700 даляраў, жыльлё і абед — такія ўмовы працы прапанавалі ў Беларусі рабочым з Узбэкістану, якіх запрасілі згодна з дамоўленасьцямі паміж беларускімі і ўзбэцкімі ўладамі. Пра гэта расказвае рабочы з Узбэкістану, які прыбыў у Беларусь. Дамагчыся такіх умоваў яму і ягоным землякам удалося не адразу.
13 ліпеня ў Беларусь прыехалі 250 працоўных мігрантаў. Ужо праз два дні ў сеціве распаўсюдзілася відэа, дзе іншаземныя работнікі выказвалі незадаволенасьць. Нібыта плаціць ім будуць толькі 500 даляраў, а пасьля выліку грошай за жыльлё і харчаваньне застаецца толькі 200 даляраў. Рабочыя з Узбэкістану прасілі забраць іх дадому.
Крыху пазьней зьявіўся яшчэ адзін ролік, дзе ўзбэцкія рабочыя казалі, што ўмовы апэратыўна палепшыліся, і прасілі выдаліць першае відэа. Яны называлі ўжо суму заробку ў 700 даляраў.
Афіцыйна паведамляецца, што паводле дамоўленасьці паміж уладамі Беларусі і Ўзбэкістану на 13 прадпрыемстваў Віцебскай і іншых вобласьцяў на конкурснай аснове працаўладкуюць 1100 чалавек, а ў Беларусі агулам будуць працаваць 5000 працоўных мігрантаў з Узбэкістану. 700 даляраў па курсе на канец ліпеня — гэта больш за 2000 рублёў. Глядзім, ці ёсьць наагул такія вакансіі зараз на Віцебшчыне і колькі там гатовыя плаціць беларусам.
13%
Цяпер у Віцебскай вобласьці афіцыйна 13 324 працоўныя вакансіі. Менавіта пра гэты рэгіён у зьвязку з тэмай працоўных мігрантаў казалі ўлады. З гэтых вакансіяў толькі 1765 з заробкамі 2000 рублёў і вышэйшымі.
Напрыклад, галоўнаму мэханіку на прадпрыемстве ў Воршы гатовыя плаціць 2500 рублёў, апэратару станкоў з праграмным кіраваньнем — ад 2000 рублёў, дырэктару на прадпрыемстве сельскай гаспадаркі абяцаюць да 3000.
Заробкі ад 2000 найчасьцей прапануюць ці то на кіраўнічых пасадах, ці то для высокакваліфікаваных супрацоўнікаў. Іншыя ж працоўныя месцы ў гэтым рэгіёне зь ніжэйшымі заробкамі. Прыбіральніку памяшканьняў прапануюць 1000 рублёў. Кіроўцу пагрузчыку гатовыя плаціць 1250, інжынэру-тэхнолягу — 1500.
Працоўных месцаў для іншаземцаў у агульнарэспубліканскім банку вакансіяў 13 024, сярод іх з заробкамі, вышэйшымі за 2000 рублёў, — толькі 2254, ці 17,3%.
Паводле заяваў беларускіх прапагандыстаў, рабочых з Узбэкістану ў Беларусі працаўладкоўваюць у сельскагаспадарчай і будаўнічай галінах. Канкрэтных прадпрыемстваў пры гэтым не называюць. На рэсурсах пошуку працы ў Беларусі можна знайсьці зьвесткі пра будаўнічыя кампаніі і жывёлагадоўчыя комплексы, якія зараз шукаюць супрацоўнікаў. Заробкі там прапаноўваюць пераважна значна ніжэйшыя за агучаныя ўзбэкамі 700 даляраў, а сярод абавязковых патрабаваньняў працадаўцы пачалі пазначаць упэўненае валоданьне расейскай мовай — ад «русского средне-продвинутого» да «русского в совершенстве».
«Мы гатовыя размаўляць толькі з самім кандыдатам, без пасярэднікаў, — расказалі Свабодзе суразмоўцы пад нумарам, пазначаным у адной з такіх абвестак. — Уся інфармацыя ўказаная. Умовы, заробак (1500 рублёў, без жыльля). Замежныя грамадзяне толькі з дазволам (на працу. — РС). Чалавек можа прыехаць — і будзем размаўляць».
Пад яшчэ адным нумарам патэнцыйны працадаўца адразу параіў кандыдату з грамадзянствам Узбэкістану зьвяртацца ў Віцебскі аблвыканкам.
«Гэта празь іх лепш, яны могуць дапамагчы (Камітэт у працы, занятасьці і сацыяльнай абароне насельніцтва. — РС), — паведаміў суразмоўца. — Мы шукаем супрацоўнікаў, так. Усё паводле працэдуры — абвестка, прымаем дакумэнты. Умовы ўказаныя (да 1250 рублёў. — РС). Больш прапанаваць ня можам. Зьвяртайцеся ў аблвыканкам, яны падкажуць».
