«Калі мы першы раз сазвоньваліся зь відэа, спачатку я яго не пабачыў, а пачуў. Мне здавалася, што гэта рэха, што маім голасам хтосьці са мной вітаецца». Максім Знак расказаў Свабодзе пра сына, сплавы і горы ў дзяцінстве і 107 кіляграмаў вагі.
Максім Знак — юрыст, які ня здолеў сябе абараніць. Школьнік з тройкамі па ангельскай мове, які вучыўся ў ЗША. Удзельнік выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі, які на той час ведаў Бабарыку 18 дзён. Шчасьлівае дзіця, зь якім бацька хадзіў на сплавы і ў горы, дзе яны ледзь не загінулі. Адна з асноўных дзейных асобаў на пратэстах 2020 году, якая сумняецца, што займалася палітыкай. Мужчына вагой 107 кіляграмаў, які пазьней адолеў Ironman у 230 кілямэтраў. Палітвязень, які некалькі гадоў правёў у адзіночцы, напісаў 18 кніг і больш за 160 песень пераклаў на беларускую мову.
Максіму 44 гады, зь якіх больш за пяць ён правёў у турме. Падчас туру па гарадах Польшчы Максім Знак завітаў у Беласток, дзе правёў дзьве публічныя сустрэчы — прысьвечаную кнізе «Зэкамэрон» і канцэрт з уласнымі песьнямі. На сустрэчах людзі задавалі многа пытаньняў пра ягонае зьняволеньне і палітычную дзейнасьць — якія Максіму ўжо надакучылі. Ён шмат жартаваў, чым выклікаў сьмех у залі, а на сваім канцэрце прасіў не здымаць для публікацыі і заахвочваў разам сьпяваць песьню п’яных матросаў.
У размове Максім часта кажа пра сябе «я як усе», «у мяне як ува ўсіх», абураецца, што многія распытваюць яго пра 2020 год і турму, і запальваецца, калі гаворыць пра дзяцінства.
Прыводзім ягоныя адказы падчас інтэрвію і сустрэчаў з чытачамі й слухачамі ў выглядзе невялікіх маналёгаў.
1. Глядзець у неба
«Першае, што я зрабіў з задавальненьнем пасьля вызваленьня, гэта пайшоў па вуліцы. Глядзеў у неба і паварочваўся ўправа-улева. Я дагэтуль вельмі люблю хадзіць і глядзець у неба.
Як высьветлілася, я засумаваў па тэлефоне. Я думаў, што зусім ад яго адвык, але ён стаў дадаткам, ад якога нельга зараз адчапіцца (падчас размовы Максім пэрыядычна піша нешта ў тэлефоне. — РС). Зь ежы — самыя базавыя рэчы, памідоры са сьмятанай, як нашая нацыянальная страва, з сольлю (сьмяецца. — РС). Малако, хлеб нармалёвы, бульба нармалёвая.
Я не прасіў нічога прывезьці зь Беларусі. Мне прывозяць зэфір, „Сталічныя“ цукеркі, журавіны ў цукры. Гэта ўсё клясна, але я з значна меншым імпэтам рэагую на такія рэчы ў параўнаньні зь сябрамі, якія тут ужо даўно жывуць. Мне прыемней перадаваць гэта тым, хто больш ацэніць».
2. Алесь
Максімаву сыну Алесю было 12 гадоў, калі бацьку пасадзілі. Цяпер яму 18, ён вышэйшы за бацьку. Хлопец жыве з татам у Варшаве.
«Я сустракаў Алеся ў аэрапорце разам з Надзеяй (жонкай. — РС). Ён выйшаў — велізарны чалавек, незнаёмы, але вельмі знаёмы. Падышлі, абняліся, пастаялі. Вельмі рады былі бачыць. З гонарам пабачыў, які ён стаў дарослы.
