У адпаведнасьці з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 22 красавіка 2026 году № 24 спрошчаны парадак афіцыйнага працаўладкаваньня на час навучаньня — дакумэнт уступіць у сілу з 24 ліпеня. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Агулам у пералік уключылі каля 40 спэцыяльнасьцяў.
«Унесеныя зьмены ў кваліфікацыйныя характарыстыкі Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасадаў службоўцаў. Гэта дазволіць прымаць на працу студэнтаў старэйшых курсаў устаноў вышэйшай адукацыі (пасьля 2-га ці 3-га курсаў) па шэрагу запатрабаваных пасадаў».
У міністэрстве таксама ўдакладнілі месцы такой працы:
- «Пасады службоўцаў для ўсіх відаў дзейнасьці» (32 пазыцыі): бухгальтар, інжынэр-праграміст, юрысконсульт, эканаміст, дакумэнтазнаўца, інспэктар кадраў, спэцыяліст у закупках, перакладнік, тэставальнік ПЗ, адміністратар сетак, архівіст-рэстаўратар, заоляг, палеограф і інш.;
- «Пасады службоўцаў, занятых у машынабудаваньні і мэталаапрацоўцы» (4 пазыцыі): інжынэр-дасьледнік, тэхнік-лябарант, тэхнік эксплюатацыі і рамонце абсталяваньня, тэхнік-энэргетык.
- «Пасады службоўцаў, занятых геадэзіяй і картаграфіяй» (4 пазыцыі): спэцыяліст у кадастры і ГІС, тэхнік-аэрафотаграмэтрыст, тэхнік-картограф, тэхнік у кадастры і ГІС.
Поўны пералік 40 пасадаў, дзе на працу будуць прымаць старшакурсьнікаў ВНУ, знаходзіцца на сайце міністэрства.
Чаму гэта важна?
Стыпэндыі ў Беларусі не заўсёды могуць забясьпечыць патрэбы студэнтаў. Ня ўсе зь іх жывуць у інтэрнатах, а мусяць наймаць пакоі або кватэры. Арэнда звычайна перавышае агульную суму стыпэндыі. Праз гэта студэнты ідуць працаваць.
Аднак праца паводле спэцыяльнасьці часта была для іх забароненай, таму яны ішлі ў прафэсіі, ніяк не зьвязаныя з тымі, на якія яны вучацца ў вну. А пазьней, ужо пры заканчэньні ўнівэрсытэту, многія з студэнтаў не маглі ўладкавацца на прывабнае з пункту гледжаньня заробку і дзейнасьці месца празь недахоп досьведу.
Атрымлівалася пастка — студэнты не маглі набраць досьведу, бо ў час навучаньня іх не ўладкоўвалі на падобныя пасады, дзе якраз патрабавалі, каб навічкі мелі пэўны досьвед такой працы. Цяпер гэтая праблема можа быць прынамсі часткова разьвязаная.
Форум