Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі на сустрэчы з кіраўніцай ураду Літвы падтрымаў ЭГУ і незалежныя прафсаюзы Беларусі

Алесь Бяляцкі сустракаецца з прэм’ер-міністаркай Літвы Інгай Ругінене. Вільня, 27 красавіка 2026 году
Алесь Бяляцкі сустракаецца з прэм’ер-міністаркай Літвы Інгай Ругінене. Вільня, 27 красавіка 2026 году

27 красавіка 2026 году нобэлеўскі ляўрэат, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі сустрэўся з Інгай Ругінене, прэм’ер-міністаркай Літвы.

На сустрэчы Алесь Бяляцкі і Інга Ругінене абмеркавалі пытаньні правоў чалавека, палітычнага перасьледу і падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці, паведамляе «Вясна».

Бяляцкі выказаў падзяку за салідарнасьць Літвы з праваабарончым цэнтрам «Вясна» і іншымі няўрадавымі арганізацыямі, падкрэсьліў важнасьць далейшага выкарыстаньня мэханізмаў Міжнароднага крымінальнага суду ў дачыненьні да ўладаў Беларусі.

Асаблівую ўвагу Бяляцкі надаў ціску ўладаў Беларусі на Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які працуе ў Вільні, і агульнай сытуацыі з палітычнымі рэпрэсіямі ў краіне.

Бакі абмеркавалі пытаньні перасьледу беларускіх прафсаюзаў і ўзаемадзеяньня ў гэтай справе зь Міжнароднай арганізацыяй працы, інтэграцыі беларусаў, якія вымушана пераехалі ў Літву, а таксама эфэктыўнасьці санкцыйнай палітыкі.

Алесь Бяляцкі сустрэўся і зь лідэрам асноўнай апазыцыйнай партыі «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты» дэпутатам Лаўрынасам Кашчунасам. Дыялёг быў прысьвечаны пытаньням дэмакратычнай устойлівасьці і абароны правоў чалавека. Бакі абмеркавалі падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасьці, міжнароднае правасудзьдзе і пытаньні абароны правоў чалавека, піша «Вясна».

Суразмоўцы закранулі тэмы санкцыйнай палітыкі і падтрымкі ініцыятывы Літвы ў Міжнародным крымінальным судзе. Бяляцкі Кашчунас таксама абмеркавалі пытаньне захаваньня беларускай культуры і ідэнтычнасьці ў эміграцыі.

Лаўрынас Кашчунас з 2025 году ачольвае партыю «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты», якая знаходзілася пра ўладзе ў 2020-2024 гадах, але прайграла апошнія парлямэнцкія выбары. Кашчунас ня раз выступаў з ініцыятывамі аб уводзе абмежаваньняў для грамадзян Беларусі, якія часова жывуць у Літве.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
  • У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG