У Беларусі аб’явілі ў вышук нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. Ягоная картка зьявілася ў базе расейскага МУС. Алесь Бяляцкі адрэгаваў на гэтую навіну.
У Беларусі 5 жніўня аб’явілі ў вышук нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. Ягоная картка зьявілася ў базе расейскага МУС, даступнай на сайце mvd.sotaproject.com . Падставай для вышуку пазначана «крымінальная справа» — без удакладненьня нумару артыкулу. Алеся Бяляцкага памілавалі і прымусова вывезьлі за мяжу ў сьнежні 2025 году.
19 жніўня Алесь Бяляцкі завіў, што ўзбуджэньне супраць яго крымінальнай справы ня выклікала ў яго зьдзіўленьня:
«Сярод тых, супраць каго ў Беларусі завочна заведзеныя крымінальныя справы, шмат актывістаў, грамадзкіх дзеячаў і тых, хто не баіцца адкрыта выказвацца. Пасьля вызваленьня я актыўна камэнтаваў незалежным СМІ катастрафічную сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, выступаў на міжнародных канфэрэнцыях, удзельнічаў у сустрэчах і даносіў інфармацыю пра стан грамадзянскіх і палітычных свабод у Беларусі. Таму няма нічога дзіўнага, што я таксама апынуўся ў гэтым сьпісе».
Бяляцкі прызнаў, што ягонай асабістай бясьпецы гэта ніяк не пагражае, апроч таго, што цяпер трэба больш пільна абіраць шляхі сваіх камандзіровак і пазьбягаць краін, якія могуць выдаць мяне беларускім уладам:
«Я буду надалей працягваць сваю справу — гаварыць праўду пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі».
Праваабаронца адзначае таксама, што беларускія ўлады ўжылі супраць яго адну з формаў транснацыянальнага перасьледу:
«Гэта цяпер папулярная і актыўная форма запалохваньня грамадзкіх актывістаў Беларусі. Яна яшчэ выразьней характарызуе сёньняшнюю палітыку беларускіх уладаў, накіраваную на задушэньне свабоднага голасу і меркаваньня. З аднаго боку, яны пагадзіліся на памілаваньні палітвязьняў і абмен іх на зьняцьце санкцый. Але з другога — відавочна, што масавыя рэпрэсіі працягваюцца. Казаць пра іх спад у Беларусі яшчэ рана».
Усяго беларускія сілавікі шукаюць амаль 7 тысяч чалавек. Ад леташняга кастрычніка ў базу дадалі больш за 1700 беларусаў.
Чаму гэта важна
З 2024 году МУС Расеі аб’яўляе вышук усё большай колькасьці беларусаў. У сьпіс яны трапляюць на запыт Беларусі — гэта значыць, іх шукаюць у абедзьвюх краінах.
Свабода падкрэсьлівае, што адсутнасьць у гэтай базе вышуку не азначае, што на чалавека не завялі крымінальную справу ў Беларусі і ён не знаходзіцца ў вышуку.
Раней у базу трапілі былыя палітвязьні, журналісты, праваабаронцы, аналітыкі, актывісты і палітыкі, людзі культуры, беларускія добраахвотнікі ў вайне Украіны супраць расейскай агрэсіі, блогеры, сваякі палітвязьняў і палітыкаў на эміграцыі і сотні іншых беларусаў.