Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мова, душа народу і 30-гадовая «Вясна». Рэпартаж з выступу Алеся Бяляцкага ў перапоўненай залі

Алесь Бяляцкі на сустрэчы ў Варшаве
Алесь Бяляцкі на сустрэчы ў Варшаве

20 красавіка ў Варшаўскім унівэрсытэце прайшла сустрэча зь ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году, кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна», былым палітвязьнем Алесем Бяляцкім.

Увечары 20 красавіка ў вялікай гістарычнай залі Варшаўскага унівэрсытэту расставілі крэслы з партрэтамі беларускіх вязьняў, якія цяпер за кратамі: Анджэя Пачобута, Ігара Ільяша, Паліны Пяткевіч ды іншых, а таксама сымбалічнае асобнае крэсла для рукапісаў, якія засталіся ў турмах і, магчыма, іх там нішчаць. У залі шмат вядомых асобаў: першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі, прафэсарка Эльжбета Смулэк, дырэктар Цэнтру ўсходніх эўрапейскіх дасьледаваньняў, кіраўнік праграмы Каліноўскага Ян Маліцкі, дыпляматы, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, былыя палітвязьні Максім Знак, Вольга Філатчанкава, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Таксама беларускія дэмакратычныя актывісты, польскія студэнты.

Адкрываючы сустрэчу, кіраўніца Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай адзначыла, што за кратамі застаюцца яшчэ каля 900 палітзьняволеных. Алесь Бяляцкі выказаў спадзеў, што ўсе яны неўзабаве выйдуць на волю.

«Можа, тыя рукапісы ў КДБ, а можа, ужо спаленыя»

Першае пытаньне да Бяляцкага было пра кнігі, якія нобэлеўскі ляўрэат напісаў за кратамі. І якія яму не дазолілі забраць з сабой падчас вызваленьня.

«Тут і Максім Знак, які напісаў 22 кніжкі ў турме і яшчэ больш прачытаў. Я, дарэчы, толькі зараз зь ім пабачыўся. У ліпені 2021 году я апынуўся ў так званым „Шанхаі“ — гэта некалькі камэраў на Валадарцы, у яе сутарэньнях. Па суседзтве быў Максім Знак. Прабыўшы там тры дні, я зразумеў, што гэта яшчэ ня „пекла“, але ўжо „чысьцец“. Камэры перапоўненыя, гарачыня…» — апавядае пра тыя нечалавечыя ўмовы Алесь.

У СІЗА быў час для пісаньня кніг. На допыты вадзілі раз на тыдзень. Але Бяляцкі адмаўляўся даваць паказаньні, спасылаючыся на 27-ы артыкул Канстытуцыі (магчымасьць не сьведчыць супраць сябе — РС).

Сустрэча з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце
Сустрэча з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце

«Я змусіў сьледчую задаваць пытаньні па-беларуску, і яна загадзя рыхтавалася: перакладала іх. Нашыя сустрэчы хутка сканчаліся, бо я адмаўляўся адказваць. Праседзеў я амаль год у той камэры, потым у іншай — бліжэй да „сьмяротнікаў“. І напісаў у СІЗА дзьве кнігі. Але ня дваццаць дзьве, як Максім Знак. Цэнзар тады казаў: „Толькі не пішы пра Лукашэнку і не пішы пра турму“», — узгадвае Бяляцкі.

Нейкія фрагмэнты ён адпраўляў жонцы Натальлі ў лістах. Але калі пачалася вайна Расеі з Украінай, «палітычным» спынілі магчымасьць перапісвацца.

«Што рабіць з рукапісамі? Я пакінуў іх на складзе з спадзевам, што калі раптам нас будуць вызваляць, іх вернуць. Там быў наш прысуд — амаль на 400 старонак. І ліст з падатковай інспэкцыі — каб заплаціў падатак за Нобэлеўскую прэмію», — цяпер зь усьмешкай узгдавае Алесь.

Але вызвалілі Бяляцкага без усіх папераў і рукапісаў — напэўна, быў жорсткі загад не вяртаць усё, што вязьні напісалі за кратамі.

«Можа, тыя рукапісы ў КДБ, а можа, ужо спаленыя», — мяркуе ён.

Бяляцкі падзякаваў Беларускаму ПЭНу за кнігу «Алесь», якая выйшла ў выдавецтве «Полацкія лябірнты» падчас яго зьняволеньня. Вокладку яму паказалі на судзе, а прачытаць кнігу ён змог толькі пасьля свайго вызваленьня. Яму спадабалася.

