Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі падтрымаў пазыцыю Літвы наконт працягу санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі і звароту ў Міжнародны крымінальны суд

Алесь Бяляцкі выступіў у Сейме Літвы з нагоды 40-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы
Алесь Бяляцкі выступіў у Сейме Літвы з нагоды 40-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы

Алесь Бяляцкі выступіў у Сейме Літвы з нагоды 40-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы.

Алесь Бяляцкі 23 красавіка сустрэўся зь сьпікерам Сейму Літвы Юозасам Олекасам. Сярод іншага, абмеркавалі падрыхтоўку пагадненьня аб супрацы паміж Сеймам Літвы і дэмакратычнымі сіламі Беларусі як кроку для ўмацаваньня міжнароднай суб’ектнасці беларускай дэмакратычнай супольнасьці.

Сярод ключавых пытаньняў былі:

  • сытуацыя вакол ЭГУ: ціск рэжыму разглядаецца як гібрыдная атака; важна ня толькі захаваць унівэрсытэт, але і разьвіваць яго як цэнтар рыхтаваньня кадраў для новай Беларусі;
  • падтрымка палітвязьняў і далейшая роля Літвы ў гэтай справе.

Бяляцкі сярод іншага адзначыў ролю, якую дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь» і яе кіраўнік Русланас Баранавас маюць у разьвіцьці шырокай парлямэнцкай кааліцыі падтрымкі Беларусі.

Дыскусія пра 40 год Чарнобыля

23 красавіка таксама прайшло паседжаньне Сейму Літвы, прысьвечанае 40-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ушанаваньню памяці пацярпелых і ліквідатараў, а таксама ацэнцы доўгатэрміновых наступстваў катастрофы.

На пленарным пасяджэнні Сейму выступілі сьпікер літоўскага парлямэнту Юозас Олекас, дэпутатка Сеймe Ілона Гялажнікене, пасол Украіны ў Літве Вольга Нікітчанка, вызвалены летась беларускі праваабаронца, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама прадстаўнікі літоўскага руху «Чарнобыль».

Сьпікер літоўскага парлямэнту Юозас Олекас адзначыў у выступе, прысьвечаным 40-годзьдзю Чарнобыльскай катастрофы, што найбольш пацярпелі ад яе наступстваў землі Ўкраіны, Беларусі і Расеі, але гэтая трагедыя закранула і народ Літвы, бо здароўе тысяч жыхароў краіны пацярпела. Паводле літоўскага руху «Чарнобыль» 7 тысяч літоўцаў удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі, зь сёньня жывыя меней за 2 тысячы.

«Бясьпека не даецца сама сабой, а праўда ня можа быць схаваная. Цяпер, згадваючы пра катастрофу, мы з большай адказнасьцю разумеем, што дзяржава абавязаная абараняць сваіх грамадзян і заўсёды казаць ім праўду», — сказаў Юозас Олекас пра навуку, якую варта зрабіць па выніках Чарнобыля.

Абасадарка Ўкраіны: акупацыя Запароскай АЭС нясе пагрозу

Тэму адказнасьці дзяржавы перад грамадзянамі працягнула ў сваім выступе ў Сейме і пасол Украіны ў Літве Вольга Нікітчанка.

«Чарнобыльская аварыя на проста выбух рэактара, а гэта чалавечая трагедыя, пагоршаная хлусьнёй», — мяркуе Вольга Нікітчанка.

Амбасадарка згадала сябе чатырохгадовай дзяўчынкай адразу пасьля аварыі. Тады яе бацькі, чыёй адказнасьцю яна захапляецца, адправілі яе далей ад месца аварыі менавіта ў Літву, у горад Друскенікі. «Гэтак сама Літва і зараз стаіць побач з Украінай, цяпер у яе змаганьні супраць Расеі», — адзначыла пасол Украіны ў Літве.

«Мы сёньня ўшаноўваем памяць пра больш як 600 тысяч ліквідатараў, але адной памяці недастаткова. Няма бясьпекі, пакуль пацягваецца агрэсія Расеі і тая кантралюе Запароскую атамную электрастанцыю, якую ператварыла ў вайсковы аб’ект», — зазначыла Вольга Нікітчанка і запатрабавала санкцый супраць «Росатама».

«Мы павінны мець гарантыі, што ўмовы, якія прывялі да катастрофы ў Чарнобылі не паўторацца, а гэта немагчыма забясьпечыць, пакуль сытуацыя на Запароскай АЭС застаецца закрытай», — сказала ў Сейме амбасадарка Ўкраіны.

Што сказаў Бяляцкі пра аварыю на ЧАЭС і палітычны Чарнобыль у Беларусі

З трыбуны Сейму Літвы Алесь Бяляцкі выказаў спачуваньне мільёну людзей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, і згадаў пра сотні тысяч беларусаў, якія мусілі пакінуць свае дамы праз аварыю, былі выселеныя ў месцы, дзе пачыналі жыцьцё наноў.

«20 працэнтаў беларускіх земляў былі засыпаныя радыяцыяй. Родная вёска маёй мамы стаіць пакінутая ў полі», — падзяліўся ўласным болем нобэлеўскі ляўрэат.

Але з прыходам да ўлады ў Беларусі Лукашэнкі там адбыўся палітычны Чарнобыль, мяркуе Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі выступіў у Сейме Літвы з нагоды 40-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы
Алесь Бяляцкі выступіў у Сейме Літвы з нагоды 40-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы

Ён адзначыў вызваленьне соцень беларускіх палітвязьняў, якое стала магчымым праз санкцыі, ціск Эўразьвязу і намаганьні адміністрацыі ЗША, але нагадаў пра больш за 900 палітвязьняў, якія яшчэ застаюцца ў няволі, і новых арыштаваных.

«Гэта плянавая акцыя рэжыму, каб захапіць новых закладнікаў і зноў гандляваць людзьмі», — мяркуе Бяляцкі.

«Але беларускае грамадзтва ў Беларусі застаецца жывым. Я сьведчу пра тое, што большасьць беларусаў супраць агрэсіі Расеі на Украіне. Беларусам не ўласьцівая імпэрскасьць, нам хапае сваёй зямлі. Лукашэнка не асьмеліўся накіраваць беларускае войска ваяваць ва Ўкраіну, але саўдзельнікам ваенных злачынстваў ён стаў», — сказаў Алесь Бяляцкі і ўхваліў ініцыятыву Літвы аб прыцягненьні Лукашэнкі да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе.

Таксама Бяляцкі заклікаў працягваць ціск на рэжым у Беларусі праз санкцыі. Ён ня верыць у тое, што з Лукашэнкам можна дамовіцца аб спыненьні рэпрэсіяў, бо ня лічыць яго самастойным: «Немагчыма вырваць Лукашэнку з расейскай сфэры ўплыву, бо ён сам праваднік гэтай сфэры і ён зьнішчае незалежнасьць Беларусі».

Алесь Бяляцкі выступіў у Сейме Літвы з нагоды 40-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы
Алесь Бяляцкі выступіў у Сейме Літвы з нагоды 40-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы

Паводле Бяляцкага, Беларуская АЭС магла быць пабудаваная на іншай пляцоўцы, але Лукашэнка абраў пляцоўку каля сталіцы Літвы Вільні, каб пагражаць Літве.

«Ён пагражае Літве, насумненна, што Беларуская АЭС — гэта праява гібрыднай вайны, якая пачалася значна раней і накіравана на дэстабілізацыю сытуацыі ўва ўсёй Усходняй Эўропе», — лічыць Алесь Бяляцкі.

«Літве важна мець у абліччы Беларусі добрага суседа і прадказальную дэмакратычную краіну, а не прарасейскую марыянэтку, якая пастаянна чыніць правакацыі, таму эўрапейскія санкцыі мусяць захоўвацца», — сказаў Бяляцкі і яшчэ раз падзякаваў Літве за салідарнасьць і падтрымку «дзясяткаў тысяч беларусаў, якія праз рэпрэсіі пакінулі радзіму».

Таксама ён падзякаваў за падтрымку беларускай культурнай ідэнтычнасьці, ў прыватнасьці за падтрымку Беларускай гімназіі і Цэнтру беларускай супольнасьці.

Бяляцкі закончыў прамову словамі «За нашу і вашу свабоду!» па-беларуску і па-літоўску. Пасьля прамовы заля стоячы вітала Алеся Бяляцкага авацыяй.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
  • У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG