Стала вядома, што пашпарт заснавальніка Праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага прызнаны нядзейсным.
Дакумэнт дзейнічаў да 2028 году. Сам Алесь Бяляцкі ацэньвае гэтае рашэньне як адвольнае і незаконнае:
«Гэта чарговая форма транснацыянальных рэпрэсіяў, скіраваная на тое, каб ускладніць жыцьцё дэпартаваным палітвязьням па-за межамі краіны. Улады рытуальна адразаюць нашыя сувязі з Беларусьсю. Марная справа, бо Беларусь заўсёды будзе ў нашых дзеях і сэрцах».
Ануляваньне пашпартоў выправаджаных зь Беларусі палітвязьняў робіцца сыстэмнай практыкай уладаў, піша «Вясна».
Паводле юрыста «Вясны» Сьвятланы Галаўнёвай, гэта «працяг перасьледу, яшчэ адзін крок для стварэньня ўмоваў, калі немагчыма нармальна вярнуцца ў краіну».
«Гэта можна расцэньваць як адміністрацыйны мэханізм замацаваньня ўладамі Беларусі адвольнай дэпартацыі сваіх грамадзян», — падкрэсьліла праваабаронца.
11 верасьня 2025 году ў выніку чарговых перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй ЗША быў вызвалены і вывезены зь Беларусі 51 палітвязень. Многія зь вядомых палітвязьняў выехалі з краіны без пашпартоў. Палітык Мікола Статкевіч адмовіўся пакідаць краіну, быў ізноў затрыманы, вызвалены сёлета ў лютым пасьля перанесенага ў няволі інсульту.
13 сьнежня 2025 году выправадзілі пасьля вызваленьня яшчэ 123 палітвязьні. Шэраг былых вязьняў вывезены зь Беларусі без пашпартоў. Пры вывазе за межы краіны ім выдалі толькі даведкі аб вызваленьні.
19 сакавіка Лукашэнка адмысловым указам памілаваў 250 асуджаных. 15 палітвязьняў, вызваленых 19 сакавіка, без пашпартоў вывезьлі ў Вільню.
Потым зьявілася інфармацыя аб ануляваньні пашпартоў некаторым з тых вывезеных з Беларусі былых палітвязьняў, якія змаглі іх забраць з сабой.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
- Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
- У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).