30 чэрвеня ў Пэкіне ўручалі дыплёмы ўдзельнікам навучаньня ў сумеснай праграме БДУ і Пэкінскага ўнівэрсытэту ў спэцыяльнасьці «біятэхналёгія».
Сярод выпускнікоў быў і Мікалай Лукашэнка, малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. На цырымонію прыбыў і сам Аляксандар Лукашэнка, паведаміў тэлеграм-канал ягонай прэсавай службы.
Мікалай Лукашэнка вучыўся ў Пэкінскім унівэрсытэце на спэцыяльнасьці «біятэхналёгіі». Сакратар партыйнага камітэту кітайскай ВНУ Хаў Пін раней расказваў тэлеканалу «Беларусь 1», што хлопец нікому ня кажа, хто ягоны бацька.
Пра тое, што малодшы сын Лукашэнкі Беларусі вучыцца ў Пэкінскім унівэрсытэце, стала вядома ў 2023 годзе — пра гэта апавёў сам Аляксандр Лукашэнка. Факультэту і спэцыялізацыі ён тады не назваў.
Перад урачыстасьцю 30 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам Пэкінскага ўнівэрсытэту. Ён выступіў з прамовай перад выпускнікамі.
«Мы ў Беларусі хацелі б, каб гэтыя праграмы былі глыбокімі і ўсебаковымі, каб яны былі практыка-арыентаванымі. У адваротным выпадку навошта гэтае навучаньне, калі гэта ня будзе ў поўнай меры зьвернута на практыку і ня будзе прыносіць карысьць двум народам?» — сказаў на цырымоніі Аляксандар Лукашэнка.
Пагадненьне аб стварэньні сумеснай праграмы ў біятэхналёгіях паміж БДУ і Пэкінскім унівэрсытэтам было падпісана ў 2022 годзе, а ў ліпені 2025 году бакі пашырылі супрацу.
Раней Лукашэнка даў свайму сыну падвышаную стыпэндыю.
Стыпэндыя памерам 251,99 рубля ў месяц была прызначаная Аляксандрам Лукашэнкам 31 сьнежня 2025 году на першы сэмэстар цяперашняга навучальнага году для адораных студэнтаў.
У сьпісе рады спэцыяльнага фонду Лукашэнкі для сацыяльнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў — каля 200 чалавек, сярод якіх студэнт чацьвёртага курсу БДУ Мікалай Лукашэнка, малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі.
На сацыяльныя стыпэндыі было вылучана больш за мільён рублёў з спэцыяльнага фонду Лукашэнкі, які фармуецца зь дзяржаўнага бюджэту.