Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Што рабіць студэнтам, выкладчыкам і бацькам, зьвязаным з ЭГУ? Пагаварылі з экспэртамі  

ЭГУ, юрыст Павал Сапелка, гісторык Павал Церашковіч. Ілюстрацыйны каляж
ЭГУ, юрыст Павал Сапелка, гісторык Павал Церашковіч. Ілюстрацыйны каляж

Улады Беларусі прызналі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «экстрэмісцкай арганізацыяй». Што зараз будзе зь цяперашнімі і былымі студэнтамі і выкладчыкамі? Каго з вядомых беларусаў можа закрануць гэтае рашэньне? Ці непазьбежны масавы адток беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў з ЭГУ?

Сытуацыю з «экстрэмісцкім» статусам Эўрапейскага Гуманітарнага ўнівэрсытэту абмяркоўваем з дарадцам Ціханоўскай па адукацыі і навуцы, гісторыкам Паўлам Церашковічам, які быў старшынём сэнату ЭГУ з 2009 па 2014 год, а таксама з юрыстам праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўлам Сапелкам.

Глядзець размову на відэа цалкам

00:00 Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «экстрэмісцкай арганізацыяй»
03:30 Якія прычыны гэтага рашэньня? Павал Церашковіч
10:58 Вэрсія былога студэнта ЭГУ. Мікола Дзядок
23:08 Якія рызыкі ўзьнікаюць для студэнтаў ЭГУ, якія застаюцца ў Беларусі? Павал Сапелка

Тут фрагмэнты гутаркі

— 14 красавіка стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі на прапанову Генэральнай пракуратуры прызнаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «экстрэмісцкай арганізацыяй». Як вы ўспрынялі рашэньне Вярхоўнага суду прызнаць ЭГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй»? Супраць каго найперш накіраванае гэтае рашэньне?

Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

Павал Церашковіч: Я бачу тры прычыны, чаму гэтае рашэньне прынята. Па-першае, гэта спроба абмежаваць адток моладзі за мяжу — пакуль не закрываюць межы, але перакрываюць адзін з каналаў. Па-другое, сілавым структурам у Беларусі проста патрэбна новая «праца» — яны ўжо перапрацавалі па старых справах і артыкулах. Па-трэцяе, гэта можа быць часткай палітычнай гульні: на фоне перамоў з Літвой і Захадам гэта выкарыстоўваецца як рычаг ці падвышэньне ставак.

Нават пры тым, што рашэньне было чаканае — першыя сыгналы былі яшчэ прыкладна два гады таму, калі прапагандыст казаў, што «мы вас абвесьцім экстрэмістамі», — усё роўна застаўся непрыемны асадак. Безумоўна, пацярпяць усе. Ёсьць тры асноўныя катэгорыі рызыкі: студэнты, выкладчыкі і бацькі студэнтаў. Што будзе з выпускнікамі, асабліва тымі, хто скончыў даўно, сказаць складана. Але ў Беларусі з законамі ўсё няпэўна, і яны могуць мець зваротную сілу. Таму зараз можна пагадзіцца з праваабаронцамі: у групе рызыкі ўсе, хто мае хоць нейкае дачыненьне да ЭГУ.

— Агулам ва ўнівэрсытэце каля 1500 студэнтаў і каля 100 выкладчыкаў. У часы, калі вы працавалі ў ЭГУ, якая частка студэнтаў і выкладчыкаў жылі ў Беларусі і езьдзілі ў на вучобу і працу ў Літву? І як гэта можа выглядаць цяпер?

Павал Церашковіч: Калі я працаваў, студэнты стацыянара вучыліся ў Літве. А выкладчыкі ў большасьці жылі ў Беларусі і працавалі вахтавым спосабам — рэгулярна езьдзілі туды і назад. Цяпер лепш не рызыкаваць. Тым, хто цяпер у Літве, я б ня раіў езьдзіць у Беларусь. Галоўная небясьпека ў тым, што студэнтаў і выкладчыкаў могуць арыштоўваць як экстрэмістаў. А бацькоў могуць трактаваць як тых, хто фінансуе экстрэмісцкую арганізацыю праз аплату навучаньня.

— Генпракуратура прызнала ЭГУ так званай «экстрэмісцкай арганізацыяй», але не «экстрэмісцкім фармаваньнем». У чым розьніца што да крымінальнай адказнасьці і наступстваў?

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Павал Сапелка: Экстрэмісцкае фармаваньне — гэта незарэгістраваная група. Экстрэмісцкая арганізацыя — зарэгістраваны суб’ект. У выпадку арганізацыі няма адказнасьці за сам факт стварэньня, але ёсьць адказнасьць за садзейнічаньне і фінансаваньне. Гэта значыць, што могуць перасьледаваць выкладчыкаў, студэнтаў і нават тых, хто проста плаціў за навучаньне.

— Якія канкрэтныя рызыкі для студэнтаў у Беларусі?

Павал Сапелка: Тыя, хто меў дачыненьне да ЭГУ пасьля 2021 года, могуць трапляць пад артыкулы пра фінансаваньне, садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці. Аплата навучаньня можа разглядацца як фінансаваньне. Гэта можа быць нават паказальная справа супраць асобных студэнтаў. Таксама магчымыя справы супраць выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Чаму менавіта пасьля 2021 года? Бо тады ўнесьлі зьмены ў Крымінальны кодэкс, якія крыміналізавалі садзейнічаньне і фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці. Раней такіх норм у цяперашнім выглядзе не было.

— Што б вы параілі студэнтам, бацькам і выкладчыкам ЭГУ цяпер, каб мінімізаваць рызыкі?

Павал Сапелка: Калі ёсьць магчымасьць, лепш часова не знаходзіцца ў Беларусі або не вяртацца. Бо пакуль не зразумела, як гэта будзе прымяняцца на практыцы. Тым, хто застаецца, трэба быць гатовым да ператрусаў, праверак тэлефонаў і допытаў.

— Ці можа аплата навучаньня разглядацца як фінансаваньне «экстрэмізму»?

Павал Сапелка: Так, гэта цалкам магчыма, па аналёгіі з тым, як раней данаты ў дабрачынныя ініцыятывы прызнаваліся фінансаваньнем экстрэмісцкай дзейнасьці. Гэта можа стаць асновай для далейшага ціску і нават «выбіваньня» грошай у выглядзе штрафаў або спагнаньняў.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG