Пра тое, што скаржнікам хутка зьмянілі ўмовы паведаміла супрацоўніца агенцтва міграцыі пры Кабінэце міністраў Узбэкістану ў камэнтары выданьню «Люстэрка».
13 ліпеня ў Беларусь прыбылі 255 жыхароў Андыжанскай вобласьці Ўзбэкістану, каб працаваць у сфэры сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі. 15 ліпеня ў інтэрнэце імкліва набыў папулярнасьць відэаролік, у якіх мужчыны скардзіліся на нізкі заробак і кепскія ўмовы.
Прадстаўніца агенцтва міграцыі кажа, што пасьля скаргаў у сацыяльных сетках адбылася праверка, ці выконваюць працадаўцы ўмовы працоўных дамоваў:
«Для грамадзян, умовы працы якіх не адпавядалі абавязкам у дамове, прынялі патрэбныя захады, разам з іх пераводам да іншых працадаўцаў, якія забясьпечваюць прадугледжаныя дамоваю ўмовы працы і ўзровень аплаты».
Наконт брудных пакояў, на якія скардзіліся прыежджыя, чыноўніца адказала ляканічна: «Ужо перавялі. Ня ўсе працадаўцы аднолькавыя».
Пры гэтым прапаганда ў Беларусі сьпяшаецца расказаць, што ўмовы для ўзбэкаў стварылі цудоўныя. У відэасюжэце наваполацкага дзяржаўнага каналу «Зьвязда» можна бачыць, што мігрантаў засялілі ў інтэрнат заводу «Палімір». Яны хваляць умовы, у якіх апынуліся.
Адзін з мужчынаў кажа, што яны дамовіліся на заробак у 850 даляраў пры двух выходных.
«Калі працаваць у суботу і нядзелю, будзе больш, у раёне тысячы. Цяпер працадаўца вывез нас і купіў сім-карткі. Далі жыльлё, тры разы на дзень ямо ў сталоўцы», — падзяліўся ён.
Іншы ўзбэк сказаў у запісаным відэа, што за рабочымі «нават замацавалі таксі».
На сайце прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева, які нядаўна сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, гаворыцца пра тое, што працу ў Беларусі атрымаюць каля 5 тысяч грамадзянаў Узбэкістану.
Са словаў чыноўніцы вядома, што работнікаў чакаюць у галінах жывёлагадоўлі, лясной гаспадаркі, вытворчасьці малочнай і мясной прадукцыі і будаўніцтва. Сярод вакансій таксама трактарыст, машыніст экскаватара, цясьляр, арматурнік і электрагазазварнік.
Чаму гэта важна
Беларусь сутыкаецца з вострым дэфіцытам кадраў. Банк вакансій налічвае дзясяткі тысяч прапаноў, асабліва ў прамысловасьці, будаўніцтве і мэдыцыне.
Гэта выклікана дэмаграфічнай сытуацыяй і міграцыяй беларусаў за межы краіны, як працоўнай, гэтак і палітычнай. Сотні тысяч беларусаў вымушаныя былі ўцячы ад перасьледу паводле палітычных прычын.
У выніку Лукашэнка прапаноўвае займаць працоўныя месцы мігрантам з азіяцкіх краін.
У ліпені ў Беларусь прыбыла першая група з 255 жыхароў Узбэкістану, якія выказалі жаданьне працаваць у Беларусі.
Але ўжо 15 ліпеня ў сацыяльных сетках апублікавалі відэазварот ад узбэкаў з крытыкай умоваў. Ім прапанавалі па 500 даляраў і вельмі сьціплыя ўмовы пражываньня. На гэта ўзбэкі не пагадзіліся.
Форум