Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы дасьледавалі практыку інкамунікада ў беларускіх вязьніцах: сыстэматычнае і мэтанакіраванае

Плякат з партрэтамі беларускіх палітвязьняў насупраць беларускага пасольства ў Літве, архіўнае фота
Плякат з партрэтамі беларускіх палітвязьняў насупраць беларускага пасольства ў Літве, архіўнае фота

Камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі сумесна з «Прававой ініцыятывай» абнародаваў даклад «Саўдзельнік — цішыня: Incommunicado у Беларусі як катаваньне і бесчалавечнае абыходжаньне».

Праваабаронцы адсачылі практыку рэжыму «цішыні» адносна мэдыйных ды іншых палітвязьняў, пачынаючы ад жніўня 2020 да гэтага часу.

Інкамунікада — гэта ўтрыманьне арыштантаў у суцэльнай ізаляцыі ад зьнешняга сьвету. Паводле праваабаронцаў, гэтая злачынная па сваёй сутнасьці практыка, даўно вядомая ў сьвеце, стала шырока ўжывацца ў Беларусі са жніўня 2020 году. Менавіта ў такім рэжыме апынуліся тыя, хто выйшаў на першыя масавыя пратэсты супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў.

«Тады сотні людзей затрымлівалі, зьбівалі і катавалі ў пастарунках ды ізалятарах, а каб пра гэта не было вядома, нават прозьвішчы затрыманых не паведамлялі і не дапускалі да іх адвакатаў, як было на Акрэсьціна. Пазьней практыку дапрацавалі ўжо адносна палітвязьняў», — распавёў на прэзэнтацыі дакладу былы беларускі адвакат Арцём (імя зьмененае з прычын бясьпекі).

«Эмацыйна вельмі ціснула на псыхіку, што родныя ня ведалі, дзе мы. Мала што можа адбыцца, калі чалавек сышоў з дому. Нават званку ніхто ня даў зрабіць», — распавядаў былы вязень Акрэсьціна пра падзеі жніўня 2020 году.

«Мае сваякі, сябры прыяжджалі ў гэтае Завадзкое РУУС, пыталіся ці там я, а ім адказвалі, што не, такога тут няма. Мяне ніхто ня мог знайсьці, не далі патэлефанаваць — ні адвакату, нікому», — у дакладзе прыведзеныя ўспаміны яшчэ аднаго арыштаванага ў жніўні 2020 году.

Разам зь іншымі аўтарамі дакладу Арцём прыйшоў да высновы, што ўжываньне рэжыму інкамунікада пасьля падаўленьня масавых пратэстаў ня зьменшылася, а «стала сыстэматычным і мэтанакіраваным». Паводле дасьледаваньня, інкамунікада ўжываюць ня толькі для пакараньня найбольш вядомых пратэстоўцаў, але яшчэ каб запалохваць іх семʼі і ўсё грамадзтва. Таксама, на думку праваабаронцаў, для ўладаў важна зрабіць так, каб сілавікі пазьбеглі судовай адказнасьці за свае злачынствы, інакш бы яны пасьцерагліся парушаць закон.

«Незаконны рэжым інкамунікада робіцца рукамі праваахоўнікаў. Паводле Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду гэта злачынства супраць чалавечнасьці, якое ня мае тэрміну даўніны. Праваахоўнікі добра разумеюць, чым гэта ім пагражае, таму і стваралася сыстэма цішыні вакол вядомых палітвязьняў, да якіх была прыцягнутая асаблівая ўвага», — мяркуе праваабаронца Арцём.

Праваабаронца азначыў прыкладны час, калі рэжым інкамунікада адносна палітвязьняў стаў «вядомым фактам» — люты 2023 году.

«Раптам на волю зусім ня сталі даходзіць лісты ад вядомых палітвязьняў, да іх перасталі дапускаць адвакатаў, дазваляць ім спатканьні з сваякамі. Мяне пасьля наведваньня калёніі затрымалі, і такі прыклад быў не адзіны», — згадаў уласны досьвед былы адвакат Арцём. Паводле ягоных назіраньняў, улада вырашыла, што больш ня будзе цярпець нэгатыўных зьвестак з калёній, але таксама вырашыла мацней застрашыць грамадзтва.

«Сёньня роўна 500 дзён поўнай невядомасьці. 1484 дні за кратамі. Прорва. Бездань. Колькі чарноцьця і зла, колькі нізкіх энэргій у гэта ўкладзена. Але сьвятло абавязкова разгоніць цемру. Сёньня гэта асабліва відавочна», — цытуюць аўтары дакладу допіс жонкі вядомага палітыка, былога палітвязьня, які пасьля вызваленьня застаўся ў Беларусі.

Паводле праваабаронцаў больш за 20 вядомых асобаў сярод палітвязьняў зьведалі рэжым інкамунікада.

Алесь Бяляцкі — больш за 1600 дзён.

Віктар Бабарыка — 1041 дзень.

Максім Знак — 1039 дзён.

Сяргей Ціханоўскі — каля 2 гадоў.

Марыя Калесьнікава — больш за 500 дзён.

Праваабаронца Тацяна Хоміч, сястра былой палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, падчас прэзэнтацыі дакладу распавяла, як рэагавала яе сястра на адсутнасьць зьвестак ад сваякоў.

«Я пісала тату ў нататніку, бо ведала, што што мае лісты дакладна не выходзяць», — пазьней распавяла Марыя Тацьцяне. Праваабаронца Тацьцяна Хоміч давяла, што рэжым інкамунікада для яе сястры фактычна працягваўся і пасьля вяртаньня з ШЫЗА ў атрад.

«Часам з калёніі даходзілі зьвесткі пра Машу, але праверыць іх было немагчыма, бо на ўсе нашы лісты і скаргі адміністрацыя і пракуратура па-сутнасьці нічога не адказвалі, рабілі адпіскі. Таму апынуцца ў сытуацыі інкамунікада — вялікая пакута ня толькі для вязьняў, але і для сваякоў», — паведаміла Тацяна Хоміч.

Сумесна з праваабаронцамі з арганізацыі «Побач» Тацяна Хоміч наладзіла псыхалягічныя кансультацыі для сваякоў былых палітвязьняў.

«Людзі выходзяць на волю, але бачаць ня тое, чаго чакалі столькі гадоў, таму зь імі трэба ўмець размаўляць», — патлумачыла мэту кансультацый праваабаронца.

Паводле аўтараў дакладу, у беларускіх вязьніцах застаецца ня менш за 4 палітвязьні, якіх і цяпер утрымліваюць у рэжыме інкамунікада:

Уладзімер Кніга — больш за 890 дзён,

Аляксандар Арановіч — больш за 610 дзён,

Аляксандар Францкевіч — больш за 490 дзён,

Мікіта Самарын — больш за 270 дзён.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што беларускія ўлады практыкуюць таксама кароткатэрміновыя, цягам некалькіх месяцаў, рэжымы інкамунікада, якімі караюць ня толькі палітзьняволеных. На думку праваабаронцаў, пагроза аднаўленьня масавай практыкі ўжываньня інкамунікада адносна палітычных праціўнікаў рэжыму ў Беларусі застаецца.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG