Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ: Тры чвэрці студэнтаў — зь Беларусі, рашэньне Вярхоўнага суду незаконнае і несправядлівае

Рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту доктар Вілюс Шадаўскас. Архіўнае фота
Рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту доктар Вілюс Шадаўскас. Архіўнае фота

15 красавіка Эўрапэйскі гуманітарны унівэрсытэт пракамэнтаваў наданьне яму статусу «экстрэмісцкай арганізацыі» у Беларусі.

Аб тым, што Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЭГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй», стала вядома 14 красавіка.

Паводле інфармацыі Свабоды, захады з мэтай абгрунтаваць такое рашэньне беларускія спэцслужбы пачалі рабіць яшчэ ўвосень 2025 году. На допыты выклікалі студэнтаў унівэрсытэту, у якіх спрабавалі атрымаць інфармацыю аб яго дзейнасьці, а таксама схілялі іх да напісаньня заяваў аб адлічэньні.

Удзень 15 красавіка ЭГУ пракамэнтаваў сытуацыю, распаўсюдзіўшы адпаведную заяву:

«Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт лічыць рашэньне Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь аб прызнаньні гэтай акадэмічнай установы, якая базуецца ў Літве, экстрэмісцкай арганізацыяй незаконным, несправядлівым і такім, што ня мае ніякай рэальнай юрыдычнай сілы паводле літоўскага і міжнароднага права, — гаворыцца ў паведамленьні. — Рашэньне было прынята завочна і не грунтуецца на якіх-небудзь рэальных фактах або доказах».

Паводле ЭГУ, гэтае рашэньне зьяўляецца актам помсты з боку беларускіх уладаў у дачыненьні да сваіх грамадзян, якія працуюць або навучаюцца ва ўнівэрсытэце ў Літве і імкнуцца да свабоды мысьленьня і свабоды выбару. Нягледзячы на фарсавы характар судовага працэсу і прававы нігілізм беларускіх інстытутаў, ЭГУ сур’ёзна ставіцца да сытуацыі, імкнецца падтрымаць сваіх студэнтаў і выкладчыкаў з Беларусі ў пошуку найлепшых магчымых рашэньняў і ўжо зьвярнуўся па падтрымку да літоўскіх і міжнародных арганізацый.

«Тры чвэрці студэнтаў ЭГУ — зь Беларусі, і мы выразна разумеем, што ім давядзецца сур’ёзна перагледзець сваю сытуацыю і прыняць рашэньні адносна сваіх наступных крокаў. Мы паважаем іх выбар і гатовыя да розных сцэнарыяў; аднак на дадзены момант адміністрацыя ўнівэрсытэту не назірае значнага росту зваротаў або запытаў. Навучаньне і акадэмічнае жыцьцё ва ўнівэрсытэце працягваюцца ў звычайным рэжыме», — адзначыў рэктар ЭГУ Віліюс Шадаўскас.

Мінулай восеньню ЭГУ пачаў свой 33-і навучальны год, і каля 500 студэнтаў з Усходняй Эўропы паступілі на першы курс. Новы навучальны год таксама адзначыўся адкрыцьцём дадатковага навучальнага корпуса.

Заснаваны ў 1992 годзе, універсытэт працуе ў Вільні з 2006 года, а яго акадэмічная місія грунтуецца на каштоўнасьцях крытычнага мысьленьня, акадэмічнага супрацоўніцтва і інтэлектуальнай свабоды. Унівэрсытэт цэніцца за свой сацыяльны ўклад — ён рыхтуе выпускнікоў ня толькі да прафэсійнай кар’еры, але і да зьмястоўнага ўдзелу ў грамадзтве і лідэрства ў складаных, зьменлівых умовах.

У Вільні ЭГУ таксама мае два падразьдзяленьні — Школу лічбавых кампэтэнцый і Школу бізнэсу і эканомікі. ЭГУ актыўна ўдзельнічае ў праграме абмену Erasmus+, якая дае студэнтам магчымасьць навучацца або праходзіць стажыроўкі ў вядучых унівэрсытэтах Эўрапейскага саюза».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG