Вучоба ў ЭГУ для беларусаў можа стаць квітком у адзін бок
— Спадар рэктар, перш за ўсё хачу спытаць: што б вы сказалі тым, хто хацеў сёлета паступіць у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт?
— У гэтай сытуацыі мы як унівэрсытэт павінны быць адказныя, і наш зварот у сувязі з паступленьнем вельмі канкрэтны і дакладны. Тыя, хто жывуць у Беларусі, маюць там бацькоў і сем’і, на жаль, будуць мець нейкія праблемы зь бясьпекай. Таму рашэньне паступаць у ЭГУ для кагосьці можа стаць квітком у адзін бок.
Калі раней нашы студэнты маглі свабодна вучыцца ў Літве, у Вільні, езьдзіць дадому, да бацькоў ці проста на вакацыі, то цяпер гэта будзе немагчыма і, самае важнае, вельмі небясьпечна.
Таму мы запрашаем усіх, але заклікаем адказна ацаніць усе плюсы і мінусы, якія стаяць перад вамі. На жаль, акалічнасьці зараз такія.
— Якая вашая думка, чаму ўлады Беларусі паставіліся да вашага ўнівэрсытэту так нэгатыўна, што прызналі яго «экстрэмісцкай арганізацыяй», чым ЭГУ для іх небясьпечны?
— Я думаю, што рух у гэты бок займаў некалькі гадоў. Ад пачатку 2024 году была жорсткая публічная атака. Мы тады зьмянілі характар сваіх дзеяньняў і рабілі нешта па-іншаму. Гэта была спроба паменшыць рызыку, зьняць напругу і спыніць напады на ўнівэрсытэт. На жаль, гэта не дапамагло.
Мы заўсёды былі такім нязручным элемэнтам для ўладаў Беларусі. Я думаю, далейшыя зьвесткі ад пракурораў ці прадстаўнікоў уладаў дадуць нам зразумець, якая была фармальная падстава рашэньня.
— Якія наступствы таго, што Вярхоўны суд Беларусі аб’явіў ЭГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй», будуць для студэнтаў, для выкладчыкаў, для ўсяго унівэрсытэту? Што можна сказаць празь месяц пасьля такога рашэньня ўладаў Беларусі?
— Я б адказаў на гэтае пытаньне з двух пунктаў гледжаньня — зь літоўскага і зь беларускага, бо пытаньне вельмі актуальнае для студэнтаў і іхных сваякоў, асабліва для бацькоў: што будзе з унівэрсытэтам, якія наступствы. Такім чынам, зь літоўскага боку, паколькі ўнівэрсытэт зарэгістраваны і разьмешчаны ў Літве, можна сказаць, нічога ня зьменіцца, мы працуем, праводзім дасьледаваньні, як усё і рабілася раней і будзе працягвацца ў будучыні.
Але самае галоўнае, самае складанае — наступствы гэтага рашэньня зь беларускага боку, бо тут ня толькі тое, што «экстрэмісцкай арганізацыяй» абʼяўлена ўстанова. Гэта ўплывае на кожнага чалавека, зьвязанага з нашай установай. Такім чынам, у вас могуць быць матэрыялы ў сацыяльных сетках, вы можаце быць студэнтам, выкладчыкам, былым выкладчыкам, выпускніком, і вашы адносіны з нашай навучальнай установай будуць разглядацца ў залежнасьці ад намераў уладаў і могуць стаць прычынай вашага палітычнага перасьледу. І гэта самы адчувальны і самы складаны аспэкт для ўнівэрсытэту, бо ён закранае нашых людзей.
Але па той бок мяжы ў нас няма інструмэнтаў, якімі мы маглі б дапамагчы людзям ці падтрымаць іх нейкім чынам, каб яны адчувалі бясьпеку. І ў гэтым пляне найбольшым наступствам ёсьць тое, што некаторыя студэнты ўжо пакінулі вучобу, некаторыя патэнцыйна могуць пакінуць вучобу з прычыны пагрозаў іхным семʼям і ім самім. І, вядома, прыём студэнтаў беспасярэдне зь Беларусі будзе вельмі складаным.
Такім чынам, студэнты, якія вырашаць зьехаць з радзімы, у істоце пакідаюць яе на няпэўны пэрыяд часу. Няма магчымасьці прыехаць і вярнуцца, нельга бясьпечна перасекчы мяжу. Такім чынам, бясьпека людзей — гэта найбольшая праблема, самая складаная для нас.
Колькі студэнтаў пакінулі ЭГУ пасьля 14 красавіка
— Ці шмат студэнтаў пакінулі ўнівэрсытэт у сувязі з боязьзю перасьледу за ягоны «экстрэмісцкі» статус?
— У нас было дзьве сурʼёзныя падзеі — у верасьні летась (калі ўлады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сайт і сацыяльныя сеткі ЭГУ. — РС) і 14 красавіка сёлета. Каля 50 студэнтаў пакінулі вучобу ў верасьні мінулага году. Але тады ж у нас склалася вельмі цікавая сытуацыя, бо кожны дзень нейкія студэнты пакідалі вучобу і нехта вяртаўся з акадэмічнага адпачынку. Такім чынам гэтыя дзьве лічбы канкуравалі, і, здаецца, на 10 студэнтаў больш зьехала, чым вярнулася вучыцца. Гэта таксама сьведчыць, што некаторыя студэнты разглядаюць такі крок як апошні варыянт прыехаць у Літву, у Вільню, і пакінуць Беларусь.
А цяпер, з 14 красавіка па 14 траўня, мы страцілі 100 студэнтаў. Нашы праграмы Дэпартамэнта гуманітарных навук і мастацтваў, Дэпартамента сацыяльных навук, праграма «Iнфарматыка» i школа бізнэс-эканомікi BISEB у цэлым страцілі 100 навучэнцаў. Цяпер мы глядзім на лічбы, але па-іншаму, бо ёсьць і натуральны адсеў, напрыклад, адʼезд з прычыны акадэмічных вынікаў. Мы ўспрымаем гэтыя зьмены за месяц як вельмі відавочны адток, зьвязаны з «экстрэмісцкім» статусам установы.
Такім чынам, мы пачалі навучальны год з 1600 студэнтамі. Гэта разам з спэцыялізаванымі школамі пры ЭГУ. А на 1 сакавіка, калі пачаўся наш другі сэмэстар, у нас было 1129 студэнтаў. Такім чынам, на гэты момант ва ўнівэрсітэце каля 1000 студэнтаў. 100 сышлі празь яго «экстрэмісцкі» статус.
— Колькі беларускіх грамадзян цяпер сярод вашых студэнтаў?
— Склад студэнтаў такі: гуманітарная, сацыяльна-навуковая, мастацкая праграмы на 74% складаюцца зь беларусаў.
Далей. Школа інфармацыйных тэхналёгіяў таксама на 70% складаецца зь беларусаў, у Школе бізнэс-эканомікі іх каля 60-65%.
— Такім чынам, агулам каля 70%?
— Так, 70-75%.
— Што да студэнтаў, якія жывуць у Беларусі. Паведамляюць, што ў Беларусі былі ператрусы, ідзе ціск на іх. Ці маеце такую інфармацыю? Ці можаце пацьвердзіць яе?
— Так. Але трэба сказаць, што ператрусы або допыты студэнтаў ЭГУ не зьвязаныя беспасярэдне з гэтым ярлыком — «экстрэмісцкім» статусам. У ЭГУ заўсёды была гэтая праблема з уладамі Беларусі — студэнтаў ЭГУ наведвалі або запрашалі ва ўстановы на «гутаркі». Такім чынам, гэта было даўно, да таго, як узьніклі якіясьці праблемы з «экстрэмізмам».
У калядныя ці летнія вакацыі з канкрэтнымі студэнтамі праводзілі «сустрэчы» і «гутаркі». У нас была гіпотэза, што некаторых студэнтаў апытвалі не таму, што яны студэнты ЭГУ, але таксама таму, што яны займаліся нейкай актыўнай дзейнасьцю, няўрадавымі арганізацыямі, іншым. Такія выклікі і апытаньні заўсёды былі. А цяпер іх пабольшала, мы пра іх ведаем. Усяго каля 10 выпадкаў. Гэта ў асноўным тычыцца студэнтаў, якія вучацца на завочным аддзяленьні. Але, на шчасьце, многія студэнты-завочнікі не знаходзяцца ў Беларусі. Калі мы рыхтаваліся да гэтага крызісу, назавем яго так, мы ведалі, што ў ЭГУ студэнтаў-завочнікаў каля 30% ад агульнага складу. Але потым мы высьветлілі, што рэальныя лічбы, ў прыватнасьці для Беларусі, значна ніжэйшыя, такіх каля 10%.