Іна Кулей запыталася, як Алесь, чалавек у жыцьці вельмі актыўны і рухомы, трымаўся ў няволі, як пісаў кнігі ў турме. І як фізычна вытрымліваў? Бяляцкі спачатку пажартаваў, што «пісьменьнік, мабыць, павінен мець моцны зад». І прызнаўся, што піша па-рознаму. Цяпер за кампутарам, седзячы за сталом або на канапе з ноўтам на жываце. Што да актыўнасьці і руху, то ў турме трэба было цяжка працаваць.

«Тачку ў рукі — і пайшоў. Або шуфаль у рукі. Цяжкая праца — яна вымотвала. Я працаваў у дрэваапрацоўчым цэху, малаціў паддоны На працы так нарухаесься, што ногі ледзьве цягнеш», — адказаў Бяляцкі.

«Калі б мне сказалі ў 1996-м, што мы будзем працаваць 30 гадоў, — я б не паверыў»

Алесь узгадаў падзеі 30-гадовай даўніны — стварэньне праваабарончага цэнтру «Вясна» ўвесну 1996 году. Штогод, пачынаючы з 1989 году, у Менску праходзіў «Чарнобыльскі шлях». Але праз 10 гадоў пасьля аварыі на ЧАЭС гэта тэма «прысела, прытухла», як выказаўся ён, ужо не была такой вострай. Але тут 10-годзьдзе Чарнобылю супала з падпісаньнем так званых «саюзных дамоваў» з Расеяй.

«Людзі выходзілі тады на Чарнобыльскі шлях супраць аб’яднаньня з Расеяй, супраць духоўнага Чарнобылю. Тады выйшлі на марш больш за 40 тысяч чалавек. Пасьля разгону першых „Дзядоў“ дэмакратычныя акцыі амаль не разганялі — а тут каля 500 чалавек затрымалі! Мы стварылі групу зь неабыяккавых людзей, якія дапамагалі пацярпелым. Далучыліся самыя розныя людзі.

Калі б мне ў 1996-м сказалі, што „Вясна“ будзе працаваць 30 гадоў, — я б не паверыў: „Не, такога ня можа быць! Я літаратуразнаўца, люблю пісаць, я не хачу быць праваабаронцам“. Але жыцьцё паставіла намі такія задачы, якія мы павінны былі вырашаць», — апавядае Бяляцкі.

Узгадаў ён і фацэтную гісторыю — як хадзіў рэгістраваць «Вясну» ў юрыдычны аддзел Менгарвыканкаму.

«Там сядзяць мужыкі і п’юць. „А вып’еш з намі?“ — пытаюцца. — „Не“, — адказваю. „А як ты хочаш рэгістраваць: хутка ці па законе? Хутка — дзьве пляшкі каньяку і праз два тыдні будзе рэгістрацыя. Па законе — месяц“. Я сказаў, што па законе. І мы атрымалі рэгістрацыю яшчэ на блянку з „Пагоняй“. Вось такія былі часы, нібыта камічныя, але сытуацыя была ўжо іншая», — узгадвае праваабаронца.

У 2003 годзе «Вясну» пазбавілі рэгістрацыі, бо праваабаронцы актыўна працавалі, былі назіральнікамі на ўсіх выбарах. І ўлады зразумелі, што «Вясна» ім перашкаджае. Пачалі закрываць іншыя праваабарончыя і грамадзкія арганізацыі. «Вясна» працягвала працаваць без рэгістрацыі.

Падчас першага зьняволеньня (Алесь адседзеў амаль 3 гады — з 2011 па 2014) ён дакладна ведаў, што «Вясна» працуе, і пасьля вызваленьня вярнуўся да працы.

«А цяпер, калі ў 2021 годзе шмат каго з нас арыштавалі, пра „Вясну“ мне амаль нічога не было вядома. Калі інфармацыя пра вайну з Украінай, пра Трампа, пра Эўразьвяз яшчэ неяк даходзіла, і, адкідаючы ідэалёгію, мы чыталі паміж радкоў і штосьці з навінаў разумелі, то пра няўрадавыя арганізацыі не было чуваць. Даходзілі толькі чуткі — у калёніі падыходзілі палітычныя і дзякавалі: „Вясна“ дапамагала. Калі нас выштурхнулі з краіны, я ўбачыў калег і зразумеў: «Вясна» працягвае працу, нас менш ня стала. Мне ёсьць куды вяртацца», — кажа Алесь.

Праз трасянку вучыў моладзь размаўляць па-беларуску

Гішпанка Анхэля Эсьпіноса, якая добра валодае беларускай мовай і працуе ў Варшаўскім унівэрсытэце, запыталася, якая кніга найлепшая для чытаньня ў цяжкія часы.

Алесь адказаў, што выбар літатаруры — асабістая справа. Ён перачытаў шмат кніг, якія чытаў яшчэ ў маладосьці. У горацкай калёніі быў добры выбар — з раённай бібліятэкі туды перадалі больш за 300 беларускіх выданьняў.

«Перачытаў Вячаслава Адамчыка, Барыса Сачанку, Уладзімера Арлова. Таксама чатырохтомнікі Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча. Прыстойных беларускіх кніжак было там багата» — кажа ён.

Сустрэча з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце . Журналіст Тарас Тарналіцкі
Сустрэча з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце . Журналіст Тарас Тарналіцкі

Алесь імкнуўся размаўляць па-беларуску і за кратамі. Але прызнаецца, што не заўсёды гэта ўдавалася. Часам, каб зразумелі — пераходзіў на расейскую мову. Ён таксама запатрабаваў, каб судовы працэс ішоў па-беларуску, але яму адмовілі.

«Я ў сваю чаргу адмовіўся даваць паказаньні. Бо беларускія ўлады зьневажюць беларускую мову. Яна павінна быць ува ўсіх асяродках.

Ёсьць моладзь, якая нібыта спрыяльная да цябе, але яна „сядзіць“ на расейскай папсе. Я пераходзіў у размовах зь ёю спачатку на трасянку: тыдзень-два на трасянцы, а пасьля пераходжу на чыстую літаратурную беларускую мову.

Праблемы з навучаньнем і папулярызацыяй беларускай мовы ёсьць і будуць. Адразу не загадаеш перайсьці на яе. Але безь беларускай мовы мы размыемся, нас расьцягнуць на кавалкі. Чыноўнікі, войска, дзяржаўныя службоўцы павінны ведаць абавязкова беларускую мову», — перакананы Алесь.

«Па-расейску кнігі трэба выдаваць у Расеі»

Заснавальнік беластоцкага выдавецтва «Камунікат» (якое 3 сакавіка сёлета было прызнана «экстрэмісцкім») Яраслаў Іванюк узгадаў, што ў замежжы дзейнічае каля 20 беларускіх выдавецтваў. Некаторыя выдаюць кнігі і па-расейску. Але «Камунікат» прынцыпова ня робіць гэтага. Іванюк запытаўся, якая пазыцыя Бяляцкага.

Сустрэча з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце
Сустрэча з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце

«Беларуская мова — элемэнт нашай духоўнай культуры. Калі мы хочам захавацца народам, нам трэба пазбаўляцца дзяржаўнай „дзьвюхмоўнасьці“. Безь беларускай мовы мы размыемся, нас расьцягнуць на кавалкі. Расейская мова могуць ужываць тыя, хто на ёй размаўляе. Абсалютна правільна: трэба выдаваць кнігі на беларускай мове. Па-расейску кнігі трэба выдаваць у Расеі. Вось там — выдаваць беларускіх пісьменьнікаў па-расейску», — адказаў Бяляцкі.

Гэтую адназначную думку заля сустрэла бурнымі воплескамі. Але амаль імгненна ў Фэйсбуку завязалася дыскусія.

Былы палітвязень, публіцыст, літаратуразнаўца Аляксандар Фядута занепакоіўся, хто будзе выдаваць ягоныя кнігі, напісаныя па-расейску.

«Трэба беларусізацыя, трэба вярнуць душу народу»

Ксёндз Вячаслаў Барок спытаў Бяляцкага, які галоўны дыягназ цяпер для Беларусі, у чым карані праблемы і якое лячэньне патрэбна.

«Мы маем праблему з савецкай спадчынай — і фактычна барацьба за новую дэмакратычную Беларусь працягваецца больш за 30 гадоў. Але на пустым месцы нічога не расьце. Патрэбны час, каб зьявілася новае пакаленьне, зьявіліся лідэры, каб сфармавалася грамадзянская супольнасьць.

Улады гэта разумеюць, і таму яны актыўна правялі зачыстку — выгналі зь краіны шмат народу ў спадзяваньні правесьці чарговую „саветызацыю“. Ня думаю, што ў іх гэта атрымаецца. Ня ўсе рэвалюцыі сканчаюцца пасьпяхова. Наша рэвалюцыя скончылася пэўнай паразай. Трэба беларусізацыя, трэба вярнуць душу народу. А шанцы на доўгае ўтрыманьне ўлады сёньняшнім рэжымам — яны мінімальныя», — перакананы Нобэлеўскі ляўрэат.

Былая палітзьняволеная, а цяпер навучэнка адукацыйнай праграмы Кастуся Каліноўскага Вольга Філатчанкава запыталася, як Алесь ставіцца да рэканструкцыі Валадаркі: што, на яго думку, можна зрабіць зь Пішчалўскім замкам?

Бяляцкі расказаў, як быў на прыёме ў начальніка цяпер ужо былога СІЗА № 1. Каля ягонага кабінэту віселі малюнкі з гісторыі Пішчалаўскага замку, партрэты ўсіх начальнікаў турмы. У тым ліку і Алега Алкаева, які напісаў кнігу пра «расстрэльны пісталет».

«Гэта тыповы праект тагачасных турмаў. Там сядзелі паўстанцы Кастуся Каліноўскага, Якуб Колас, пісьменьнікі, якіх рэпрэсавалі ў 1930-я, а таксама шмат палітзьняволеных. Сьцены там намоленыя. Стары будынак гадоў 15 таму быў закансэрваваны, там вязьняў не было, цяпер яго зьнесьлі. Застаўся будынак стайні, дзе сядзелі жанчыны, у тым ліку і праваабаронца Наста Лойка, журналісткі. Будынак захаваецца — па „Валадарцы“ можна будзе праводзіць экскурсіі, калі ўлада зьменіцца: тут сядзеў Максім Знак, а там — Аляксандар Казулін», — выказаў спадзеў Алесь Бяляцкі.

Запыталіся ў нобэлеўскага ляўрэата і пра тое, як ён ацэньвае высілкі Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі — ці можа Эўропа зрабіць больш?

Бяляцкі адзначыў, што дапамога Эўразьвязу досыць сур’ёзная, хоць ёсьць і праблемы: зь візамі, з банкаўскімі рахункамі для беларусаў. Але яны вырашальныя.

«Ёсьць добрая воля, нас ня лічаць тут чужымі. Падтрымка беларускіх ініцыятываў надзвычай важная: і „Белсату“, і Радыё Рацыя, іншых. Будзем спадзявацца, што яна ня будзе зьмяншацца. Падзеі і крызысы накочваюцца адны за аднымі. Трэба нагадваць, што мы ёсьць. Бо калі закінуць Беларусь — гэта патэнцыйна небясьпечна для эўрапейскай прасторы. І некантраляваная міграцыя, і балёны з цыгарэтамі — гэта сплянаваныя атакі для дэстабілізацыі сытуацыі на памежжы. Ня думаю, што гэтыя кампаніі распрацаваныя ў Беларусі, гэта распрацоўкі Крамля. Беларусь павінна заставацца ў інтарэсах усяго эўрапейскага кантынэнту і найперш нашых суседзяў», — выказаў думку нобэлеўскі ляўрэат.

Сустрэча з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце
Сустрэча з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце

Гісторыю Беларусі немагчыма ўявіць без гісторыі Польшчы і Літвы, хоць гэтыя краіны даўно ў Эўразьвязе, а Беларусь знаходзіцца пад таталітарным рэжымам, мяркуе Бяляцкі.

«Мы ведаем, як у гісторыі здараецца: калі адбываецца нейкая рэвалюцыя — ідзе хуткае разьвіцьцё. Я перакананы, што мы дагонім іншыя краіны, а яны зацікаўленыя ў надзейным партнэрстве свайго ўсходняга суседа».

Алесь Бяляцкі ўсьцешаны, што ў польскім грамадзтве, агулам кажучы, няма розных ацэнак таго, што адбываецца у Беларусі. Падтрымку беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці вітаюць усе — і розныя палітычныя сілы, і грамадзкія арганізацыі.

«Вы надзейны наш саюзьнік і партнэр. Гэта вельмі важна. Я спадзяюся, хутка і пасьпяхова скончыцца вайна ва Ўкраіне, і яна стане эўрапейскай дэмакратычнай краінай. І Беларусі ня будзе куды падзецца — мы будзем аточаныя дэмакратычным краінамі. Таму давайце працягваць гэтую працу, гэта будзе на карысьць нашых народаў, як і было ўсе папярэднія стагодзьдзі», — кажа Алесь Бяляцкі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG