Ідэя забіраць нядбайных работнікаў на вайсковыя зборы даволі дзіўная. Яна грунтуецца не на прававым акце, а толькі на вусным загадзе Лукашэнкі. Гэта проста клясыка паліцэйскай дзяржавы. Ідэі ручнога кіраваньня, «жалезнай дысцыпліны», гвалту для вырашэньня сацыяльна-эканамічных праблем даведзеныя да лягічнага канца.
Пустая пагроза ці рэальнае даручэньне?
Спачатку даручэньне Аляксандра Лукашэнкі накіроўваць нядбайных работнікаў сельскай гаспадаркі ў войска ўспрымалася як жарт, пустая пагроза. Падчас сэлектарнай нарады 21 ліпеня ён заявіў:
«Папрасіце [міністра абароны] Хрэніна, даручэньне яму маё перадайце: усіх, хто ня ўмее працаваць, — у войска і на паўднёвую мяжу. У лес. Там нашы хлопцы, сілы спэцыяльных апэрацый, па маім загадзе разьмеркаваныя па ўкраінскай мяжы... Нялёгка — камарыкі, мухі, мошкі і іншае. Вось туды іх, у войска. Звычайнымі салдатамі. Тыдзень падрыхтоўкі (гранатамёт, кулямёт), і туды — у распараджэньне сіл спэцыяльных апэрацый. Усіх туды, хто ня выканае даручэньні. Гэта мой загад. Любы чыноўнік (ва ўрадзе, аблвыканкаме, райвыканкаме)... Любое невыкананьне — у войска. Хай там служыць. У лесе будзе сядзець. Там таксама патрэбныя кадры. Няхай у пэрыяд жніва там паслужыць. І чыноўнік, і той, хто ня хоча працаваць».
За 32 гады кіраваньня Лукашэнкі ўсе прызвычаіліся да ягонага стылю: запалохваць, пагражаць пасадзіць за краты, надзець кайданкі, накіраваць у калгас і даць вілы ў рукі ды інш. Меркавалася, што і гэтым разам ён знайшоў новы, сьвежы сродак псыхалягічнага ўзьдзеяньня на работнікаў аграрнага сэктару. Бо ўжо надта дзіўна выглядала ягонае даручэньне нават на тле таго абсурду, які цяпер пануе ў Беларусі.
Разнабой у камэнтарыях чыноўнікаў
Але далей падзеі сталі разьвівацца ў бок практычнай рэалізацыі загаду Лукашэнкі. На другі дзень ён заслухаў даклад міністра абароны Віктара Хрэніна, падчас якога ішла гаворка «аб накіраваньні ў армію недысцыплінаваных і нядобрасумленных работнікаў уборачнай кампаніі». Міністар заявіў, што да выкананьня пастаўленай задачы падключаны ваенныя камісары ў рэгіёнах.
Пра рэальнае ажыцьцяўленьне гэтага даручэньня казаў і кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітрый Круты ў ходзе нарады ў Асіповічах 22 ліпеня з удзелам прадстаўнікоў Асіповіцкага, Глускага і Бабруйскага раёнаў.
З супярэчлівых тлумачэньняў чыноўнікаў ня сталі больш зразумелымі абрысы рэалізацыі гэтага даручэньня. Калі Лукашэнка казаў пра прызыў у войска, то з тлумачэньняў Хрэніна вынікае, што гаворка не ідзе пра адпраўку такіх работнікаў на тэрміновую вайсковую службу. Паводле яго, людзей, якія не жадаюць добрасумленна працаваць, плянуецца прызываць на вайсковыя зборы.
Круты ўдакладніў, што гэтыя зборы будуць працягласьцю да двух-трох месяцаў. І накіроўваць на іх будуць усіх, незалежна ад пасады: калі чалавек сарваў працу — ён будзе накіраваны на зборы.
Так да канца не зразумела, у чым сэнс гэтай фэнамэнальнай ідэі. З заявы Лукашэнкі вынікае, што ідзецца пра пакараньне нядбайных работнікаў сельскай гаспадаркі. Круты падкрэсьліў, што такія меры патрэбныя ня толькі для пакараньня, але і для выхаваньня. А вось міністар абароны трактуе гэтую задуму па-іншаму. Хрэнін адзначыў, што мэтай такіх збораў будзе не «перавыхаваньне» недысцыплінаваных работнікаў, а ўдасканаленьне баявой падрыхтоўкі ваеннаабавязаных.
Гэтыя рознагалосьсі зразумелыя, бо цяжка знайсьці сэнс у ідэі, якая вонкава выглядае бессэнсоўнай.
У пошуках сэнсу
Пачнём з таго, што работнікаў сельскай гаспадаркі плянуюць масава забіраць на вайсковыя зборы ў самы разгар уборачнай кампаніі. Тым часам, згодна з рэспубліканскім банкам вакансій, па ўсёй Беларусі не хапае 2909 трактарыстаў, 1650 жывёлаводаў, 780 апэратараў машыннага даеньня, 391 агранома, 341 палявода.
Зусім не ідзецца пра нейкія прававыя падставы гэтага даручэньня. Няма ніякага заканадаўчага акту (дырэктывы, прэзыдэнцкага ўказу ці хоць бы пастановы ўраду). Маем толькі вусны загад Лукашэнкі, які ніяк не карэлюецца з Канстытуцыяй, законамі, нормамі працоўнага права. Незразумелыя крытэрыі, паводле якіх ваенкамы будуць вызначаць нядобрасумленных работнікаў. Гаворка ідзе толькі пра мужчын, ці пра жанчын таксама? А калі мужчына перадпэнсійнага ўзросту (62 гады), яго таксама на зборы?
І ўвогуле зь якога моманту войска з інстытуту абароны дзяржавы ператварылася ў орган перавыхаваньня? Бо для задачы перавыхаваньня ў краіне існуюць іншыя структуры. Ці людзей з злачыннымі схільнасьцямі ў Беларусі стала так шмат, што пэнітэнцыярная сыстэма не спраўляецца з сваёй задачай і трэба падключаць войска? І што здарыцца з тэрытарыяльнай абаронай, народным апалчэньнем, калі гэта ператворыцца ў адзін суцэльны «штрафбат»? І хто тады будзе абараняць беларусаў у выпадку вайны?
Калі паспрабаваць абагульніць, то гэта проста клясыка паліцэйскай дзяржавы. Ідэі ручнога кіраваньня, «жалезнай дысцыпліны», гвалту для вырашэньня сацыяльна-эканамічных праблем даведзеныя да лягічнага канца. У сталінскія часы зэкаў для перавыхаваньня («перакоўкі») выкарыстоўвалі на «вялікіх будоўлях сацыялізму» (Беламор-канал і інш.). У сёньняшняй Беларусі для гэтай мэты хочуць выкарыстоўваць вайсковыя зборы. Прагрэс, аднак.
Варта заўважыць, што апошнім часам Лукашэнка ўсё больш фантануе ідэямі, якія выглядаюць дзівоснымі, адарванымі ад рэальнасьці. Тут і будаўніцтва прафілякторыяў для цялят, стварэньне аграсэрвісаў у кожным райцэнтры, запрашэньне 150 тысяч пакістанцаў ці тысяч узбэкаў на працу ў Беларусь з заробкамі, вышэйшымі за звычайныя беларускія. І вось цяпер прызыў на зборы дрэнных работнікаў. Усё гэта яскравыя прыкметы позьняга аўтарытарызму.
Форум