Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (БДУ) і Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт (БДПУ ім. Максіма Танка) апублікавалі цэны платнага навучаньня на розных спэцыяльнасьцях.
За мінулы навучальны год якраз у БДУ адбыўся найбольшы рост платы за навучаньне. Цэны вырасьлі амаль на 7%.
Найболей дарагімі выявіліся спэцыяльнасьці «Правазнаўства» і «Эканамічнае права» на юрыдычным факультэце БДУ і «Міжнароднае права» і «Афрыканістыка» на факультэце міжнародных адносін тамсама. За год студэнтам давядзецца заплаціць 6818 рублёў. Летась сума была 6372 рублі, успамінае выданьне Office Life.
Другое месца таксама ў БДУ — спэцыяльнасць «Усходняя філялёгія» філялягічнага факультэту, а таксама «Міжнародная канфлікталёгія» і «Міжнародныя адносіны» на факультэце міжнародных адносін. Год навучаньня там каштуе 6669 рублёў, у 2025-м — 6233 рублі.
Столькі ж каштавацьме навучаньне на дызайнэрскіх спэцыяльнасьцях факультэту сацыякультурных камунікацый.
Трэці радок таксама ў БДУ — спэцыяльнасьці эканамічнага факультэту. Год навучаньня на першых трох курсах там абыдзецца ў 6554 рублі. У 2025-м цана была 6126 рублёў.
Такі самы кошт навучаньня і на «Мытнай справе», «Сусьветнай эканоміцы» і «Мэнэджмэнце» факультэту міжнародных адносін.
Чаму гэта важна?
Такі рост цаны навучаньня на спэцыяльнасьці «Афрыканістыка» можа быць прычынай высокага попыту сярод абітурыентаў. Зрэшты, і летась спэцыяльнасьць была сярод найдаражэйшых, але тады навучаньне каштавала 6372 рублі за год. Цяпер, з улікам росту цаны за навучаньне, «Афрыканістыка» застаецца сярод лідэраў.
Што ж можа цікавіць абітурыентаў у гэтай, адносна экзатычнай, спэцыяльнасьці?
Магчыма, прычынай ёсьць замежнапалітычны чыньнік палітыкі рэжыму Лукашэнкі апошніх гадоў. Пасьля ўвядзеньня ўсё новых санкцый з боку Эўропы і іншых заходніх краінаў вэктар палітыкі рэжыму зьмясьціўся яшчэ больш у бок Афрыкі. Напрыклад, у 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў адразу тры афрыканскія краіны — Зымбабвэ, Экватарыяльную Гвінэю і Кенію. Ніколі раней ён так часта не бываў у гэтай частцы сьвету.
Прапаганда ў Беларусі часта гаворыць пра вялікі нескарыстаны патэнцыял у гандлі паміж арфыканскімі краінамі і Беларусьсю. Пры гэтым адбываюцца новыя сустрэчы, задумваюцца новыя праекты.
Доля Афрыкі ў беларускім гандлі застаецца невялікай — паводле розных ацэнак, менш за 1% агульнага таваразвароту. Гэта азначае парадак некалькіх соцень мільёнаў даляраў у год.
Уплывовымі асобамі ў працы Беларусі ў Афрыцы зьяўляюцца былы памочнік Лукашэнкі ў асабліва важных даручэньнях Віктар Шэйман і бізнэсовец Аляксандар Зінгман.
Пра патрэбу павялічыць узаемны таваразварот заявілі летась і на сустрэчы міністра сельскай гаспадаркі, разьвіцьця сельскіх тэрыторыяў і рыбацтва Альжыру Ясіна Мэхдзі Валіда і міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова, які прыляцеў у Альжыр. Таваразварот паміж краінамі ў 2021 годзе склаў 1,01 млн даляраў, прычым уся сума прыпала на беларускі экспарт.
Ва ўмовах чаканьня павелічэньня гандлёвых дачыненьняў Беларусі з краінамі Афрыкі і з увагі на частае фігураваньне афрыканскага кірунку ў дзяржаўнай прэсе попыт на «Афрыканістыку» мог павялічыцца, а разам зь ім, адпаведна, і плата за навучаньне на такой спэцыяльнасьці.
Форум