7 жніўня Лукашэнка заявіў, што ў войска адправілі ўжо паўтысячы «нядбайных чыноўнікаў і спэцыялістаў». Раней ён загадаў адпраўляць на вайскова-выхаваўчыя зборы аграрыяў, якія «не спраўляюцца з працай падчас жніва».
Разьбіраемся, за што, каго і на якіх падставах адпраўляюць на такія зборы.
«Нясуны, п‘яніцы, гультаі»
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты пералічвае, што на такія зборы будуць адпраўляць за крадзеж запчастак, паліва, хабары, прыпіскі, негатовасьць тэхнікі, страту зерня, нежаданьне замацаваных асобаў працаваць на тэхніцы, негатовасьць зернесушыльных комплексаў.
«Супрацоўнікі, якія праштрафіліся, несуны, п’яніцы, лодары і гультаі», — удакладніў Круты.
Хто працуе кепска, а хто добра, сьпярша вырашаюць кіраўнікі гаспадарак. Яны напраўляюць хадайніцтвы да чыноўнікаў у раённыя выканкамы, дзе сьпісы ўзгадняе начальнік упраўленьня сельскай гаспадаркі і пасьля перадае ў абласны вайсковы камісарыят.
Так апісвае гэты працэс раённая газэта Карэліцкага раёну «Полымя», дзе налічылі трох такіх «праштрафіўшыхся».
Падлікам займаўся начальнік адасобленай групы вайсковага камісарыяту Карэліцкага і Навагрудзкага раёнаў Арцём Паклад і начальнік упраўленьня сельскай гаспадаркі раёну, якія, як піша выданьне, разам аб’яжджалі гаспадаркі. У кандыдаты на зборы трапілі тыя, хто «парушае працоўную дысцыпліну», «прапускае зьмены» і «не гатовы садзейнічаць прадпрыемству і дзяржаве ў адказны пэрыяд».
Першы ў раёне камбайнэр-тысячнік таксама на зборах
Мінабароны ў сваёй справаздачы аб тым, як прымаюць на зборы «нядбайных» аграрыяў, назвала імя вайсковаабавязанага Аляксея Клімовіча. У камэнтары інфармагенцтву «Ваяр» ён распавёў, што ў войска трапіў упершыню і хоча падчас збораў «падцягнуць фізычную форму». За што ён трапіў на гэтыя зборы, Клімовіч у інтэрвію сьціпла не прызнаецца.
Аляксей Клімовіч ня просты камбайнэр экспэрымэнтальнай базы «Натальеўск». Два гады таму ён першы ў Чэрвеньскім раёне намалаціў тысячу тонаў зерня.
У 2025 годзе інфармацыйная агенцыя «БелТА» нават цытавала яго ў рэпартажы аб сяўбе азімага рапсу.
«Мне падабаецца. Заробак добры, пастаянна прэміруюць. Умовы добрыя, стаўленьне таксама. Чаму б і не працаваць», — казаў тады Клімовіч.
Ён скончыў каледж у 2017 годзе і застаўся працаваць у гаспадарцы пасьля разьмеркаваньня. Клімовіч мясцовы, з Чэрвеньскага раёну.
У Мінабароны таксама паведамілі, што зборы зоймуць да 60 сутак. Удзельнікі будуць займацца баявой, агнявой, інжынэрнай і вайскова-мэдычнай падрыхтоўкай.
«Вайсковыя зборы выкарыстоўваюць як кару»
Праваабаронца «Вясны» Аляксандар (Зь меркаваньняў бясьпекі ён не называе свайго прозьвішча. — РС) у размове са Свабодай зважае, што падобная практыка прыцягненьня людзей на вайсковыя зборы — злоўжываньне правам.
«Выкарыстаньне вайсковых збораў у якасьці „перавыхаваўчага“ або карнага інструмэнта для аграрыяў — гэта прамая падмена паняцьцяў і злоўжываньне правам. Калі чалавека адпраўляюць у войска за парушэньне працоўнай дысцыпліны, зборы губляюць свой законны сэнс і ператвараюцца ў прымусовую працу і схаванае адміністрацыйнае пакараньне. Відавочнае маніпуляваньне прабеламі ў заканадаўстве: фармальна прызыў афармляецца як звычайная позва, але падставай для яе служыць сыгнал ад кіраўніцтва прадпрыемства або мясцовай адміністрацыі. Чалавека пазбаўляюць права на належную абарону і суразьмернае пакараньне, прадугледжанае Працоўным або Адміністрацыйным кодэксам», — тлумачыць суразмоўца.
Ён кажа, што вайсковы абавязак нельга пераўтварыць у дысцыплінарнае спагнаньне. Для гэтага існуюць іншыя інструмэнты: заўвага, вымова, пазбаўленьне прэміяў ці звальненьне.
«Закон „Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе“ прадугледжвае вайсковыя зборы як форму выкананьня вайсковага абавязку вайсковаабавязанымі. Іх арганізацыя і прызыў ажыцьцяўляюцца вайсковымі камісарамі, а не працадаўцам або старшынёй райвыканкама. Пры гэтым Закон вызваляе ад збораў людзей, якія непасрэдна занятыя на пасяўных і ўборачных работах у пэрыяд іх правядзеньня, зь некаторымі выключэньнямі», — кажа праваабаронца.
Таксама ён дадае, што прызыў на такія зборы можна аспрэчыць па законе. Тым больш, калі сам факт такога прызыву незаконны. Аднак, важна не ігнараваць позву, гэта можа цягнуць адміністрацыйную і нават крымінальную адказнасьць.
«Ад законнага прызыву на зборы проста „адмовіцца“ нельга. Але калі рашэньне аб прызыве прынятае з парушэньнем закона, яго можна абскардзіць. Практычна важна не ігнараваць позву, а запатрабаваць выдаць дакумэнты, на падставе якіх чалавека прызначаюць на зборы, і зафіксаваць абставіны. Калі ёсьць падставы для вызваленьня або адтэрміноўкі, іх варта пацьвердзіць дакумэнтамі і зьвярнуцца да вайсковага камісара.
Дзеяньні або ненарматыўны акт дзяржаўнага органа, якія парушаюць правы грамадзяніна альбо незаконна ўскладаюць на яго абавязак, могуць быць абскарджаныя ў судзе ў адпаведнасьці з правіламі Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса», — зьвяртае ўвагу праваабаронца.
Ці існуе нейкі пісьмовы ўказ Лукашэнкі, альбо іншы дакумэнт, які заканадаўча ўводзіць падобнае пакараньне як варыянт дысцыплінарнай адказнасьці, публічна не паведамлялася. Усе чыноўнікі і ведамствы спасылаюцца на ягонае вуснае распараджэньне.
Форум