Да людзей прыходзяць нават на працу, а некаторым тэлефануюць і просяць прыйсьці «на размову». 14 красавіка 2026 году стала вядома, што 100 студэнтаў пакінулі ЭГУ пасьля прызнаньня яго ў Беларусі «экстрэмісцкім». Пры гэтым Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт пацьвердзіў, што будзе праводзіць уступную кампанію, аднак не плянуе спэцыяльных інфармацыйных захадаў для беларускіх абітурыентаў у сытуацыі пагрозаў ад уладаў Беларусі.
Як паўплываў экстрэмісцкі статус на жыцьцё студэнтаў? Пра гэта ў эфіры праграмы «ПіК Свабоды. Вынікі тыдня» расказала студэнта ЭГУ Кацярына Васілёнак, якая вучыцца на магістра права.
Васілёнак: Студэнты насамрэч былі ў даволі вялікай паніцы яшчэ ў верасьні, калі атрымалі навіны пра тое, што ЭГУ могуць прызнаць экстрэмісцкай арганізацыяй. Але 14 красавіка, калі стала вядома, што ЭГУ ўжо прызналі такой арганізацыяй, студэнты вельмі спалохаліся. Многія пачалі задавацца пытаньнямі, ці варта адлічвацца, што будзе зь імі і іх бацькамі. Асабліва для мяне, як для студэнткі, якая ўжо заканчвае навучаньне, і для маёй групы, якая таксама заканчвае, паўстала пытаньне: ці завяршаць унівэрсытэт, ці атрымліваць дыплём ЭГУ і як увогуле потым карыстацца гэтым дыплёмам тым, хто вяртаецца ў Беларусь.
Што робіць сам унівэрсытэт? Якія дзеяньні прадпрымае ў гэтай сытуацыі? Тут а Кацярыны Васілёнак ёсьць пытаньні да кіраўніцтва ВНУ.
Васілёнак: На самой справе ёсьць даволі шмат пытаньняў наконт рэакцыі на прызнаньне ЭГУ экстрэмісцкай арганізацыяй. Яшчэ ў верасьні, калі стала вядома, што справу перадалі ў суд для прыняцьця такога рашэньня, ЭГУ, канешне, рабіў рассылкі сярод студэнтаў, але, на мой погляд, гэтыя рассылкі былі недастатковымі. Напрыклад, адной з рэкамэндацый ЭГУ было на мяжы, пры перасячэньні мяжы, паведамляць беларускім памежнікам пра тое, што яны зьяўляюцца студэнтамі ЭГУ. Я ж зьяўляюся студэнткай права — міжнароднага права і права Эўрапейскага зьвяза. Таму мне, як чалавеку, які сутыкаўся зь беларускім заканадаўствам аб экстрэмізьме, абсалютна зразумела, што гэтага рабіць было нельга, прынамсі да моманту, пакуль у вас пра гэта непасрэдна не пытаюцца.
Таксама Кацярына кажа, што пасьля прызнаньня сацсетак ЭГУ экстрэмісцкімі ў жніўні мінулага года, унівэрсытэт не зрабіў публічнай камунікацыі пра гэта. Была рассылка па электроннай пошце, але праблема ў тым, што ў выпускнікоў адключаюць карпаратыўную пошту, як і ва ўсіх унівэрсытэтах. Таму гэта паведамленьне, хутчэй за ўсё, не дайшло да выпускнікоў і, верагодна, не дайшло да абітурыентаў. Але ці існуе нейкі эфэктыўны спосаб абараніць студэнтаў? Чаго б чакалі яны самі?
Васілёнак: У першую чаргу мне хацелася б, каб ЭГУ разумеў маштаб таго, што адбываецца, і разумеў, што найперш трэба ратаваць студэнтаў, найперш трэба ратаваць тых людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, таму што гэта ўжо не пытаньне іміджу ўнівэрсытэта і не пытаньне таго, колькі студэнтаў паступіць на новы навучальны год. Гэта пытаньне бясьпекі і свабоды людзей у Беларусі. На мой погляд, за два месяцы можна было б арганізаваць сустрэчу хаця б зь дзейнымі юрыстамі, якія працуюць у межах беларускага заканадаўства аб экстрэмізьме, то бок займаюцца такімі справамі і могуць адказаць на пытаньні студэнтаў. Гэта як мінімум можна было зрабіць за гэты час.
Сама Кацярына плянуе завяршыць адукацыю ў ЭГУ. Гэта ня першы яе экстрэмісцкі статус, таму чарговы для яе нічога не мяняе. Заснаваны ў 1992 годзе ЭГУ пасьля закрыцьця ў Менску з 2006 году працуе ў Вільні і застаецца адным з ключавых адукацыйных цэнтраў для беларускіх студэнтаў.
Форум