Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіі супраць ЭГУ працягваюцца. Узгадваем, хто з праўладных актывістаў у розны час быў зьвязаны з гэтым унівэрсытэтам

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Колішнія і былыя студэнты і выкладчыкі ЭГУ трапілі ў Беларусі пад рэпрэсіі, бо яго прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». Сілавікі зацікавіліся нават тымі, хто вучыўся там 10 гадоў таму. Аднак сярод дзеячоў, некалі зьвязаных з гэтай ВНУ, ёсьць і блізкія да ўладаў пэрсанажы. Расказваем пра іх.

14 красавіка сёлета Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ), які працуе ў Вільні, «экстрэмісцкай арганізацыяй». Суд забараніў дзейнасьць ЭГУ, а таксама выкарыстаньне ягонай сымболікі і атрыбутыкі ў Беларусі.

Праз гэта з пачатку чэрвеня ў Беларусі ўлады разгарнулі маштабную хвалю перасьледу, зьвязаную з унівэрсытэтам. Праваабаронцам на гэты момант вядома пра больш за 60 ператрусаў у дамах студэнтаў, выпускнікоў, а таксама іхных родных.

Паводле інфармацыі Свабоды, фактаў ціску можа быць значна больш, колькасьць фігурантаў крымінальнай справы і ператрусаў павялічваецца. Родныя цяперашніх і былых студэнтаў унівэрсытэту на ўмовах ананімнасьці расказваюць, што супраць іх заводзяць крымінальныя справы за факт аплаты вучобы ў ЭГУ. Вядома, што заводзілі справу, нават калі такая аплата адбывалася 10 гадоў таму. Сілавікі прыходзяць і да бацькоў былых студэнтаў, якія даўно жывуць за мяжой, і абвінавачваюць іх у аплаце навучаньня дзяцей.

Свабодзе таксама вядома пра выпадкі, калі ў былых выпускнікоў ЭГУ, якія зараз жывуць у Беларусі, пры ператрусах забіралі дыплёмы аб сканчэньні гэтага ўнівэрсытэту. Сілавікі прыходзяць і да тых беларусаў, якія калісьці выкладалі ў ЭГУ. У тым ліку да тых, хто не працаваў там стала, а прыяжджаў у Вільню зь Менску, каб правесьці кароткі курс зь некалькіх лекцыяў.

Галоўны корпус ЭГУ у Старым горадзе Вільні
Галоўны корпус ЭГУ у Старым горадзе Вільні

Паводле інфармацыі Свабоды, за апошнія 10 гадоў праз адукацыйныя праграмы і навучаньне ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце прайшлі каля 5000 грамадзян Беларусі. Усе яны могуць трапіць зараз пад перасьлед уладаў. На гэты момант няма інфармацыі аб затрыманьнях і арыштах, зьвязаных з гэтай справай. У вядомых праваабаронцам выпадках сілавікі абмяжоўваюцца ператрусамі і допытамі.

Дакладна невядома таксама, зь якога моманту пачынаецца дзеяньне «справы ЭГУ». Заснаваны ў 1992 годзе як прыватная ВНУ ў Менску, унівэрсытэт працаваў у Беларусі да 2004 году. Кады ўлады закрылі ўстанову, яна пераехала ў Вільню, дзе працягвае дзейнасьць па сёньня. Пры гэтым сярод асобаў, зьвязаных з ЭГУ ў розныя часы, ёсьць праўладныя дзеячы і актыўныя прыхільнікі Лукашэнкі. Прыгадваем некаторых зь іх.

«Менская эпоха»

Як расказалі Свабодзе былыя студэнты і выкладчыкі ЭГУ, быў кароткі пэрыяд, калі ганарыцца сваёй датычнасьцю да гэтай ВНУ было бясьпечна нават для чыноўнікаў. Напрыклад, у 2000 годзе ЭГУ наведваў тагачасны міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў. Ён фатаграфаваўся з выпускнікамі факультэту права, пра што сьведчыць сайт ЭГУ.

Міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў (шосты справа) з выпускнікамі Эўрапейскага гуманітарнага універсітэта. 2000 год, фота з сайта ЭГУ
Міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў (шосты справа) з выпускнікамі Эўрапейскага гуманітарнага універсітэта. 2000 год, фота з сайта ЭГУ

Выкладчыкі ЭГУ зь вялікім стажам таксама ўзгадваюць, што да пераезду ў Літву з унівэрсытэтам пэўны час была зьвязаная цяперашняя намесьніца прэм’ер-міністра Беларусі Натальля Пяткевіч. Знайсьці пацьверджаньня гэтаму ў адкрытых крыніцах нам не ўдалося.

