Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДУ назвалі лічбу «мэтавікоў» на сёлетняй уступнай кампаніі

У калідорах аднаго з карпусоў БДУ, архіўны здымак
У калідорах аднаго з карпусоў БДУ, архіўны здымак

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце (БДУ) расказалі аб заплянаванай колькасьці мэтавых месцаў, то бок студэнтаў, якія будуць вучыцца ў ВНУ па накіраваньні розных дзяржаўных устаноў.

Агулам на мэтавае навучаньне ў БДУ плянуюць прыняць 127 чалавек. Прыём будуць ажыцьцяўляць на 23 спэцыяльнасьці, зь іх 9 — пэдагагічных.

Найбольшая колькасьць мэтавых месцаў будзе на спэцыяльнасьцях «правазнаўства» — 35 чалавек, пэдагагічных спэцыяльнасьцях — 29, мытнай справе — 18, журналістыцы — 11.

Больш за ўсё кадраў на мэтавае навучаньне ў БДУ пастаўляюць Упраўленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Менскай вобласьці і Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Старт падачы дакумэнтаў на мэтавае навучаньне — 27 чэрвеня, ён працягнецца да 2 ліпеня ўключна. Уступныя іспыты для абітурыентаў-мэтавікоў зарганізуюць 7, 8, 9 ліпеня, а 10 ліпеня заяўлены рэзэрвовым днём.

Кандыдатам трэба здаць адзін іспыт у вуснай ці практычнай форме. Пытаньні ў вучэбных дысцыплінах для падрыхтоўкі да ўступных іспытаў разьмешчаныя на сайце Міністэрства адукацыі Беларусі.

Вынікі залічэньня падвядуць да 12 ліпеня ўключна.

Мэтавае навучаньне

«Мэтавікі» — студэнты, якія вучацца ва ўнівэрсытэце пасьля адмысловага накіраваньня ў інтарэсах нейкага ведамства, рэдакцыі або іншай установы. Для іх існуе асобны конкурс на прыём ва ўнівэрсытэт. Пасьля атрыманьня дыплёму аб вышэйшай адукацыі «мэтавікі» прыходзяць на працу ў тую арганізацыю, якая накіравала іх ва ўнівэрсытэт. Калі ж адмаўляюцца — мусяць выплаціць усе грошы, выдаткаваныя на сваё навучаньне ва ўнівэрсытэце.

Асаблівасьць такой формы ў тым, што пасьля навучаньня выпускнік мусіць адпрацаваць па разьмеркаваньні 5 гадоў, а ня 2 гады.

У Беларусі практыка «мэтавікоў» шырока распаўсюджаная. Напрыклад, у 2022 годзе вылучылі 3200 такіх месцаў.

У 2023 годзе ўлады вырашылі значна павялічыць колькасьць месцаў для студэнтаў, якія паступаюць па мэтавым накіраваньні ўладаў свайго раёну. Аднак павелічэньне скончылася няўдачай — месцаў для мэтавікоў прадугледзелі 4500, але ў выніку недабралі каля тысячы абітурыентаў.

У 2024 годзе міністар адукацыі краіны Андрэй Іванец расказваў, што навучаньне пэдагогаў і мэдыкаў пераводзіцца на бюджэтную форму. Гэта адбывалася ў час інтэнсіўнага палітычнага перасьледу ў краіне. Улады спрабавалі забясьпечыць рэдакцыі і лякарні кадрамі. Платных месцаў навучаньня на такіх спэцыяльнасьцях амаль не засталося.

Больш за тое, Іванец хадайнічаў пра кротнае павелічэньне штрафаў за неадбыцьцё адпрацоўкі. Але пакуль ягоныя прапановы не прынялі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG