У Стортынгу Алесь Бяляцкі сустрэўся са старшынём парлямэнту Масудам Гарахані і дэлегацыяй Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, паведамляе сайт Вясны. Сустрэчы адбыліся ў цёплай і канструктыўнай атмасфэры, асноўная ўвага была нададзеная сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Масуд Гарахані падкрэсьліў важнасьць асабістай сустрэчы зь беларускім праваабаронцам:
«Я зь нецярпеньнем чакаў магчымасьці сустрэцца з Алесем Бяляцкім, які, нягледзячы на велізарныя асабістыя цяжкасьці, не адступіў ні на крок у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі», — адзначыў ён.
У час сустрэч асобна абмяркоўвалася становішча з палітычнымі зьняволенымі. Кіраўнік дэлегацыі Стортынгу ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Марыюс Арыён Нільсэн падкрэсьліў, што гэтая праблема застаецца вострай:
«Мы зь вялікай радасьцю сачылі за вызваленьнем Алеся Бяляцкага ў сьнежні 2025 году. У той жа час у Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца шмат палітычных зьняволеных, і для нас важна атрымаць ўяўленьне пра іх становішча», — сказаў ён.
Запрашэньне Алесю Бяляцкаму накіравала дэлегацыя Стортынгу ў Арганізацыі ў бясьпецы і супрацы ў Эўропе (АБСЭ). У арганізацыі падкрэсьліваюць, што дэмакратыя і правы чалавека зьяўляюцца ключавымі элемэнтамі шырокага разуменьня бясьпекі. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел сябры дэлегацыі Стортынгу ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ).
Форум