Беларусь прадае ўсё больш цукру ў Расею. Кожны месяц гэта каля 30 тысяч тонаў ці каля 360 тысяч тонаў з пачатку году. Такія ацэнкі прыводзіць расейскі тэматычны партал sugar.ru.
Гэта рэкордныя аб’ёмы экспарту беларускага цукру ў Расею. Блізкія аб’ёмы былі ў 2018/19 і ў 2024/25 гадах — каля 250 тысяч тонаў.
У Расеі пры гэтым цэны на цукар растуць. Згодна з афіцыйнай расейскай статыстыкай, гэты прадукт падаражэў на 17,3% з пачатку году. Экспэрты называюць сярод прычын падаражэньне сыравіны, угнаеньняў і лягістычных паслуг. Найперш растуць экспартныя цэны, а за імі цэны ў крамах.
Цяпер кіляграм цукру ў краме ў Расеі каштуе ў сярэднім 2,73 беларускага рубля (75 расейскіх). У Беларусі, да прыкладу, ён даражэйшы. Кіляграм у е-дастаўцы можна купіць за 2,89 рубля.
З пачатку году гэты прадукт у Беларусі падаражэў на 2 капейкі, ці на 0,7%. За год рост склаў 5,2%.
Колькі цукру Беларусь вырабляе і колькі можа прадаць
За год Беларусь можа вырабіць крыху больш за 700 тысяч тонаў цукру. Прынамсі, пра такі аб’ём вытворчасьці гаварыў намесьнік прэм’ера Беларусі Юры Шулейка летась.
Тады ж Шулейка сказаў, што Беларусь можа прадаць за мяжу 300 тысяч тонаў гэтага прадукту. А ўжо цяпер, згодна з падлікамі расейскіх экспэртаў, прадалі больш.
У мінулыя гады Беларусь экспартавала цукар у розных колькасьцях. Напрыклад, у 2021 годзе — 112,9 тысяч тонаў. Гэта апошняя даступная статыстыка ад Белстату, пасьля яе перасталі публікаваць. Асноўнымі пакупнікамі былі Расея, Казахстан і Кітай. Рэкордным быў 2020 год, тады Беларусь прадала за мяжу 445,2 тысячы тонаў цукру. Асноўнымі пакупнікамі былі таксама Расея, Казахстан, Кітай, а яшчэ Ўзбэкістан. Цяпер Беларусь таксама прадае цукар ня толькі ў Расею, але і ў іншыя краіны-партнэры.
Беларускаму ўнутранаму рынку трэба каля 330–360 тысяч тонаў цукру на год. Калі ўлічыць прададзенае ў Расею, то аб’ём гадавой вытворчасьці ўжо вычарпаны. Аднак Беларусь яшчэ трымае гатовую прадукцыю на складах. Колькі там цяпер цукру — афіцыйная статыстыка не паведамляе. Улетку 2022 году чыноўнікі называлі аб’ём складзкіх запасаў у 111 тысяч тонаў цукру.
Акурат тады на паліцах беларускіх крамаў былі перабоі з цукрам. Беларусь таксама часам закупляе цукар. Напрыклад, у 2020 годзе купілі 43,9 тысячы тонаў, а ў 2021 — 2,1 тысячы.
Ці хопіць цукру ўнутры Беларусі
Хутчэй за ўсё, дзяржава будзе кантраляваць абё’мы паставак цукру ў іншыя краіны, каб не дапусьціць ягонага дэфіцыту на ўнутраным рынку. Пра гэта кажа старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.
«Хутчэй за ўсё, будзе падключаны жорсткі дзяржаўны кантроль, мэханізм, пры якім дзяржава кантралюе і рэгулюе аб’ёмы паставак на экспарт. Мы ня можам дакладна ведаць, як пастановяць дзяржаўныя структуры, але, хутчэй за ўсё, яны ня будуць шкодзіць унутранаму рынку. Тое ж самае мы назіралі і з бэнзінам. Беларусь павялічыла пастаўкі бэнзіну, але пры гэтым сытуацыя на ўнутраным рынку заставалася стабільнай», — мяркуе экспэртка.
Што да цэнаў на цукар для беларускага спажыўца, то калі яны і вырастуць, то нязначна, мяркуе суразмоўца.
«Магчымы пэўны рост цэнаў, зьвязаны з ростам выдаткаў на вытворчасьць цукровых заводаў. Аднак рэзкі скачок цэнаў наўрад ці магчымы. Гэта для беларускай дзяржавы сацыяльна значны тавар, цэны на які рэгулюе дзяржава. То бок самавольна гэтага зрабіць ня могуць ані крамы, ані вытворцы», — падсумоўвае эканамістка.
Цукар уваходзіць у пералік тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава адпаведна пастанове ўраду.
Беларусі не спатрэбіцца пакрываць дэфіцыт цукру ў Расеі, бо там хапае свайго прадукту, мяркуе расейскі эканаміст, кандыдат навук Мікалай Кульбака. А пастаўкі растуць, бо ў некаторыя рэгіёны цукар зь Беларусі пастаўляць лягістычна зручней і таньней, чым везьці яго зь іншых рэгіёнаў Расеі.
«Імпарт цукру зь Беларусі быў заўсёды, і ў гэтым выпадку імпарт, вядома ж, пакрывае лягістычныя праблемы. То бок, скажам, на нейкую тэрыторыю, суседнюю зь Беларусьсю, выгадней везьці зь Беларусі, чым перавозіць праз усю Расею. Ці гаварыць пра тое, што прынцыпова можна значна павялічыць імпарт зь Беларусі, — я сумняваюся. Расея, у прынцыпе, сама адпраўляе на экспарт даволі вялікія абʼёмы цукру», — заўважае экспэрт.
У чэрвені, згодна зь Белстатам, спажывецкія тавары ў Беларусі падаражэлі на 4,3% у параўнаньні з чэрвенем мінулага году. Харчовыя тавары вырасьлі ў цане на 3,4%, нехарчовыя — на 2,1%. Найбольш падаражэлі паслугі — на 8,8%.
Форум