Італія і Нямеччына
Беларускія і ўзбэцкія ўлады абяцаюць палегчыць працаўладкаваньне ўзбэцкіх грамадзян, адкрыўшы ў Віцебску прадстаўніцтва Агенцтва міграцыі Ўзбэкістану. Аднак зараз у Тэлеграм-канале гэтага агенцтва для грамадзян Узбэкістану рэклямуюць зусім не беларускія вакансіі, а працу ў краінах Эўразьвязу і нават у Японіі. І не за 700 даляраў.
Напрыклад, узбэцкім мэдыкам у Італіі прапануюць заробкі да 5000 эўра.
У Нямеччыну, як і на Віцебшчыну, запрашаюць кіроўцаў і будаўнікоў, там гатовыя плаціць да 2500 эўра пасьля сплаты падаткаў.
Кіроўцаў аўтобусаў з Узбэкістану запрашаюць на працу ў Японію, абяцаюць да 3000 даляраў заробку з улікам усіх бонусаў.
Вакансіі ў Беларусі Свабодзе таксама ўдалося там знайсьці, але яны датуюцца 2024 годам. Тады Агенцтва міграцыі Ўзбэкістану прапаноўвала працу на «Камволі» за 500–600 даляраў у месяц. Пра бясплатнае жыльлё не пісалі.
«На сэзонныя працы людзі едуць, каб прывезьці грошай»
На думку прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях эканомікі Алісы Рыжычэнкі, чакаць масавага прыезду працоўных мігрантаў з Узбэкістану ня варта, бо зь першай спробы стала зразумела, што абяцаньні разыходзяцца з рэчаіснасьцю.
«Мне здаецца, першы рэйс з больш як 200 узбэкамі паказаў на практыцы, як усё гэта будзе адбывацца. Людзі прыляцелі, ім, відаць, па нейкіх закрытых каналах паабяцалі заробак большы, чым яны могуць зарабіць у сябе на радзіме, і літаральна празь дзень-два яны ўжо папрасіліся дадому, адмовіўшыся працаваць. Бо фактычна заробак атрымаўся або такі ж, які яны могуць атрымаць у сябе на радзіме, або нават меншы. Гэта і ёсьць адказ на пытаньне, ці паедуць узбэкі ў Беларусь. Не, яны не паедуць», — тлумачыць эканамістка.
Яна таксама зьвяртае ўвагу на асаблівасьць сэзонных працаў для мігрантаў: людзі мусяць зарабіць істотную суму за сэзон, тады ім гэта цікава.
«Калі ты едзеш на такія сэзонныя працы, сутнасьць у тым, што ты можаш пажыць там у нейкіх ня вельмі добрых умовах 3–4 месяцы, але разумееш, што прывязеш дадому суму значна большую, чым можаш зарабіць у сябе на радзіме. Да таго ж гэта цяжкая фізычная праца, ты там у асноўным працуеш без выходных дзён. Фактычна адпрацоўваеш вахту, зарабляеш больш, чым можаш зарабіць у сябе на радзіме, і гэтыя грошы можаш прывезьці дадому», — кажа экспэртка.
На думку Рыжычэнкі, улады Беларусі ня змогуць разьвязаць кадравае пытаньне за кошт працоўных мігрантаў, бо асабліва няма чаго прапанаваць, асабліва высокакваліфікаваным спэцыялістам.
«Высокакваліфікаваныя спэцыялісты не паедуць у Беларусь празь нестабільную палітычную сытуацыю, небясьпеку, ну і самае галоўнае — брак годнага заробку. Можна часова закрыць нейкія дзіркі ў нізкакваліфікаваных спэцыяльнасьцях, такіх, як уборка, сельская гаспадарка і гэтак далей, але зноў жа мы бачым, што гэта не спрацоўвае, бо ніхто проста ня хоча ехаць на такі мінімальны заробак.
Ну і ня будзем забываць, што ў нас ёсьць вялікі канкурэнт у гэтай сытуацыі — гэта Расея, а таксама Ўкраіна, бо ў гэтых дзьвюх краінах праз маштабную мабілізацыю на працягу апошніх некалькіх гадоў і фактычную гібель працаздольнага насельніцтва, а таксама ад’езд вялікай колькасьці людзей дэфіцыт кадраў яшчэ большы, а заробкі лепшыя», — гаворыць эканамістка.
Улады Беларусі рэгулярна спрабуюць разьвязаць праблему дэфіцыту кадраў за кошт працоўных мігрантаў. Напрыклад, у красавіку 2025 году Лукашэнка клікаў у Беларусь на працу 150 000 пакістанцаў. Аднак у 2026-м выявілася, што іх у краіне толькі 324.
Сёлета 9 ліпеня Лукашэнка запрасіў мігрантаў з Узбэкістану ў Беларусь падчас сустрэчы з прэзыдэнтам гэтай краіны Шаўкатам Мірзіёевым.
На 1 ліпеня ў Беларусі працавалі 35 000 іншаземцаў. Згодна з банкам вакансіяў, цяпер у Беларусі не стае 132 209 працаўнікоў. Для мігрантаў дасяжныя больш за 13 000 вакансіяў.
Форум