Калі мы першы раз сазвоньваліся зь відэа, спачатку я яго не пабачыў, а пачуў. Мне здавалася, што гэта рэха, што маім голасам хтосьці са мной вітаецца. Я кажу: „Прывітаньне“. Мне кажуць: „Прывітаньне“. Я кажу: „Як справы?“ Мне кажуць: „Як справы?“ Я кажу: „Што за зьдзек такі? Што гэта такое?“ Тады ўжо быў іншы адказ, але голасам, вельмі падобным да майго, толькі крыху ніжэйшым. У мяне было ўражаньне, што я сустрэўся з сваім двайніком. Вядома, я яго пазнаў, бо штосьці не зьмянілася. Але я заўважыў, што шмат часу мяне не было. З 12 да 18 гадоў чалавек значна зьмяняецца.
Гэта Алесь больш вырашыў, што будзе жыць са мной. Ён марыць вучыцца ў Венскім унівэрсытэце. Зараз рыхтуецца, каб паступіць. Ён пасьля школы скончыў курсы і працаваў як інтэрнэт-маркетоляг.
Я вельмі ўдзячны, што ў мяне атрымалася такая магчымасьць пабыць разам. Ён ужо паўналетні і можа пайсьці сваім шляхам, але зараз мы разам. Калі ў яго атрымліваецца, ён са мной езьдзіць кудысьці — у Прагу, у Лодзь. На роварах катаемся. Учора было «юрбарбэкю» (імпрэза для юрыстаў на прыродзе. — РС). І дома мы зь ім сядзім. Ён зараз бяз працы, я бяз працы. Роля Надзеі ў выхаваньні сына не паменшылася. Ува ўсіх пытаньнях ён хутчэй зьвернецца да яе, бо звык.
Гэта яшчэ хто каго выхоўвае. У Алеся ёсьць пэўныя звычкі, якія мне вельмі цяжка зьмяніць. У зьняволеньні я завёў звычку: калі дзесьці бачу кавалачак пылу, у мяне вока пачынае дрыжаць, бо я бачу недасканаласьць. Мне хочацца хутчэй гэта прыбраць. Я кажу: „Давай будзем прыбіраць адразу“. Але, памятаю, для мяне раней таксама было нармалёва прыбірацца раз на тыдзень. Можа, хтосьці з нас кагосьці перавыхавае.
Мы з Надзеяй яго назвалі Алесь, бо паглядзелі і вырашылі, што ён Алесь. Алесь для мяне гэта і мой тата, гэта і „Каласы пад сярпом тваім“, гэта і мой сын».
3. Тата
«У мяне было вельмі клёвае юнацтва. Я сабе зайздрошчу, бо мой тата са мной хадзіў у водныя вандроўкі на байдарках. Звычайна два разы на год: адзін раз па Беларусі, адзін раз у Карэліі ці на Кольскім паўвостраве.
У сем гадоў я прайшоў першы самастойны маршрут па Іслачы, Заходняй Бярэзіне, Нёмане — 157 кілямэтраў. Турма ўсё ж цяжэйшая. Хаця той дзень, калі трэба было зрабіць пераход на больш як 30 кілямэтраў за дзень, памятаю дагэтуль. Адчуваньні таго бясконцага дня, калі трэба было ісьці, ісьці, ісьці. Такіх адчуваньняў у мяне ў турме не было. Я быў вельмі незадаволены, магчыма, і тату свайму выказваў, што ня варта так рабіць, і прасіўся, каб ён узяў мяне на буксір. Здаецца, калі я пачаў такія размовы, яны крыху наперад паплылі.
На наступны год я пайшоў у другую катэгорыю складанасьці, дзе ўжо ёсьць парогі. І яшчэ праз год — у трэцюю катэгорыю складанасьці, дзе ёсьць вадаспады.
Гэта вельмі мне дапамагло далей у жыцьці, бо загартавала: няма такіх пытаньняў — рабіць ці не рабіць. Трэба зрабіць — узяў і зрабіў. Трэба з вадаспаду скокнуць — скокнуў і з вадаспаду.
Я кажу пра шчасьлівае дзяцінства, калі бацькам хапала часу са мной займацца. Мы вельмі шмат дзе былі разам. Жыцьцё ў вандроўках — гэта ня толькі ў байдарцы. Ты павінен намёт паставіць, вады прынесьці, вогнішча распаліць, заўсёды ў мокрым адзеньні. Гэта добрая школа для гартаваньня самастойнасьці.
Вядома, я расказваў, які я круты, але ўсе мае аднаклясьнікі таксама былі крутыя, можа, і круцейшыя. Таму нікога не ўражвалі мае аповеды. На агульным фоне я не выглядаў выбітна».
4. Горы
«Любоў да гор таксама ад таты. Першы раз мы схадзілі па хрыбтах на Каўказе пагуляць, калі мне было 10 гадоў. Гэта было каля мяжы з Абхазіяй, уздоўж ракі Бзыб. Ледзь не загінулі. Мы памылкова заперліся не на той перавал. Прайшлі церазь ляднік, які лічыўся непраходным. У нас не было рыштунку, мы проста абвязаліся адной вяроўкай і ішлі. Калі б штосьці здарылася, то паехалі б усе разам у шчыліну.
Мы зайшлі ў такое месца, адкуль не было ніякага спуску ўніз, і начавалі на схіле гары. Увесь наступны дзень шукалі, як спусьціцца. Спускаліся па засохлым вадаспадзе, пераходзілі ўброд дастаткова моцную раку. Нас з горнага пасёлку вывозіў у кузаве ЗІЛа кіроўца, які вёз парадзіху. Дарога амаль вэртыкальная. Раптам машына глухне і яе пачынае цягнуць уніз. Гэта ноч, мы сядзім у кузаве. Адзін дзядзька выскачыў і кінуў камень пад машыну, каб яна спынілася.
Самае прыгожае, што ёсьць, — гэта горы. Я быў у Альпах, на Каўказе, у Гімалаях, але ўражаньні з той дзіцячай вандроўкі застаюцца дагэтуль. Калі ёсьць рызыка і на яе фоне ты бачыш прыгожыя краявіды, то яны ў цябе ўпячатваюцца намёртва».
5. Вучоба
Максім вучыўся ў менскай гімназіі № 24. Меў тройкі па беларускай і ангельскай мовах, але скончыў школу з мэдалём. Гуляў у «Што, дзе, калі», КВН, граў на гітары. Юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту скончыў з чырвоным дыплёмам, скончыў асьпірантуру. Атрымаў мэнэджарскую адукацыю ў Бізнэс-школе ІПМ у Менску і варшаўскай Акадэміі Казьміньскага. Заснаваў сваю юрыдычную фірму «ЮрЗнак». Выкладаў права на магістарскай праграме Інстытуту бізнэсу БДУ.
«Я быў нармалёвым бэйбусам, харашыстам, які атрымліваў „тры балы“ па некалькіх прадметах. У мяне былі артаграфічныя памылкі ў дыктоўках. Сачыненьні я рабіў на пяць-два. Пяць за задуму і два за выкананьне. Потым я зьезьдзіў у Амэрыку замест 10-й клясы. У мяне там зьявілася звычка быць лепшым у галіне вучобы, зь ёю я вярнуўся ў Беларусь.
Быў конкурс. Яны глядзелі найперш не на ангельскую мову, а на якасьці, бо мова ў Амэрыцы ўва ўсіх стане дасканалай празь месяц. Думаю, мяне ўзялі за крэатыўнасьць. Было заданьне: калі вы апынуліся на бязьлюднай вуліцы, што вы будзеце рабіць? Ня памятаю, што я адказваў. Але мой тата гуляў са мной у гульню: калі ты апынесься на бязьлюднай высьпе, што ты будзеш рабіць? Я адказваў: „Па-першае, я выкапаю яму і знайду там жалеза, а потым з жалеза пачну рабіць усё астатняе“.
Мне трэба было абраць сем прадметаў. Я абраў тыя, зь якіх мне не хацелася здаваць экзамэны па вяртаньні: альгебру, хімію, фізыку. Для душы я ўзяў джаз-бэнд — кожны дзень граў у джаз-бэндзе на рытм-гітары. Лепей бы ўзяў спорт.
