова-паветраных сіл і Вайсковай паліцыі, якія супольна з супрацоўнікамі паліцыі патрулююць і выконваюць іншыя задачы. [...] Групы па выкананьні задач складаюцца ня толькі з вайскоўцаў, якія знаходзяцца непасрэдна „на зямлі“, але і зь дзяжурных сілаў, гатовых пры неабходнасьці ўзмацніць падразьдзелы», — паведаміў ён.
«Усе задачы выконваюцца без перапынку, удзень і ўначы, і, вядома ж, будуць працягвацца, незалежна ад сьвятаў ці іншых абставінаў», — падкрэсьліў прадстаўнік літоўскага войска.
На мінулым тыдні ўрад Літвы ўвёў рэжым экстрэмальнай сытуацыі праз кантрабандныя балёны, якія запускалі зь Беларусі і стваралі пагрозу для грамадзянскай авіяцыі.
Праз паветраныя балёны зь Беларусі некалькі разоў спынялі дзейнасьць аэрапорт Вільні і аднойчы — Коўна.
Літоўскія палітыкі называюць запуск такіх балёнаў гібрыднай атакай Менску.
Форум