І некаторыя зь іх спынілі навучаньне. І трэба сказаць, што тыя, хто спыніў дамовы аб навучаньні, як мы і прадказвалі, былі студэнтамі-завочнікамі. Такім чынам, спынілі навучаньне тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі. А сярод тых, хто знаходзіцца ў Літве, у Вільні, ёсьць каля 10 выпадкаў спыненьня навучаньня.
Ці быў выцек інфармацыі з ЭГУ
— Дзяржаўныя СМІ і службы бясьпекі Беларусі заявілі, што яны маюць сьпіс студэнтаў і выкладчыкаў ЭГУ, і адкрыта пагражалі ім. Ці былі якія-небудзь доказы выцеку зьвестак з ЭГУ? Наколькі сурʼёзна ўнівэрсытэт ацэньвае рызыку выцеку для людзей у Беларусі?
— Ніколі нельга быць на 100% упэўненым, гэта факт. Але што тычыцца нашых сыстэмаў ІТ-бясьпекі — гэта, думаю, таксама вельмі важна падкрэсьліць, бо мы атрымалі шмат пытаньняў з розных крыніц аб тым, як запэўнена ІТ-бясьпека — мы кліенты літоўскай сеткі ІТ-правайдэраў. Vilnius Tech, раней Віленскі тэхнічны ўнівэрсытэт імя Гедзіміна, іх ІТ-аддзел адказвае за ІТ-бясьпеку і кіраваньне ІТ-сыстэмамі ўва ўсіх літоўскіх унівэрсытэтах. Яны праводзяць рэгулярныя праверкі бясьпекі і адпаведна падвышаюць яе парамэтры. У гэтым пляне я ўпэўнены, што ніякага ўваходу, выцягу зьвестак з унівэрсытэцкіх сыстэмаў не было. Vilnius Tech паведаміў бы нам пра гэта. Усе пратаколы бясьпекі студэнтаў таксама былі абноўленыя — у лютым.
Вядома, заўсёды ёсьць чалавечы фактар, мы не павінны яго ігнараваць. Зыходзячы з таго, адкуль зьбіраюцца зьвесткі, можна мець розныя гіпотэзы. Гэта можа быць ці падчас перасячэньня мяжы, ці ў візавых цэнтрах у Беларусі. Такія сьпісы могуць існаваць, я ня стаў бы рабіць здагадак.
Гэта было б вельмі небясьпечна, бо ідэнтыфікаваць можна кожнага чалавека. Асабліва я лічу вельмі і вельмі складанай сытуацыю пры перасячэньні мяжы, калі студэнты ці выкладчыкі знаходзяцца ў гэтым чорным сьпісе, бо нашых студэнтаў час ад часу дапытвалі на мяжы. Таксама дапытваюць студэнтаў унівэрсытэту Вітаўта Вялікага ў Коўне, бо там другая па велічыні суполка беларускіх студэнтаў у Літве. Мы абмяркоўвалі гэта зь іхным прарэктарам у міжнародных сувязях. Такім чынам, ёсьць студэнты-беларусы, якіх дапытваюць на мяжы. Таму я думаю, што з гэтага таксама там могуць мець інфармацыю. Але ўсе гэтыя рэчы больш гіпотэзы, чым факты.
— Як вы рыхтуецеся да новых пагрозаў і дадатковай абароны гэтых сьпісаў?
— Да сьпісаў зараз вельмі абмежаваны доступ. У нас ёсьць некалькі чалавек, якія наўпрост працуюць з поўнымі зьвесткамі. Імёны студэнтаў, праграма, катэдра, спэцыяльнасьці — яны маюць усё гэта. Але каб мець усе зьвесткі пра студэнтаў — да гэтага вельмі абмежаваны доступ. Я ня бачу, каб хтосьці мог атрымаць доступ да гэтай інфармацыі звонку. З нашага боку я ўпэўнены ў абароненасьці зьвестак.