На дзень народзінаў унівэрсытэту ў 2002 годзе яго наведаў мітрапаліт Філарэт, пра што пісала тагачасная прэса. Ужо праз два гады ўнівэрсытэт рашэньнем уладаў Беларусі будзе закрыты.

Газетная публікацыя аб урачыстасцях у ЭГУ. Фота з сайта ЭГУ
Газетная публікацыя аб урачыстасцях у ЭГУ. Фота з сайта ЭГУ

З 1997 году праблемамі эўраінтэграцыі ў ЭГУ займаўся Юры Шаўцоў, які пасьля стане пракрамлёўскім аналітыкам. У 1997–1999 гадах ён узначальваў дасьледчую групу Цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў ЭГУ. З 1999 году Шаўцоў стаў дырэктарам цэнтру праблем эўрапейскай інтэграцыі ЭГУ. Таксама ён выкладаў курс «Сацыяльна-палітычнае разьвіцьцё краін Усходняй Эўропы пасьля Другой усясьветнай вайны».

Пасьля ЭГУ Шаўцоў працаваў у БДУ, быў прадстаўніком швайцарскага інвэстыцыйнага фонду AIL Structured Finance Ltd. у Беларусі, выдаваў альманах «Геополитика».

Цяпер Юры Шаўцоў пазначаны на сайце БДУ як старшы выкладчык факультэту міжнародных адносінаў.

Ягоныя погляды зьмяніліся — ад эўраінтэграцыі да падтрымкі Лукашэнкі і Пуціна. Шаўцоў рэгулярна хваліць дзеяньні ўладаў Беларусі ў дзяржаўных СМІ. Таксама яшчэ ў даваенныя часы Юрый Шаўцоў выказваўся за эўразійскую інтэграцыю пад эгідай Расеі.

Пасьля эміграцыі ўнівэрсытэту

Аляксей Дзермант: ад нэапаганства да камунізму

Прыхільнік Лукашэнкі і Пуціна, рэзкі крытык палітыкі краін ЭЗ, а таксама прыхільнік ідэяў «рускага сьвету» Аляксей Дзермант калісьці выкладаў у ЭГУ палітычную гісторыю і гісторыю палітычных ідэяў Беларусі. Гэта было ў прамежку 2008–2010 гадоў. Апошняя навуковая публікацыя зь ягоным удзелам пад эгідай ЭГУ датуецца 2010-м, яна ў зборніку «Беларусь у эўрапейскім кантэксьце: актуальныя дыскусіі пра нацыябудаўніцтва».

Цяперашні госьць прапагандысцкіх шоў як у Беларусі, так і ў Расеі, дырэктар цэнтру вывучэньня і разьвіцьця кантынэнтальнай інтэграцыі «Паўночная Эўразія» і атрымальнік падзякі ад Лукашэнкі тады прытрымліваўся зусім іншых поглядаў.

Аляксей Дзермант часоў цікавасьці да нэапаганства
Аляксей Дзермант часоў цікавасьці да нэапаганства

Аляксей Дзермант цікавіўся нэапаганствам, настойваў на тым, што беларусы належаць больш да балтаў, чым да славянаў. Быў сярод заснавальнікаў суполкі «Ґеґа рух», якая пазыцыянавала сябе як частку эўрапейскага ультраправага нэапаганскага руху. Тады ж Дзермант быў беларускамоўным, хоць і нарадзіўся ў Алматынскай вобласьці Казахстану, у горадзе Талгар. У сярэдзіне 2000-х дзяяч цэлы год правучыўся ў Польшчы ў межах праграмы падтрымкі маладых навукоўцаў, а цяпер гэтая краіна — адзін з аб’ектаў ягонай крытыкі.

Погляды Дзерманта рэзка зьмяніліся ў 2010–2013 гады. Ён паволі рабіўся прыхільнікам «рускага сьвету», актыўна выказваўся ў падтрымку эўразійскай інтэграцыі, горача падтрымліваў будаўніцтва АЭС у Астраўцы. У 2021 годзе Дзермант заклікаў забараніць бел-чырвона-белы сьцяг.

Дзермант пасьля ідэалягічнай трансфармацыі (зьлева) ў эфры дзяржаўнага тэлеканала. 2017 год
Дзермант пасьля ідэалягічнай трансфармацыі (зьлева) ў эфры дзяржаўнага тэлеканала. 2017 год

Апошнім часам Дзермант прасоўвае тэорыю аб тым, што «Эўразія — гэта тое самае, што старажытныя Скіфія і Сарматыя».

Гэтая псэўданавуковая тэорыя сьцьвярджае, што паколькі скіфы і сарматы некалі жылі на тэрыторыі сучаснай Расеі, то гэта аўтаматычна робіць іх славянамі. Аднак навукоўцы схіляюцца да таго, што насамрэч яны былі старажытнымі іранамоўнымі вандроўнымі плямёнамі. Таксама Дзермант, некалі меўшы правыя палітычныя погляды, цяпер загадчык аддзелу тэорыі і практыкі сацыялізму ЦК Камуністычнай партыі Беларусі.

Дзяніс Мельянцоў: Ад актывіста «Маладога фронту» да «выгаднай аналітыкі»

Яшчэ адзін былы выкладчык ЭГУ, чые палітычныя погляды зазналі падобныя зьмены, — палітоляг Дзяніс Мельянцоў. Ён выкладаў у ЭГУ ў 2006–2009 гадах, а пасьля сышоў адтуль прыкладна тады ж, калі і Дзермант.

Мельянцоў паходзіць з Магілёва. На мяжы нулявых ён далучыўся да суполкі «Маладога фронту» ў гэтым горадзе і стаў адным зь яе лідэраў. Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова, дыплёмным кіраўніком Мельянцова быў цяпер вядомы праўладны гісторык Ігар Марзалюк. Пасьля Мельянцоў скончыў магістратуру ў БДУ.

Дзяніс Мельянцоў у сьнежні 2012 году ў менскай студыі Свабоды
Дзяніс Мельянцоў у сьнежні 2012 году ў менскай студыі Свабоды

Да 2011 году быў крытычна настроены да ўлады, працаваў аналітыкам у Беларускім інстытуце стратэгічных дасьледаваньняў BISS пад кіраўніцтвам Віталя Сіліцкага.

У 2015 годзе Мельянцоў далучыўся да новастворанага «Менскага дыялёгу». Гэта экспэртная ініцыятыва, якая дэкляравалася як пляцоўка дыялёгу аб бясьпецы і міжнародных адносінах ува Ўсходняй Эўропе. Экспэртаў гэтай ініцыятывы крытыкавалі за тое, што яны прадстаўляюць улады Беларусі ў станоўчым выглядзе ў вачах заходніх палітыкаў.

Пасьля падзеяў 2020 году экспэрты «Менскага дыялёгу» сканцэнтраваліся на мяккім апраўданьні дзеяньняў уладаў.

У 2025 годзе Мельянцоў падхапіў рыторыку Лукашэнкі і заклікаў узнаўляць у Беларусі партызанскі рух.

Дзяніс Мельянцоў падчас форуму «Менскі дыялёг» незадоўга да падзей 2020 году
Дзяніс Мельянцоў падчас форуму «Менскі дыялёг» незадоўга да падзей 2020 году

Апроч уласнага тэлеграм-каналу, Мельянцоў па-ранейшаму ўдзельнічае ў праекце «Менскі дыялёг», а таксама вядзе падкаст сумесна з стваральнікам гэтай пляцоўкі Яўгенам Прэйгерманам. Гэта не «крыклівыя» заявы, як у Азаронка, Дзерманта ці іншых яўных прапагандыстаў, а хутчэй аналітыка, выгадная ўладам.

Ці праяўлялі цікавасьць да Шаўцова, Дзерманта або Мельянцова беларускія сілавікі ў сувязі з «справай ЭГУ», невядома. Інфармацыі аб гэтым у публічнай прасторы няма. На гэты момант у ЭГУ вучацца каля тысячы студэнтаў, Прыкладна 700 зь іх — грамадзяне Беларусі. Улады ўнівэрсытэту заявілі, што пасьля верасьня 2025 году, калі ўзмацніўся ціск на ўнівэрсытэт, з ЭГУ з розных прычынаў адлічыліся каля 100 чалавек. Як расказалі Свабодзе крыніцы ўнутры унівэрсытэту, гэта прыкладна ўдвая больш, чым звычайна за падобны час.

ЭГУ ужо абвесьціў набор студэнтаў на новы навучальны год. Паводле інфармацыі з унівэрсытэту, дакумэнты падаюць у тым ліку і грамадзяне Беларусі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG