Брытанская газэта The Times апублікавала інтэрвію з Алесем Бяляцкім.
«Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру і былы палітычны зьняволены ў Беларусі папярэдзіў аб небясьпецы ад зьмякчэньня санкцыяў супраць аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», — піша The Times.
Алесь Бяляцкі перасьцерагае ад зьмякчэньня санкцыяў, якія, як ён кажа, вызвалілі яго з турмы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, піша выданьне. Газэта нагадвае, што ЗША паступова зьмякчалі свае гандлёвыя абмежаваньні для Беларусі, якую калісьці называлі «апошняй дыктатурай Эўропы», падчас перамоваў, якія спрыялі вызваленьню Алеся Бяляцкага разам зь дзясяткамі іншых палітычных зьняволеных.
Аднак самы вядомы праваабаронца краіны непахісна перакананы ў тым, што Вялікая Брытанія і астатняя частка Эўропы не павінны рабіць гэтаксама, піша выданьне.
«Без палітычных і эканамічных санкцыяў мы засталіся б у турме, — сказаў Бяляцкі, тлумачачы, што гэтыя захады забясьпечваюць вагары ўплыву, неабходныя для перамоваў аб вызваленьні зьняволеных. — Толькі рэзкае пагаршэньне эканамічнага становішча Беларусі ў апошнія месяцы прымусіла ўлады шукаць выйсьця. У рэжыму няма палітычных апанэнтаў, няма дэмакратычных журналістаў. Ён задушыў культурныя і моладзевыя ініцыятывы».
Бяляцкі апісвае падобныя да савецкага Гулагу ўмовы, у якіх знаходзяцца палітычныя вязьні.
«Вы можаце памерці там — яны проста не акажуць вам мэдычную дапамогу, — сказаў ён The Times з свайго новага месца жыхарства ў Нарвэгіі. — Калі вы выжываеце, гэта азначае, што вам пашанцавала».
Жонка Бяляцкага пісала яму кожны тыдзень, але ён атрымаў усяго некалькі яе лістоў, і турэмныя ахоўнікі ніколі не перасылалі ягоных адказаў ёй. Пры вызваленьні Бяляцкага ўсе яго дакумэнты сканфіскавалі, у тым ліку два рукапісы кніг, якія ён напісаў у зьняволеньні. Як і многія іншыя беларускія палітычныя вязьні, ён асьцярожна выказваецца пра свае пакуты, але паведаміў, што яму адмаўлялі ў лячэньні цягам двух гадоў пасьля таго, як у яго зьявіліся праблемы з нагамі.
«Яны глядзелі, чым гэта скончыцца», — сказаў ён. Садавіна і гародніна былі такой рэдкасьцю, што за ўвесь 2025 год адзіным сьвежым пладом, які зьеў Бяляцкі, быў адзін яблык.
Сярод іншага, Бяляцкі адказаў, як могуць наступіць зьмены ў Беларусі.
«Няхай гэта будзе як у Гішпаніі пасьля сьмерці Франка ці як у Чэхаславаччыне падчас Аксамітнай рэвалюцыі 1989 году — ёсьць шмат розных варыянтаў, – сказаў Бяляцкі. Але я перакананы, што ў Беларусі гэтыя зьмены непазьбежныя, бо сёньня гэтая хунта, якая трымае ўладу, ня мае падтрымкі народу».
Бяляцкі таксама заявіў, што Лукашэнка быў «разбуральнікам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці і беларускай нацыянальнай сьвядомасьці», ён пасьлядоўна руйнуе адметнасьць сваёй краіны ў працяг двухвекавой палітыкі русыфікацыі, якая мае канчатковаю мэтаю аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
- Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
- У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).
Форум