Хто можа замяніць беларускіх студэнтаў у ЭГУ
— Як вы рыхтуецеся да новага навучальнага году ва ўнівэрсытэце? Ці чакаецца, што сёлета фактычна ня будзе новых студэнтаў зь Беларусі? Калі так, ці рыхтуецца ўнівэрсытэт да гэтага сцэнару?
— Зараз у нас можа быць некалькі сцэнароў. Учора (19 траўня. — РС) у нас было паседжаньне рэктарату. Пацьверджана, што ў нас ёсьць першыя новыя студэнты. Наша першая прыёмная камісія была ў канцы красавіка, ёсьць шмат заявак, і мы ўжо залічылі 20 студэнтаў. Зь іх 5 — беларусы. Але яны не зь Беларусі. Яны зь Літвы, Польшчы, яны знаходзяцца тут.
Што да студэнтаў зь Беларусі, то, я думаю, у пэўным сэнсе кампанія залічэньня можа быць падобнай на кампанію 2020 году. Дзясяткі студэнтаў, можа, каля 50, будуць залічаныя зь іншых краін, напрыклад, Літвы, Украіны і іншых.Тут вельмі важна проста сказаць чытачам і грамадзкасьці, што ўнівэрсытэт будзе рабіць з студэнтамі і як гэта паўплывае на ідэнтычнасьць унівэрсытэту. Мы ў сытуацыі, калі мае быць забясьпечана інстытуцыйная бесьперапыннасьць. І сёлета, імаверна, залічэньне будзе кампэнсавана студэнтамі зь іншых краін, іншых нацыянальнасьцяў. Гэта ніякім чынам не зьмяняе місію ўнівэрсытэту, яго ідэнтычнасьць ці прыярытэты. Але ўнівэрсытэцкае жыцьцё залежыць ад таго, колькі студэнтаў будзе, колькі выкладчыкаў захаваюць працоўныя месцы, колькі праграмаў будзе захавана. У гэтым пляне мы чакаем, што набор студэнтаў іншых нацыянальнасьцяў сёлета хаця б крыху збалянсуе сытуацыю.
Мы бачым гэта як першы этап інстытуцыйнай стабілізацыі. Гэта было часткаю стратэгіяў кіраваньня крызісам — перабудаваць навучальныя праграмы да новага году і аднавіць колькасьць студэнтаў, прынамсі, да прымальнага ўзроўню.
Я пэўны час выкарыстоўваў фразу: нам патрэбныя іншыя студэнты, каб беларускія студэнты маглі працягваць вучыцца.
Якія інструмэнты мае ЭГУ для дапамогі студэнтам
— Якую канкрэтную абарону і дапамогу — ня толькі парадамі ад уладаў ЭЗ і Літвы — унівэрсытэт мог бы надаць студэнтам, выкладчыкам, якім у Беларусі могуць пагражаць арышт, допыт, штрафы і крымінальны перасьлед? Ці маеце якія-небудзь інструмэнты?
— Гэта самае складанае пытаньне. На наступным тыдні ў нас будзе сустрэча з рознымі беларускімі няўрадавымі арганізацыямі і літоўскім МЗС, дзе, у прыватнасьці, мы абмяркуем гэтыя тэмы. Адзін з варыянтаў — пакінуць краіну. Такім чынам, мы працуем з МЗС. Гуманітарныя візы, іншыя рэчы таксама абмяркоўваюцца. Мы паведамім альгарытм падачы заявак і хто можа іх падаваць. Таксама тым студэнтам, якія вырашаць пакінуць Беларусь і пераехаць у Вільню, мы забясьпечым месца ў інтэрнаце ў пачатку іхнага жыцьця ў Вільні, каб хаця б паменшыць матэрыяльныя цяжкасьці. Але галоўнае пытаньне тычыцца іншай юрысдыкцыі. Унівэрсытэт як установа, на жаль, вельмі абмежаваны ў гэтым.
