Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смак настальгіі. Як сям’я беларусаў не знайшла за мяжой зэфіру і пачала рабіць і прадаваць уласны

Зэфір, які робяць Анатоль і Маргарыта Глембоцкія
Зэфір, які робяць Анатоль і Маргарыта Глембоцкія

Расказваем гісторыю сям’і беларусаў Анатоля і Маргарыты, якім бракавала ў эміграцыі беларускага зэфіру — і яны зрабілі яго самі і прадаюць іншым.

Сужэнцы Анатоль і Маргарыта Глямбоцкія ўжо некалькі гадоў жывуць у польскім Познані. Абаім менш за 30 гадоў, настаўнікі з адукацыі. У эміграцыі ім не хапала беларускага зэфіру, які нельга купіць у Польшчы. І яны зрабілі яго самі. Свабода пагаварыла з Анатолем Глямбоцкім пра іхную сямейную справу.

Маргарыта захапляецца кулінарыяй, расказвае Анатоль. Яна вырашыла паспрабаваць прыгатаваць уласны зэфір, яшчэ калі пáра жыла ў Беларусі. Вучылася гэтаму онлайн, пераглядала розныя кулінарныя відэа. Аднак прысмак не атрымліваўся.

«Я кажу: „Можа, кінь гэтую справу“. Мы яшчэ жылі ў Беларусі і можна было купіць зэфір», — успамінае Анатоль.

Маргарыта Глямбоцкая
Маргарыта Глямбоцкая

У Польшчы пайсьці ў краму і купіць звычайныя для беларусаў слодычы часта немагчыма, таму Маргарыта аднавіла спробы стварыць хатні зэфір. Прыкладна дзесяць першых партыяў давялося выкінуць.

«Гэта вельмі тонкі, складаны момант, каб зэфір стаў зэфірам, каб ён застыў у патрэбнай кансыстэнцыі. А ён заўсёды расплываўся, і не выходзіла гэтай пульхнай формы», — тлумачыць Анатоль.

Але аднойчы ў Маргарыты атрымаўся «сапраўдны зэфір», як сьцьвердзіў муж і першы дэгустатар. А потым яшчэ раз і яшчэ. Пáра вырашыла зрабіць прыгожы пакунак і прадаваць свае салодкія вырабы. Прыдумалі зэфіру назву «Познанскі пацалунак». Выбіраць брэнд дапамагалі сябры. У нэймінгавым спаборніцтве «пацалункі» абышлі чыста беларускія «буські». Такі прадукт, мяркуе Анатоль, добра пасуе Дню закаханых. Але назву распрацоўвалі незалежна ад датаў. Онлайн-крама, дзе сужэнцы прадаюць зэфір, называецца «Беларускі калярыт».

Зэфір, які робяць Глямбоцкія
Зэфір, які робяць Глямбоцкія

Шляхам мноства экспэрымэнтаў на кухні распрацавалі некалькі гатункаў з выразным смакам — белы зэфір, «самы звычайны», зь яблыкаў; малінавы — у яго дадаюць сапраўдную маліну; і зэфір у шакалядзе. Апошняму трэба было вучыцца асобна, бо шакаляд мае застываць пры пэўнай тэмпэратуры ў памяшканьні. У сьпёку для яго ўключалі кандыцыянэр. Познанскі зэфір у параўнаньні з фабрычным беларускім менш салодкі, адзначае суразмоўца.

«З бананаў не спрабуйце гатаваць», — папярэджвае з усьмешкай Анатоль, атрымаецца абы-што.

Дагэтуль зэфір можа засваволіць і не займець патрэбнай кансыстэнцыі, хаця Маргарыта робіць яго ўжо некалькі гадоў.

«Ён бывае макрэйшы, бывае цьвярдзейшы, бывае, што зусім партыя выкідваецца, бо якасьць і вынік залежаць шмат ад чаго. Хвіліну міксэр перабіў залішне — і ўсё, гэта ўжо ня тое», — тлумачыць суразмоўца.

Сыравіну для слодычаў беларусы набываюць у бліжэйшых да іхнага дому крамах. Самы праблемны інгрэдыент — кіслыя яблыкі, бо менавіта яны патрэбныя для добрага зэфіру, там шмат пэктыну, дзеліцца сакрэтам Анатоль.

Цукеркі і шакалядная каўбаса

Пара вырабляе ня толькі зэфір. Яны вывелі свой рэцэпт вялікіх шакалядных цукерак з вафляй, павідлам і арэшкамі, падобных да «камунаркаўскіх» цукерак з вожыкам ці конікам на абгортцы. Іхныя цукеркі называюцца «Антонаўка», хоць антонаўкі ў складзе няма, усьміхаецца Анатоль.

«Доўга гэта выходзіла, бо няма рэцэпту. Мы заходзілі на сайты гэтых цукерак і чыталі склад: яблыкі, аўсянка, арэх, вафля, шакаляд і хімічныя інгрэдыенты. Доўга мучыліся з гэтай кансыстэнцыяй», — расказвае Анатоль.

Цукеркі "Антонаўка"
Цукеркі "Антонаўка"

Ён адзначае, што бралі толькі частку складнікаў фабрычных цукерак, бяз «хіміі». Прапорцыі і рэцэпты беларускія вытворцы ня пішуць, таму Маргарыта зноў шмат экспэрымэнтавала з прыгатаваньнем. Анатоль прызнаецца, што яны так і не разгадалі фабрычны сакрэт — як захоўваць вафлю ў павідле хрумсткай. Яна ў іхнай цукерцы выходзіць мяккай.

Яшчэ адзін прадукт брэнду «Белкалярыт» — шакалядная каўбаса. Гэты прысмак у пары Глямбоцкіх таксама асацыюецца зь Беларусьсю. Неяк у Польшчы іх пачаставалі шакаляднай каўбасой — і ўзьнікла настальгія. Зрабіць каўбасу ўдалося зь першага разу. Яны кладуць у яе фундук.

Шаклядная каўбаса ад Глямбоцкіх
Шаклядная каўбаса ад Глямбоцкіх

Прадукт, які атрымалася зрабіць, але які не пайшоў у продаж, — мармэляд. Бо смачны мармэляд атрымліваецца зь ягад, якія самі па сабе дорага каштуюць. Пры гатаваньні яны моцна ўварваюцца. Сабекошт пачку мармэляду — 20 злотых. Пусьціць яго ў продаж па 30–35 злотых будзе нерэнтабэльна, бо ў польскіх крамах розны мармэляд каштуе ў разы таньней.

Аб’ёмы салодкай вытворчасьці познанскіх беларусаў пакуль не гуртовыя і, магчыма, ніколі ня выйдуць на прамысловы ўзровень, адзначае Анатоль. Замоваў у іх няшмат. Большыя партыі сям’я робіць на фэсты. Аднак і там складана прадугледзець, колькі пакункаў падрыхтаваць, каб хапіла ўсім ахвочым і каб няшмат рэштак засталося. Зэфір застаецца сьвежым каля двух-трох тыдняў. Лепш захоўваецца той, што ў шакалядзе.

Прысмакі, якія ўжо доўга паляжалі і якія не аддаюць на продаж, дастаюцца Анатолю. Ён прызнаецца, што часам ужо ня можа на іх глядзець, асабліва на зэфір, бо за сваё эмігранцкае жыцьцё зьеў яго шмат.

Выгада каля нуля

Самі слодычы робіць Маргарыта, а ўпакоўкай і распаўсюдам займаецца Анатоль. Раней яны замаўлялі скрынкі на кітайскіх маркетплэйсах. Аднак нядаўна тыя паднялі мытны збор і цяпер купляць іхную ўпакоўку нявыгадна. Пакунак з васьмі белых зэфірак каштаваў 35 злотых (каля 26 рублёў), а скрынка — 6–7 злотых, параўноўвае суразмоўца.

«Калі ў падарунак, то ўпакоўка важная. Але калі ўпакоўка займае 10–15% ад цаны, лепш больш пакласьці зэфіру на гэтыя грошы», — разважае беларус.

Упакоўка зэфіру "Познаньскі пацалунак"
Упакоўка зэфіру "Познаньскі пацалунак"

Адна цукерка «Антонаўка» каштуе 12 злотых (каля 9 беларускіх рублёў). Але цана нізкая ў параўнаньні з высілкамі, якія пайшлі на яе, мяркуе вытворца.

«Яна робіцца складана. Гэта яблыкі ў вафлю, пасьля пакрыць шакалядам асобна кожную цукерку, запакаваць. І пасьля мы атрымліваем 5 злотых з цукерачкі. Разумеючы, колькі часу траціцца на гэтую цукерку, думаецца: „Ай“», — прызнаецца Анатоль.

Асаблівага прыбытку салодкая справа сям’і не прыносіць.

«Мы круцімся каля нуля. Часам у добры мінус ідзем, калі хочам нешта новае пачаць, купляем новае абсталяваньне, новыя прадукты. І пасьля гэтага выкідаем, бо не ўдаецца», — расказвае пра прыбытак ад салодкага бізнэсу вытворца.

Маргарыта і Анатоль Глямбоцкія прадаюць беларускія слодычы ўласнай вытворчасці
Маргарыта і Анатоль Глямбоцкія прадаюць беларускія слодычы ўласнай вытворчасці

Анатоль заўважае, што беларускі зэфір каштуе значна таньней, чым іхны хатні. Таму яшчэ больш завышаць цэны яны ня могуць сабе дазволіць. Іхны прадукт дае 40–50% прыбытку.

«Мы такія сьціплыя беларусы. Стараемся як мага таньней выставіць цану на зэфір і астатняе, бо нам самім ці то сорамна, ці то няёмка, бо збольшага ў нас купляюць сябры, знаёмыя», — дзеліцца ён.

Вытворца расказвае, што іх падтрымліваюць сябры.

«Нам сябры тлумачаць: „Вы што? Гэта ручная работа. Паглядзіце, колькі вы працуеце і колькі з гэтага зарабляеце“. Мы гэта разумеем. Калі нам кажуць, што ўсё ж такі дорага, то гэта балюча б’е. Хоцб гэта робяць адзінкі», — кажа ён.

Аднак беларус падкрэсьлівае: яны з жонкай прадаюць ня склад слодычаў, але настальгію. Таму галоўныя іхныя пакупнікі — беларусы, асабліва з Познаня, часам цікавяцца і палякі. Здаралася, што познанскі зэфір перадавалі ў Беларусь, каб блізкія пакаштавалі там польскі аналяг, зьдзіўляе Анатоль.

Зэфір "Познаньскі пацалунак"
Зэфір "Познаньскі пацалунак"

Палякі іхныя слодычы пакуль не рассмакавалі. Яны шукаюць, да чаго знаёмага ім падобны смак зэфіру — да цукерак «птушынае малако» або бэзы — яечнага дэсэрту. Аднак ня маюць сантымэнтаў да беларускіх слодычаў з часоў дзяцінства і не разумеюць, навошта ім пераплачваць за гэтыя салодкія галкі, калі нешта падобнае можна купіць таньней у звычайнай сеткавай краме.

Шакалядную каўбасу аказалася складана прадаць палякам з прычыны яе назвы. У іх падобны прадукт часоў Польскай Народнай Рэспублікі з 1952 па 1989 гады называўся blok czekoladowy («шакалядны блёк»). Калі ім нагадаць гэтую назву, дзіцячыя ўспаміны прыходзяць хутчэй. Беларускі варыянт назвы ў іх выклікае зьдзіўленьне, тлумачыць Анатоль. Аналягаў вялікіх цукерак кшталту «Коніка» у Польшчы ўвогуле няма. Таму «Беларускі калярыт» пакуль не імкнецца выходзіць на польскі рынак, а засяроджваецца на беларусах як асноўных кліентах.

Маргарыта і Анатоль Глямбоцкія
Маргарыта і Анатоль Глямбоцкія

У месяц на ўсіх прадуктах крамы «Беларускі калярыт» (акрамя вырабу слодычаў, яны выпускаюць майкі) сям’я зарабляе 600–700 злотых (450–500 беларускіх рублёў) у месяц, расказвае Анатоль.

Утрымлівае сябе пáра зь іншай працы. Яны раней кепска валодалі польскай мовай і таму браліся перадусім за фізычную працу. Анатоль спачатку ў Польшчы «зьмяняў склады-заводы», цяпер працуе кур’ерам. Маргарыта раней прыбірала памяшканьні, цяпер працуе ў арганізацыі, якая дапамагае мігрантам у Польшчы, расказвае суразмоўца.

Анатоль прызнаецца, што ня верыць, што некалі іхная маленькая салодкая справа пачне ім прыносіць даход, за які яны змогуць сябе ўтрымліваць у Польшчы.

«Добра, што рабіць зэфір пакуль яшчэ не перагарэла», — падсумоўвае Анатоль.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG