Адміністрацыя ЭГУ паведаміла Свабодзе, што цяпер «унівэрсытэт не абмяжоўваецца толькі маніторынгам сытуацыі, якая разьвіваецца, а робіць актыўныя захады рэагаваньня ў сувязі з канкрэтнымі інцыдэнтамі як у публічнай сфэры, так і ў рамках унутранай працы».
Сказана, што адміністрацыя ЭГУ знаходзіцца ў пастаянным узаемадзеяньні з прадстаўнікамі ўнівэрсытэцкай супольнасьці дзеля забесьпячэньня належнага і своечасовага абмену інфармацыяй паміж усімі зацікаўленымі бакамі:
«Студэнтам і прафэсарска-выкладчыцкаму складу даецца доступ да неабходнай інфармацыі, якая дазваляе ім арыентавацца ў сытуацыі, уключаючы адпаведныя рэкамэндацыі, а таксама магчымасьць індывідуальнай падтрымкі ў канкрэтных пытаньнях».
Дзяржаўныя органы Літоўскай Рэспублікі, заснавальнікі і донары ЭГУ рэгулярна атрымліваюць інфармацыю аб апошніх падзеях, паведамілі ў ВНУ:
«Магчымыя далейшыя захады рэагаваньня знаходзяцца на стадыі абмеркаваньня; адначасова робяцца крокі, накіраваныя на атрыманьне рэакцыі і падтрымкі з боку міжнароднай супольнасьці».
На сёньня праваабаронцам вядома пра больш 30 ператрусаў у справе ЭГУ, якія прайшлі 2–4 чэрвеня. Падставай стала заведзеная ўладамі крымінальная справа за «сайдзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «фінансаваньне» яе.
Бацькоў вымушаюць зьвязвацца зь дзецьмі, якія вучацца ў ЭГУ і жывуць у Літве, каб тыя падалі заяву на адлічэньне і вярнуліся ў Беларусь. Ім даюць да 10 дзён на выключэньне з унівэрсытэту, піша «Вясна».
Сілавікі наўпрост кажуць — калі дзеці не пакінуць ЭГУ, то затрымаюць бацькоў. Некаторых сваякоў студэнтаў ужо затрымалі, сьцьвярджаюць праваабаронцы.
КДБ прыходзіць і да выпускнікоў унівэрсытэту. У іх патрабуюць дыплёмы аб заканчэньні ЭГУ.
Што адбываецца?
14 красавіка 2026 году стала вядома, што 100 студэнтаў пакінулі ЭГУ пасьля прызнаньня яго ў Беларусі «экстрэмісцкім».
Пры гэтым Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт пацьвердзіў, што будзе праводзіць уступную кампанію, аднак не плянуе спэцыяльных інфармацыйных захадаў для беларускіх абітурыентаў у сытуацыі пагрозаў ад уладаў Беларусі.
ЭГУ сёлета запрасіў студэнтаў на новую адукацыйную праграму «Эўрапейская спадчына і крэатыўны турызм». На матэрыяле культурнай спадчыны Беларусі, Літвы й іншых краін Эўропы ВНУ рыхтуе мэнэджараў культуры і спэцыялістаў у крэатыўным турызьме, здольных ствараць уласныя аўтарскія прадукты і ўвасабляць іх у жыцьцё.
Свабода правяла вялікае інтэрвію з рэктарам ЭГУ Вілюсам Шадаўскасам, у якім ён расказаў, як унівэрсытэт зьбіраецца дзейнічаць і як адрэагуе на новыя пастановы рэжыму Лукашэнкі.
Заснаваны ў 1992 годзе ЭГУ пасьля закрыцьця ў Менску з 2006 году працуе ў Вільні і застаецца адным з ключавых адукацыйных цэнтраў для беларускіх студэнтаў.
У Вільні ЭГУ мае два спэцыялізаваныя падразьдзелы — Школу лічбавых кампэтэнцыяў і Школу бізнэсу і эканомікі. ЭГУ актыўна ўдзельнічае ў праграме абмену Erasmus+, якая дае студэнтам магчымасьць вучыцца або праходзіць стажы ў вядучых унівэрсытэтах Эўрапейскага Зьвязу.