— Вы толькі што растлумачылі праблемы зь візамі, але сытуацыя тут для грамадзян Беларусі зараз пагаршаецца. Літва ўзмацняе правілы атрыманьня дазволу на жыхарства для беларусаў, і некаторыя бацькі ня магуць паехаць у Літву, каб пабачыцца з сваімі дзецьмі, што ня могуць прыехаць у Беларусь. Як літоўскі ўрад і ЭЗ маглі б дапамагчы ў такой сытуацыі студэнтам, якія вырашылі зьехаць зь Беларусі, каб застацца жыць у Літве?
— Вельмі важнае пасланьне, якое мы перш за ўсё даносім да нашых студэнтаў: асноўным і самым надзейным варыянтам для студэнтаў застацца ў Літве ёсьць віза, зьвязаная з вучобай. Зважаючы на пытаньні асабістай бясьпекі ці бясьпекі сямʼі ў Беларусі, студэнт можа вырашыць перавесьціся ў іншыя ўнівэрсытэты, такія як Віленскі ўнівэрсытэт, Ковенскі, але пакуль ён зьяўляецца студэнтам ЭГУ, мы даем інструкцыі, як эфэктыўна ажыцьцявіць гэты пераход, і да таго часу студэнт мае гарантаваны дазвол на жыхарства ў Літве. Заканчэньне вучобы вельмі важнае, бо калі студэнты хочуць зьехаць у сярэдзіне вучобы, гэта горш, чым скончыць вучобу і мець дыплём.
Пасля заканчэньня вучобы Літва дае студэнтам адзін год для пошуку працы. Гэты ня вельмі зручны, але дзейны альгарытм законных і гарантаваных падстаў для знаходжаньня ў Літве хутка ўвойдзе ў сілу. Пачынаючы ад вучобы і адукацыі, пошуку працы, дазволу на жыхарства, зьвязанага з працай. А для тых студэнтаў, якія ў больш складанай сытуацыі, мы амаль гатовыя даць інструкцыі наконт гуманітарных дазволаў на жыхарства. Трэба сказаць, што гэта вельмі спэцыфічны інструмэнт, але як мінімум варыянт, які можна прыняць. Гэта абмяркоўваецца зь Міністэрствам замежных справаў і на ўрадавым узроўні. Такім чынам, у нас ёсьць канкрэтная карціна, і мы паведамім пра гэта студэнтам, каб у іх быў выразны альгарытм, як падаваць заяўкі.
Праблемы выкладчыкаў-беларусаў
— Мы абмеркавалі праблемы студэнтаў, але што наконт навукоўцаў, прафэсараў, выкладчыкаў тут, у Вільні? Маю на ўвазе тых, якія зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі.
— Некаторыя выкладчыкі і навукоўцы вырашылі пайсьці ў іншыя ўнівэрсытэты, таму яны ў больш абароненым становішчы. Некаторыя зь іх маюць розны ўзровень дазволаў на жыхарства, асабліва тыя выкладчыкі, якія шмат гадоў працуюць. Але ў сутнасьці іхны дазвол на жыхарства гарантаваны ў залежнасьці ад іх працы ў кожным зь іхных унівэрсытэтаў. Такім чынам, студэнты больш уразьлівыя, чым выкладчыкі. Наколькі мы бачым, усе штатныя выкладчыкі знаходзяцца ў даволі бясьпечным становішчы. І іхныя семʼі. А для сваякоў студэнтаў нашы паўнамоцтвы абмежаваныя.
Ці ёсьць простая пагроза з боку Беларусі для цяперашніх выкладчыкаў і навукоўцаў? Я ведаю прынамсі пра два выпадкі, калі да іхных сваякоў прыходзілі сілавікі. Але ў цэлым многія з нашых штатных выкладчыкаў ужо пэўны час час жывуць у Літве. Некаторым зь іх раней пагражалі, і яны зьехалі пасьля 2020 году. І, вядома, трэба сказаць, што мы не рэкамэндуем ім вяртацца ў Беларусь.
Выкладчыкі, студэнты і патэнцыйныя новыя студэнты, на жаль, зараз знаходзяцца на раздарожжы, каб вырашыць, што рабіць далей.
