Заклікаць да «захадаў у адказ» супраць Менска за прызнаньне Эўрапейскага гуманітапрнага ўнівэрсытэта ў Вільні (ЭГУ) «экстрэмісцкай арганізацыяй» зьбіраецца кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Літвы Кястуціс Будрыс на пасяджэньні Рады ЭЗ па замежных справах 21 красавіка ў Люксэмбургу, піша Позірк.
Прэс-служба літоўскага МЗС заявіла, што міністар «будзе дамагацца прыцягненьня ўвагі на эўрапейскім узроўні да наступстваў гэтага рашэньня».
Партал навін Delfi са спасылкай на ведамства таксама паведаміў, што Будрыс «закліча да салідарнасьці з супольнасьцю ЭГУ праз скаардынаваныя дзеяньні на ўзроўні ЭЗ і на міжнародным узроўні ў дачыненьні да службовых асоб менскага рэжыму, якія зьдзейсьнілі гэты выпад, у тым ліку шляхам увядзеньня супраць іх санкцый». Акрамя таго, ён «закліча аказаць дадатковую фінансавую і палітычную падтрымку ЭГУ, узмацніць абарону ахвяр ад міжнародных рэпрэсій».
15 красавіка Літва заявіла катэгарычны пратэст Рэспубліцы Беларусь у сувязі з рашэньнем ейных дзяржаўных органаў абвясьціць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які з 2004 году законна дзейнічае ў Літве, «экстрэмісцкай арганізацыяй».
Міністэрства замежных спраў Літвы назвала гэты крок палітычна матываваным, беспадстаўным і адзначыла, што ён парушае прынцыпы міжнароднага права і сувэрэнітэт Літоўскай Рэспублікі.
Літва запэўніла, што і надалей будзе будзе падтрымліваць ЭГУ як важную прастору акадэмічнай свабоды, крытычнага мысьленьня і дэмакратычных каштоўнасьцяў, вольную ад палітычнага ціску.
Улады Літвы запатрабавалі неадкладнай адмены гэтага рашэньня і папярэдзілі, што падобныя дзеяньні яшчэ больш ускладняць літоўска-беларускія адносіны.
Яны таксама заявілі, што гэты крок будзе разглядацца на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу для прыняцьця палітычных і дыпляматычных захадаў.
«Гэтае рашэньне ёсьць абуральным і неабгрунтаваным замахам на акадэмічную свабоду, свабоду выказваньня меркаваньняў і фундамэнтальнае права на адукацыю», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай Эўрапейскай службай вонкавых дзеяньняў.
«Таўраваньне акадэмічнай установы як „экстрэмісцкай“ — гэта чарговы прыклад сыстэматычных захадаў рэжыму па задушэньні крытычнага мысьленьня, запалохваньні моладзі і далейшым разбурэньні грамадзянскай супольнасьці як унутры Беларусі, так і за яе межамі».
Эўрапейскі Зьвяз заявіў пра поўную падтрымку ЭГУ, ягоных студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў. І таксама заклікаў улады Беларусі «неадкладна адмяніць гэтае рашэньне і спыніць рэпрэсіі супраць беларускага народу».
Што важна ведаць пра ЭГУ
ЭГУ заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, але ў 2004 годзе ў Беларусі ў яго забралі ліцэнзію. З 2026 у якасьці прыватнага ўнівэрсытэту працуе ў Вільні.
Мінулай восеньню ЭГУ пачаў свой 33-і навучальны год, і каля 500 студэнтаў з Усходняй Эўропы паступілі на першы курс. Новы навучальны год таксама адзначыўся адкрыцьцём дадатковага навучальнага корпуса.
Каля 80% цяперашніх студэнтаў ЭГУ — беларусы. Беларусаў шмат і сярод выкладчыкаў. Агулам ва ўнівэрсытэце каля 1500 студэнтаў і каля 100 выкладчыкаў.
Акадэмічная місія ЭГУ грунтуецца на каштоўнасьцях крытычнага мысьленьня, акадэмічнага супрацоўніцтва і інтэлектуальнай свабоды. Унівэрсытэт цэніцца за свой сацыяльны ўклад — ён рыхтуе выпускнікоў ня толькі да прафэсійнай кар’еры, але і да зьмястоўнага ўдзелу ў грамадзтве і лідэрства ў складаных, зьменлівых умовах.
У Вільні ЭГУ таксама мае два падразьдзяленьні — Школу лічбавых кампэтэнцый і Школу бізнэсу і эканомікі. ЭГУ актыўна ўдзельнічае ў праграме абмену Erasmus+, якая дае студэнтам магчымасьць навучацца або праходзіць стажыроўкі ў вядучых унівэрсытэтах Эўрапейскага зьвязу.