У Беларусі абмяркоўваюць зьніжэньне прахадных балаў для будучых мэдыкаў, якія сёлета паступілі. Напрыклад, на пэдыятрычным факультэце Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту прахадны бал на бюджэт зьнізіўся на 49 балаў: быў летась 368, а стаў 319. Гэта папярэднія зьвесткі, сёлетні прахадны вылічалі згодна з маніторынгам падачы заяваў у ВНУ, унівэрсытэты прахадныя балы яшчэ не публікавалі, за рэдкім выключэньнем. Чыноўнікі кажуць, што ніжэйшы бал, бо набор большы, але на гэтым факультэце набор павялічылі нязначна: з 220 чалавек да 230.
На мэдыка-прафіляктычным факультэце гэтай ВНУ прахадны склаў 273 балы з 400 магчымых, а летась быў на 60 балаў большы – 334. На гэты факультэт набор не павялічвалі, а наадварот – зьменшылі. Летась набіралі 100 чалавек, цяпер толькі 60.
На фармацэўтычным факультэце прахадны наагул зьменшыўся на 98 балаў: быў 381, а стаў 283, набор тут павялічылі з 80 да 130 чалавек. Платны прыём у гэтую ВНУ скарацілі амаль цалкам — з 95 чалавек на платным летась да 30 сёлета, прычым пакінулі толькі завочнікаў.
У Віцебскім мэдычным унівэрсытэце за дзень да сканчэньня прыёму быў недабор на ўсе спэцыяльнасьці, не было зразумела, ці набяруць студэнтаў наагул. У выніку конкурс на ўсе спэцыяльнасьці ўсё ж склаўся. Аднак зьнізіліся і прахадныя балы. Так, на фармацэўтычным факультэце, згодна зь лічбамі маніторынгу, падзеньне склала больш за 100 балаў. На іншых факультэтах – менш, але балы ўсё адно зьнізіліся.
Адбылося зьніжэньне прахадных балаў і ў мэдычным унівэрсытэце ў Горадні, калі абапірацца на маніторынг падачы заяваў і падлічыць прахадныя балы. На пэдыятрычным факультэце, напрыклад, падзеньне склала больш за сто балаў.
Намесьнік міністра адукацыі Барыс Андрасюк патлумачыў зьмяншэньне прахадных балаў павелічэньнем бюджэтнага набору, а таксама адзначыў высокія балы ў мэтавікаў.
«Мы больш як на 700 месцаў павялічылі колькасьць бюджэтных месцаў, гэта значыць, што мы даём хлопцам і дзяўчатам рэальны шанец стаць мэдыкамі. Сёлета на мэтавую форму паступленьня ішлі абітурыенты зь вельмі высокімі баламі», – сказаў у этэры СТБ намесьнік міністра адукацыі Барыс Андрасюк.
Мэтавае навучаньне — гэта калі абітурыент паступае з накіраваньнем ад нейкай дзяржаўнай арганізацыі па асобным конкурсе, але мусіць пасьля адпрацоўваць не 2 гады, а 5. Такую форму набору сёлета павялічылі да 6,3 тысячы месцаў, летась было 5,3 тысячы.
«Упершыню мэдычныя ВНУ радуюцца, што склаўся конкурс»
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту доктар Станіслаў Салавей мяркуе, што падзеньне прахадных балаў у мэдычных ВНУ зьвязана з павелічэньнем мэтавага набору, то бок абітурыенты праз гэта ня мелі плянаў ісьці вучыцца на мэдыкаў.
«Былі прыклады, калі балы паніжалі і раней, але не на 100 пунктаў адразу. Ня памятаю гісторыі, калі месцы запаўняліся за дзень да заканчэньня кампаніі. Упершыню мэдычны ўнівэрсытэт радуецца, што ў яго склаўся конкурс, і гэта Віцебскі ўнівэрсытэт, які быў прэстыжны. Аснова таго, што цяпер адбылося, заклалася, калі павялічылі колькасьць мэтавага набору, калі пужалі пяцігадовымі адпрацоўкамі. Плюс шмат хто зьехаў і зьяжджае з краіны, таксама становіцца менш выпускнікоў школ», – падсумоўвае лекар.
Ня надта высокія балы пры паступленьні студэнтаў ня моцна ўплываюць на іх якасьць як лекараў пасьля выпуску, дадае Салавей.
«Мэдычная адукацыя мала базуецца на мінулых ведах. Ты ўсё вучыш ад нуля. Калі ты ўпарты, але ня меў добрых балаў, ты будзеш на высокім узроўні. Гэта спэцыфічная галіна. Праблема ў іншым — што будзе далей. Сыстэма, збудаваная ў мэдыцыне ў Беларусі, можа існаваць толькі тады, калі прыходзяць новыя людзі, маладая кроў. Калі гэтага няма, то сыстэма забуксуе. Яны спрабуюць утрымаць кадры пяцігадовай адпрацоўкай, але гэта толькі адтэрмінуе ад’езд. Калі на заробак лекара немагчыма зьняць жыльлё, то якія пернікі тут ні прыдумвай – не дапаможа», – зазначае доктар.
А што ў іншых ВНУ
Праблемы з колькасьцю абітурыентаў адчулі сёлета ня толькі ў мэдычных ВНУ.
Напрыклад, у БДУ на час завяршэньня падачы заяваў абітурыентаў не ставала на спэцыяльнасьці «экалёгія» Інстытуту імя Сахарава (5 чалавек), «біялёгія» (3 чалавекі), «матэматыка» (2 чалавекі). Так вынікае з маніторынгу падачы заяваў у гэтую ВНУ, аднак месцы маглі прапанаваць абітурыентам іншых спэцыяльнасьцяў, якія не праходзілі ў сваім конкурсе. Канчатковыя прахадныя балы і сьпісы залічаных у гэтай ВНУ не публікавалі. Найбольшыя прахадныя балы традыцыйна будуць на факультэце міжнародных адносінаў, на спэцыяльнасьці «міжнародныя адносіны» 7 чалавек маюць балы 396 і вышэйшыя. На спэцыяльнасьці «графічны дызайн і мультымэдыядызайн» конкурс стаў адным з найбольшых – 11,9 чалавек на месца без уліку мэтавікаў.
У БНТУ апублікавалі сёлетнія прахадныя балы, згодна з гэтай інфармацыяй, студэнтаў набралі на ўсе спэцыяльнасьці, прычым недзе ўзялі ўсіх (конкурс 1 чалавек на месца). Найніжэйшы прахадны быў на мэханіка-матэматычным факультэце, спэцыяльнасьць «машыны і тэхналёгія ліцейнай вытворчасьці», а найвышэйшы – 380 балаў — склаўся на спэцыяльнасьць «робататэхнічныя сыстэмы».
Будучых пэдагогаў у БДПУ імя Максіма Танка набралі на ўсе спэцыяльнасьці. Папулярным сёлета стаў гістарычны факультэт, туды падавалі дакумэнты з 370 баламі з 400 магчымых. А набор на некаторыя спэцыяльнасьці закрылі толькі дзякуючы мэтавікам. Напрыклад, на на 25 месцаў спэцыяльнасьці „фізыка-матэматычная адукацыя“ падалі заявы толькі 14 абітурыентаў, але былі яшчэ 14 мэтавікаў.
«Прыхоўваньне інфармацыі»
Андрэй Лаўрухін, намесьнік прадстаўніка ў нацыянальным адраджэньні ў галіне адукацыі і навукі Аб’яднанага пераходнага кабінэту, зьвяртае ўвагу на закрытасьць сёлетняй уступнай кампаніі. Зьвесткі аб падачы заяваў абітурыентамі пасьля сканчэньня прыёму адразу зьнікаюць з сайтаў ВНУ, прахадныя балы апублікавалі адзінкавыя ўнівэрсытэты, многія не публікуюць у адкрытым доступе прозьвішчы залічаных. Мінулымі гадамі ўнівэрсытэты пакідалі гэтыя дадзеныя адкрытымі.
Дзяржава вырашыла павялічваць кольскасьць бюджэтных месцаў і плянавы набор, каб часова ня мець галаўнога болю з кадрамі, мяркуе суразмоўца.
«Дзяржава ўсё больш імкнецца кіраваць працэсам разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ, каб задавальняць патрэбы эканомікі. Мэтавікаў можна трымаць на разьмеркаваных месцах да 5 гадоў. Спадзяюцца, што людзі абзавядуцца сем’ямі і там застануцца. Як мінімум чыноўнікі хочуць выдыхнуць, бо забясьпечылі кадравыя патрэбы хаця б на 5 гадоў», – мяркуе суразмоўца.
Сёлета самыя масавыя наборы плянавалі на спэцыяльнасьці:
- Інжынэры – 7,7 тысячы (23,3%)
- Пэдагогі – 3,9 тысячы (11,8%)
- Мэдыкі – 3,7 тысячы (11,2%)
- Аграрыі – 3,1 тысячы (9,4%)
Андрэй Лаўрухін кажа, што лічбы сьведчаць пра недахоп кадраў менавіта ў гэтых галінах эканомікі.
«Як з пачатку 2020-х гадоў гэтыя спэцыяльнасьці былі ў прыярытэце дзяржавы, так і застаюцца. Гэта значыць, праблема не вырашаецца. Проста рабіць вялікія выпускі гэтых спэцыялістаў недастаткова, яны пакідаюць прафэсію. Тады вырашылі іх прывязваць даўжэйшай адпрацоўкай шляхам мэтавага набору, але праблема ўсё адно застаецца. А прыярытэтныя ў абітурыентаў па-ранейшаму спэцыяльнасьці «міжнародная эканоміка» і «графічны дызайн і мультымэдыядызайн». Нягледзячы на зьмены ў палітычнай каньюнктуры, гэтыя спэцыяльнасьці ў прыярытэце ў таленавітых абітурыентаў», – канстатуе суразмоўца.
Форум