Беларуская місія ЭГУ
— І маё апошняе, але ня менш важнае пытаньне — пра вашу місію. Вы былі заснаваныя як беларускі ўнівэрсытэт у выгнаньні, бо ЭГУ вымушана выехаў зь Менску і ня мог вярнуцца ў Беларусь. Якой вы бачыце будучыню адукацыі ў вас на беларускай мове, вывучэньня гісторыі Беларусі, культурных дасьледаваньняў?
— Дзякуй за гэтае пытаньне. Я лічу, што яно вельмі важнае і патрабуе пэўных удакладненьняў, бо стварае, я ведаю, пэўную напружанасьць і чаканьні ад унівэрсытэту. Я пачну з 1992 году, бо ЭГУ быў заснаваны як унівэрсытэт у Беларусі, як амэрыканская ініцыятыва заходняй адукацыі для постсавецкай прасторы.
Тое ж самае было з Цэнтральна-Эўрапейскім унівэрсытэтам і міжнародным унівэрсытэтам LCC, які месьціцца ў Клайпедзе. І гэта была вельмі пасьпяховая ініцыятыва. Імаверна, таму ЭГУ і закрылі ў Беларусі. Калі гэта адбылося, ЭГУ быў пераведзены ў Літву і быў прызначаны ў асноўным для беларускіх студэнтаў. Ішоў час, і ў 2019 годзе быў адаптаваны спэцыяльны статус унівэрсытэту ў выгнаньні. Як ён можа выконваць сваю місію і быць установай, якая стабільна працуе? Беларуская ідэнтычнасьць унівэрсытэту павінна быць, я меў бачаньне гэтага яшчэ да аб’яўленьня яго «экстрэмістскім фармаваньнем», у пэўным сэнсе як адказ на запыт грамадзянскай супольнасьці, беларускіх студэнтаў. У нас ёсьць спэцыяльны арыентаваны на студэнтаў падыход, стыпэндыі, іншыя магчымасьці акадэмічнага і культурнага разьвіцьця.
Кожны ўнівэрсытэт мае сваю ўласную ідэнтычнасьць. Напрыклад, вы паступаеце ў Віленскі ўнівэрсытэт — гэта адна ідэнтычнасьць, у наш — іншая, і трэба сказаць, што ЭГУ павінен зрабіць сваю хатнюю працу і палепшыць прысутнасьць беларускіх культурных элемэнтаў. Мова, як вы згадалі, — мы ўвялі курсы на выбар беларускай мовы, культуры і гісторыі з пачатку гэтага навучальнага году.
Гэта была спроба ўбачыць, наколькі папулярнымі яны могуць быць. Трэба сказаць, што нават студэнты з замежжа былі зацікаўленыя далучыцца да гэтага. Але ня толькі ўмацаваньне ідэнтычнасьці павінна быць, і гэта, імаверна, будзе рэалізавана ў нашым Цэнтры беларускіх і рэгіянальных дасьледаваньняў.
У нас была таксама праграма вывучэньня гісторыі. На жаль — а я ад самага пачатку быў гісторыкам — у мяне было вялікае пытаньне, наколькі пасьпяховай будзе гэтая праграма. Бо ў сучасным грамадзтве нават буйныя ўнівэрсытэты, як Віленскі і Ковенскі, зь цяжкасьцю набіраюць студэнтаў. Думаю, што на нейкім этапе нацыянальнага разьвіцьця праграма гісторыі зноў будзе актуальнай. Але цяпер студэнты, як мы бачым у партфоліё праграм, вельмі практычныя ў выбары праграмаў, выбіраюць найбольш карысныя.
Дык які ж іншы спосаб забясьпечыць усё гэта?
Цэнтар беларускіх і рэгіянальных дасьледаваньняў у ЭГУ павінен стаць месцам для адукацыі на беларускай мове, месцам для навукоўцаў, якія маглі б праводзіць дасьледаваньні гісторыі Беларусі, этнаграфіі, мовы і г. д, бо яны маюць гэты фокус дасьледаваньняў. Для навукоўцаў ня толькі з ЭГУ, але і тых, хто хацеў бы далучыцца да гэтай ініцыятывы.
Для распаўсюду інфармацыі будуць канфэрэнцыі, падзеі для грамадзтва і акадэмічнай супольнасьці, і Цэнтар будзе займацца гэтай дзейнасьцю. А потым — гістарычная адукацыя. Сама праграма гісторыі для сучасных студэнтаў — занадта доўгая і занадта вялікая інвэстыцыя. Але Цэнтар, а мы абмяркоўвалі пытаньне зь яго кіраўніком, павінен распрацаваць цыкль курсаў бесьперапыннага прафэсійнага разьвіцьця, напрыклад, кароткія курсы аб некалькіх важных гістарычных пэрыядах, падзеях, каб студэнт мог мець выбар, каб кожны студэнт меў доступ да гістарычнай адукацыі без такіх значных выдаткаў часу, як у студэнтаў гісторыі.
Іншыя ініцыятывы, такія як урбаністычныя дасьледаваньні, як юдаіка і дасьледаваньні сынагогаў, могуць узаемадзейнічаць з гэтым цэнтрам.
ЭГУ заўсёды быў і будзе перш за ўсё беларускім унівэрсытэтам, цэнтрам разьвіцьця культуры і акадэмічнай дзейнасьці Беларусі. Але, як і ў кожным сучасным ВНУ, ёсьць праблема, і я як кіраўнік сказаў бы пра яе вельмі адкрыта: унівэрсытэт ня можа выжыць толькі за кошт падтрымкі з боку беларускіх студэнтаў і донараў. Таму, каб унівэрсытэт разьвіваўся, мы проста адчыняем дзьверы для ўсіх студэнтаў. Студэнты з розных краін, у прыватнасьці расейскамоўныя студэнты, могуць паміж сабой камунікаваць. Гэта зробіць беларускія дасьледваньні цікавейшыымі для міжнароднай навуковай супольнасьці. Мы сталі на гэты шлях, ён будзе абмяркоўвацца кіраўніцтвам унівэрсытэту.
Пра тое, што гэта зьменіць ідэнтычнасьць унівэрсытэту, я б не казаў.
Такім чынам, я ведаю, што не заўсёды ёсьць ідэальныя рашэньні ці дзеяньні, але знайсьці балянс і ўзаемаразуменьне пры большай адкрытасьці ЭГУ і большай зацікаўленасьці з боку вонкавых супольнасьцяў вельмі важна, асабліва для літоўцаў. Гэта таксама дапамагло б зьліквідаваць пэўныя наяўныя стэрэатыпы. І ЭГУ тут павінен узяць на сябе ролю весьці гэты дыялёг.
І ў выніку разважаньняў аб тым, як гэта павінна быць зроблена, кіроўныя органы вырашылі пачаць падрыхтоўку новай стратэгіі шляхам абмеркаваньня зацікаўленых бакоў, вонкавых і ўнутраных, якое магло б удакладніць погляды, дзеяньні і кірунак для ўсіх нас.
У падсумаваньне ўсёй маёй доўгую прамову пра ідэнтычнасьць, пра беларускі аспэкт: першая задача, якая стаіць перад намі, — забясьпечыць існаваньне ўнівэрсытэту і яго рух наперад, якасьць навучаньня, якасьць дасьледаваньняў і такім чынам выкананьне яго галоўнай місіі.
— У завяршэньне хачу спытаць: ці вы аптымістычна настроеныя на тое, што ўнівэрсытэт зможа пераадолець гэты крызіс, выжыць і разьвівацца?
— Так. Я думаю, што гэта ня толькі вера, але і мая асабістая місія і задача — разам з камандай і выкладчыкамі — знайсьці рашэньні. Я б ня стаў перабольшваць тое, што ў гэтым працэсе мы, верагодна, страцім больш студэнтаў у канцы сэмэстру. Мы можам страціць некаторых выкладчыкаў, якія вырашаць не працягваць з намі супрацу. Магчыма, некаторыя праграмы будуць страчаныя, бо ня будзе дастаткова студэнтаў, каб працягваць навучаньне.
Але мы перагрупуемся, перагледзім свае думкі і пойдзем далей. Бо, ведаеце, скласьці рукі на стале і сказаць: «Ну, паглядзім, як пойдзе» — гэта будзе згода з рашэньнямі, прынятымі там, з-за мяжы, пра тое, што мы тыя, кім мы ня ёсьць. Мы будзем такімі, якімі маем намер быць.
Форум