У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі адкрылася першая пэрсанальная мастацкая выстава вядомага рок-музыкі Лявона Вольскага. «Лес чуе, а поле бачыць» — сэрыя з дванаццаці карцін, кожная зь якіх прысьвечаная пэўнай беларускай прыказцы ці прымаўцы.
Мары стаць мастаком
Хоць асноўным заняткам Лявона Вольскага зрабілася музыка, першая ягоная спэцыялізацыя падчас вучобы ў Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава — станковы жывапіс. Паралельна з музыкай Вольскі ўвесь час займаўся выяўленчым мастацтвам: ствараў коміксы, ілюстрацыі да кніг, вокладкі музычных альбомаў, графіку, жывапіс. Маляваць Лявон пачаў у даволі раньнім дзяцінстве.
«Калі мне было гады 4, і хтосьці хацеў стаць касманаўтам, хтосьці міліцыянтам, я хацеў стаць мастаком. Бацькі аддалі мяне ў мастацкую студыю, дзе выкладаў выдатны настаўнік — мастак і пэдагог Сяргей Пятровіч Каткоў (ён, дарэчы, вучыў і Адама Глёбуса)», — узгадвае рок-музыка.
Потым Вольскі вучыўся ў менскай мастацкай школе № 1, у мастацкай вучэльні імя Глебава на аддзяленьні «станковага жывапісу», пасьля сканчэньня якога юнака забралі ў войска. Пасьля службы хацеў далей працягваць мастацкую адукацыю, паступіць у Тэатральна-мастацкі інстытут. Але… з трэскам праваліўся.
«Пасьля войску мы былі тупаватыя, бо калі ты пішаш два гады Леніна, малюеш плякаты кшталту „Советской армии солдат“ — ты праваліш іспыты. Так і адбылося. Потым зь гітарыстам гурта „Мроя“ ў нейкім ЖЭСаўскім памяшканьні на вуліцы Цікоцкага малявалі плякаты пра „сацыялістычнае спаборніцтва“, а за гэта нам дазвалялі там рэпэтаваць. Пачаліся сур’ёзныя музычныя посьпехі і мы ўжо вырашылі не паступаць у інстытут. Для мяне апошняй кропляй сталі словы Міхала Анемпадыстава: „Мы зноў будзем 5 гадоў хадзіць у інстытут, зноў вывучаць тое, што было ў вучэльні? Навошта?“», — распавёў Лявон на адкрыцьці выставы.
Калі ён пачаў сур’ёзна займацца музыкай, выяўленчае мастацтва нікуды не падзелася. Прыдумляў і маляваў вокладкі для сваіх альбомаў, коміксы, рабіў ілюстрацыі для кніг, займаўся графікай, цяпер засвойвае пастэль.
«Давялося ламаць сябе праз калена»
«Лес чуе, а поле бачыць» — першая пэрсанальная выстава Лявона Вольскага як мастака. Два гады таму яны разам зь лідэрам гурту «Дай дарогу» Юрыем Стыльскім рабілі ў тым жа музэі Вольнай Беларусі «парную» выставу. А цяпер Лявон прызнаецца, што дасьпеў да таго, каб зрабіць нешта канцэптуальнае.
«Усе карціны напісаныя на тэмы беларускіх прыказак і прымавак. Гэта нетыповы для мяне жанр. Я звычайна працую ў больш авангардным, экспрэсіянісцкім стылі, а тут давялося ламаць сябе „праз калена“ і рабіць вось такія рэчы, згадваць адукацыю. Мабыць, тут ёсьць крышачку сюрэалізму альбо магічнага рэалізму» — тлумачыць Вольскі.
Вось некаторыя назвы карцін Лявона Вольскага: «Бог не цяля, бачыць круцяля», «Не было б тое, было б што другое», «Было б балота, а жабы знойдуцца», «Раней бывала — і варона кувала. А цяпер і зязюля ня каркае», «Складна кумушкі пяюць, ды ім веры не даюць», «Рабі справу пільна, і тут будзе Вільня».
Працы можна набыць. У каталёгу пазначаныя кошты карцін: ад 2500 да 3500 эўра.
«Наперадзе ўсё такое туманнае, няпэўнае»
Над тузінам твораў жывапісу мастак працаваў паўтара года. Ён падзякаваў Беларускаму моладзеваму хабу, які прадаставіў памяшканьне для працы, а таксама Музэю Вольнай Беларусі, які дазволіў нават сьцены перафарбаваць у глыбокі шэры колер дзеля арыгінальнай канцэпцыі мастака.
«Мы перафарбавалі сьцены, павесілі драпіроўкі, зрабілі адмыслова незвычайнае сьвятло, нават напусьцілі дыму. Тут такі туман!
Беларусь наагул — такая краіна смугі, туманоў. У Беларусі акрамя таго, што туман — уласьцівасьць прыроды, гэта яшчэ і ўласьцівасьць сёньняшняга жыцьця. Бо сёньняшні, заўтрашні дзень — досыць туманныя, і наперадзе ўсё такое туманнае, няпэўнае», — тлумачыць сваю канцэпцыю мастак.
«На карцінах багата туману, холаду, ценяў, неакрэсьленасьці — відаць, так аўтар бачыць сёньняшні дзень ці будучыню свайго краю — Беларусі» — напісана ў анатацыі да выставы. Але песьні для выступу на адкрыцьці выставы Лявон Вольскі падабраў досыць аптымістычныя.
На вэрнісаж завіталі былы палітвязень Максім Знак, палітык і кіраўнік НАУ Павал Латушка, прадстаўнікі офісу Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка, Вольга Зазулінская, Ганна Красуліна, музыка Ўладзімер Пугач, акторка Крысьціна Дробыш.
З адкрыцьцём пэрсанальнай выставы Вольскага празь відэасувязь павіншаваў зь Кіпру знакаміты беларускі мастак Уладзімер Цэсьлер.
Форум