Там іншая сыстэма адукацыі. Яны праходзяць курс прадмету ад пачатку цэлы год. Тое, што мы праходзілі ў шостай клясе, яны вучылі ў дзясятай. Я ўжо ўсё гэта ведаў і быў зоркай. Мне было вельмі проста адказваць на ўсе пытаньні, атрымліваць 100% па тэстах. А потым мне стала цікава, і калі зьявіўся новы матэрыял, я таксама атрымліваў 100%. Ніякай магіі. Мне спадабалася быць першым.
У Амэрыцы трэба было пісаць сачыненьне на тэму, кім я хачу стаць, калі вырасту. Я тады напісаў, ня ведаю чаму, што я б хацеў быць адвакатам, які спэцыялізуецца ў галіне канстытуцыйнага права. Мне здалося, што гэта вельмі цікавая прафэсія. Я ведаў пра канстытуцыйных адвакатаў з амэрыканскіх кніжак.
У 11-й клясе ў мяне было два асноўныя жаданьні паступіць: або ў юрыдычную сфэру, або ў сфэру журналістыкі, бо я насьценгазэты рабіў, пісаў апавяданьні. Хутчэй за ўсё спрацаваў разьлік, што, стаўшы юрыстам, потым можна быць яшчэ і журналістам, а наадварот будзе цяжкавата. Здавалася, што юрысты — гэта добрая прафэсія, мае добрую будучыню. Я дакладна ня марыў пра юрыдычную фірму, кабінэты, суды. Пра каханьне ўсе мараць.
Я ў шостай клясе пайшоў у музычную студыю вучыцца на гітары. Мне хацелася навучыцца граць і хацелася праводзіць дзяўчыну, якая жыла па той самай дарозе, якой я езьдзіў у студыю. Дзяўчыну мне так і не ўдалося праводзіць. Але ў студыю я хадзіў чатыры гады».
6. Айранмэн
Максім прабег тры «айранмэны» (iron man — з ангельскай «жалезны чалавек») — гэта амаль 230 кілямэтраў, калі трэба плыць, ехаць на ровары і ўрэшце бегчы. Аднойчы пасьля фінішу ён страціў прытомнасьць.
«Я пайшоў бегаць у 33 гады. Маю схільнасьць да лішняй вагі, у мяне было на піку 107 кіляграмаў. Я схуднеў на дыеце. Потым пачаў зноў набіраць, і дыетаваць мне было ўжо нецікава. Я вырашыў паспрабаваць бег. Мая сяброўка сказала, што калі хочаш бегчы маратон, трэба публічна пра гэта сказаць, каб не было варыянтаў адступіцца. Праз два месяцы я прабег паўмаратон, праз тры — маратон у Кіеве.
За тры месяцы я выканаў усё, што трэба было расьцягнуць на некалькі гадоў. Паўстала пытаньне: а што далей? І адзіны адказ быў — айранмэн. Гэта зараз я разумею, што можна 10 кілямэтраў бегаць бясконца і ўдасканальвацца на гэтай дыстанцыі. Тады мне здавалася, што трэба падымаць, падымаць, падымаць плянку. Менш чым праз год я зрабіў айранмэна.
Калі табе трэба сябе пераадольваць, значыць, ты штосьці робіш няслушна. Ты павінен быць падрыхтаваны, ведаць свой тэмп і як машына яго трымаць.
Я чалавек больш праектны, чым працэсны. Я шмат разоў у жыцьці спрабаваў выйсьці і пачаць бегаць, ніколі нічога цікавага для мяне ў гэтым не было. Няма ніякага выніку. Ты бегаеш і бегаеш. Калі зьяўляецца мэта, працэс упакоўваецца ў праект. Айранмэн — добрая мэта, каб ты сябе цягам году трымаў у форме і імкнуўся да дасканаленьня. Маратон — проста справаздача.
Спорт на вытрываласьць — добрая рэч, каб ставіць мэты і дасягаць. Ён дае значна больш энэргіі. Калі я пачаў займацца айранмэнам, думаў, што мне ня будзе хапаць часу. Але потым высьветлілася, што эфэктыўнасьць зьмяняецца і ты можаш і тое, і другое рабіць.
Аднойчы я страціў прытомнасьць, калі фінішаваў. Гэта азначае, што чалавек парушыў прынцыпы падрыхтоўкі і бясьпекі падчас гонкі. Па-першае, тэмпэратура была большая за 30 градусаў. Па-другое, я патануў падчас плаваньня. Мяне на першых 50 мэтрах нагамі заціснулі пад ваду і нада мной зьверху плылі людзі. Я хацеў выйсьці на зямлю і больш нічога не рабіць. І роварная траса была для мяне вельмі складаная, па ўзгорках. Калі я фінішаваў, замест таго каб паесьці нармальнай ежы, пайшоў у душ і ўключыў гарачую ваду. У душы мяне і „зьнесла“.
У Польшчы я купіў новыя красоўкі Asics. Выйшаў на прабежку на сем кілямэтраў. А наступныя тры тыдні лячыў калені. Зараз мне трэба з рэабілітолягам парабіць практыкаваньні. Праблемы з каленямі, з хрыбеткамі нікуды ня дзенуцца. Але, можа быць, зьявяцца цягліцы, зь якімі будзе бясьпечна бегаць. Пакуль я раблю ровар і плаваньне».
7. Палітыка
Да 2020 году Максім Знак хадзіў на прэзыдэнцкія выбары, але ня ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях кандыдатаў. Падчас пратэстаў супраць вынікаў выбараў 2006 году яго затрымалі ў намётавым мястэчку на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Ён адбыў 14 дзён арышту ў Жодзіне. Тады яму было 24 гады.
«Я ведаў кандыдатаў, ведаў, што адбываецца ўвогуле, але гэта не было справай, якая датычыцца мяне беспасярэдне. Я абураўся, я быў на Плошчы ў 2006 годзе. Я ніколі не глядзеў на іншыя палітычныя кампаніі з пагардай. Я ведаў пра іх толькі звонку: хтосьці штосьці спрабуе рабіць, але вельмі цяжка і не атрымліваецца.
У 2020 годзе магло прасьлізнуць: „Так ужо рабілі, мы зараз спрабуем рабіць па-іншаму“. Але гэта ня крытыка. Калі рабіць сотню разоў адну і тую ж рэч, хутчэй за ўсё атрымаецца адзін і той жа вынік.
Мы рабілі шмат рэчаў па-іншаму. Схема, калі ў ініцыятыўнай групе ўдзельнічае тысяча чалавек і кожны сам цэнтар, які сам стварае свой дабрабыт; пункты збору подпісаў за свае сродкі самі рабілі, хто як хацеў, — гэта значна адрозьніваецца. Гэтае натхненьне людзей немагчыма зьбіваць, кажучы, што трэба рабіць і ня трэба рабіць.
Я дагэтуль лічу, што мы таксама ўдзельнікі гэтага працэсу, не кіраўнікі дакладна. Кожны прымае рашэньне асабіста.
Мне не падабаецца чарговы раз расказваць пра 2020 год. Мы знаходзімся ў 2026-м. Шэсьць гадоў тут гэта ўсё абмяркоўваецца бяз нас. Што там адбывалася, чаго не адбывалася. Вялізная колькасьць людзей, якія ў гэтым удзельнічалі далей, ужо найпадрабязьнейшым чынам расказалі, што там дзе як было.
А мы зараз спрабуем калупацца зноў у 2020 годзе — замест таго, каб казаць пра 2026-ы. Я ня супраць адказаць на пытаньне пра 2020 год. Але чаму такая засяроджанасьць на тых трох месяцах актыўных дзеяньняў? Мяне пытаюцца: як вы ставіцеся да таго, да сяго, як вы ставіцеся да гэтай пэрсоны? Я кажу: come on, я з чалавекам адзін-два разы сустрэўся ў 2020-м, а вы тут назіраеце пяць гадоў. Чыя думка будзе больш важкай і слушнай?
Бясконца запытваюцца: „Вы шкадуеце ці вы не шкадуеце? А што трэба зрабіць было, а чаго вы не зрабілі?“ Калі хтосьці хоча сказаць, што трэба было зрабіць, хай бярэ і скажа. Я дагэтуль не пачуў, каб хтосьці выразна і адказна сказаў: „Трэба вось так“.
У мяне ёсьць думка на гэты конт. Мы знаходзіліся ў цугцвангу (пазыцыя ў шахматах або шашках, калі кожны ход вядзе да пагаршэньня пазыцыі. — РС) ад пачатку. Пытаньне: варта ці ня варта? У мяне ўвогуле няма адказу, што ня варта было рабіць. Ну як ня варта? Мы ж людзі.
Я сапраўды ня мог уявіць такога маштабу рэпрэсіяў. Я мог здагадвацца пра ўласныя рызыкі, але ня мог здагадвацца пра рызыкі для нацыі ўвогуле. Але мне здаецца, што ніхто ня мог здагадвацца пра такі маштаб рэпрэсіяў.
Я вельмі шмат думаў пра пытаньні ўласнай адказнасьці і пра тое, што, можа, трэба было зрабіць інакш. У мяне было шмат часу падумаць. Усе варыянты іншага тыпу паводзін, якія я магу спраектаваць у мозгу, прыводзяць да яшчэ горшых вынікаў.
Вяртацца ў палітыку? Калі я быў у палітыцы, то я там і застаўся дагэтуль, бо я такі, які і быў, а калі мяне не было ў палітыцы, то і… Палітыка — гэта барацьба за ўладу. Большасьць беларусаў апынулася ў Польшчы, бо яны ўдзельнічалі ў палітыцы, хоць нібыта і ня ўдзельнічалі. Таму яны сысьці ня могуць. Пакуль гэтая сытуацыя не зьмянілася, мы ўсе знаходзімся ўнутры».
8. Турма
Максіма затрымалі 9 верасьня 2020 году, вызвалілі 13 сьнежня 2026 году і прымусова вывезьлі ва Ўкраіну. Адтуль ён пераехаў у Польшчу. Зь лютага 2023 году ён быў ў рэжыме інкамунікада, калі родныя ня мелі зь ім ніякай сувязі — ні празь лісты, ні праз званкі. Пра стан Максіма за кратамі не было ніякай інфармацыі. Амаль два гады ён правёў у адзіночнай камэры.
Падчас зьняволеньня Максім напісаў 18 кніг. Адну зь іх — «Зэкамэрон», сто аповедаў у гумарыстычным стылі пра турму — ён здолеў часткамі перадаць на волю, і яе выдалі кнігай. Яшчэ 17 рукапісаў кніг яму не аддалі пры вызваленьні. Ён за гэты час пераклаў на беларускую мову з памяці 167 песень. Толькі зь сьледчага ізалятару ён напісаў больш за 7 тысяч лістоў. Прачытаў за кратамі каля 1600 кніг.
«Чаму я апынуўся інкамунікада, ня ведаю. Калі мы кажам, што ёсьць нейкі бізнэс вакол вызваленьня, то гэта павялічвае актыў. Калі ты хочаш штосьці прадаваць, трэба, каб тавар знаходзіўся ў добрым стане. А тут наадварот — трэба, каб у дрэнным, то, можа, будзе вышэйшай цана.
Найцяжэйшымі былі першыя некалькі месяцаў, калі я зразумеў, што гэта ўжо надоўга і гэта ня хібы пошты, што гэта адмыслова робіцца. Калі б я засяроджваўся на тым, як мне складана сядзіцца, то пакуты былі б у мяне ў тысячу разоў горшыя.
Я спрабаваў як мага менш думаць пра гэта, засяродзіцца на выкананьні як мага большай колькасьці задач, якія я сам сабе прыдумляў, каб забіць свой дзень. Да таго ж я ніколі не спыняў спробы дамагчыся таго, каб гэта скончылася: „Дайце сына з днём народзінаў хаця б павіншую, пазваню, яму 18 гадоў будзе“. Я ведаў, што калі буду пра гэта думаць і нічога не рабіць, то звар’яцею.
Калі я пішу ліст, я камунікую, так? І хоць я не атрымаў ліст, я ўсё адно камунікую. Таму я працягваў пісаць усё, што вычытваў, што слухаў, усё, што падумаў, — я адразу пісаў. У мяне вельмі шмат лістоў было напісана. Усё гэта там засталося. І дагэтуль, калі размаўляю з роднымі, кажу: „Я ж вам пісаў пра гэта!.. А, добра, я вам пісаў, а вы не чыталі“.
У адзіночцы я запісваў усё. Калі ты знаходзісься ў замкнёнай прасторы кожны дзень, то нешта новае, што адбываецца, — гэта ўжо падзея. Яе варта запісаць. Новая думка, новае відовішча, новае ўражаньне, новыя канцэпцыі. Я выйшаў на вуліцу, убачыў, як у лужыне адлюстроўваліся краты на небе, лужына рухалася — і краты рухаліся як зьмеі. Я зрабіў мастацкую замалёўку, як гэта адбываецца, літаратурна.
Мне прасьцей было рабіць, чым не рабіць. Я забіваў свой час. Не даваў сабе адпачынку: або чытаў, або пісаў. Нават калі клаўся ў ложак, крыху кантрабандна яшчэ гадзіну чытаў. Калі ты заняты ўвесь час, то ён ідзе хутчэй.
Я сабраў вельмі шмат прычын, чаму супэрдобра сядзець у ПКТ — памяшканьні камэрнага тыпу (стражэйшы рэжым у параўнаньні з асноўнай зонай калёніі. — РС): ня трэба хадзіць нікуды правярацца, на выхаваўчыя мерапрыемствы, ня трэба рабіць выгляд, што ты вітаесься з усімі.
Вядома ж, у турме ня ўсё так добра. Але тое, што я стаўлюся з гумарам да сябе і спрабую так у жыцьці ісьці, — гэта ня маска, гэта натуральнасьць. Чалавек, які любіць усьміхацца і выклікаць усьмешку ў іншых, — гэта, мне здаецца, натуральна.
Людзі вельмі заклапочаныя тым, што адбываецца, тым, што ў нас шмат хто ў вязьніцы, шмат людзей баяцца туды трапіць. Мне здавалася важным данесьці, што гэта дрэнна, гэта жах, але ня жах-жах-жах.
Гэты запіс (кніга „Зэкамэрон“. — РС) дае такую трактоўку-разуменьне: гэта вельмі своеасаблівае месца, але зусім не такое, як нам яно здаецца, калі мы нічога ўвогуле ня ведаем. Людзі нават мне казалі: „Я ўжо прачытаў, а потым трапіў (у турму. — РС) — і ўсё знаёма, я ўжо ўсё ведаў, калі прыйшоў“. Калі гэта так спрацавала, для кагосьці гэта добра. Калі хтосьці пачаў менш хвалявацца за сваіх блізкіх, то таксама добра.
Я ўжо ведаў (у зьняволеньні. — РС), што я пісьменьнік. Мне пра гэта людзі сказалі. Таму я ведаў, што магу ствараць, і ў мяне зьявіўся сэнс».
9. Цяпер
«Я маю бізнэс-адукацыю. Шукаю варыянты, хутчэй не зьвязаныя з правам, а працу ў мэнэджмэнце нейкай фірмы, дзе ўжо працэсы наладжаныя, дзе патрабуецца экспэртыза, якая ў мяне ёсьць. Творчасьцю, вядома, пляную займацца. Але гэта ня можа быць сродкам заробку, на жаль. Зараблю грошы і буду займацца творчасьцю.
Мяне сястра ў Варшаве адразу ўзяла пад апеку. Цяпер я жыву на тым, што „нажабраваў“: дапамога палітвязьням, і з міжнародных крыніц, і тое, што беларусы сабралі, і тое, што мне сябры проста сказалі: „Вось, вазьмі на першы час і можаш не аддаваць“. Я кажу: „Я хачу аддаць“. — „Не, ты аддасі ня нам, а камусьці, каму будзе патрэбна“. Пакуль я афіцыйна зарабляць не магу. Каб здымаць жытло ў Варшаве, трэба нармальна працаваць і нармальна зарабляць».
Форум