Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта выкарыстаньне службовага становішча ў прыватных інтарэсах». Латушка пра Лукашэнку на выпускным сына ў Пэкіне

Цырымонія ўручэньня дыплёмаў выпускнікам першай сумеснай кітайска-беларускай адукацыйнай праграмы ў спэцыяльнасьці «Біятэхналёгія». Аляксандар Лукашэнка зьлева, ягонысын Мікалай ў цэнтры. Пэкін, 30 чэрвеня 2026 году
Цырымонія ўручэньня дыплёмаў выпускнікам першай сумеснай кітайска-беларускай адукацыйнай праграмы ў спэцыяльнасьці «Біятэхналёгія». Аляксандар Лукашэнка зьлева, ягонысын Мікалай ў цэнтры. Пэкін, 30 чэрвеня 2026 году

Павал Латушка ў размове з «ПіКам Свабоды» пракамэнтаваў прыезд Аляксандра Лукашэнкі на выпускны свайго сына ў Пэкін.

Тое, што Аляксандар Лукашэнка прыехаў на выпускны свайго сына Мікалая ў Пэкінскім унівэрсытэце, гэта яшчэ адзін са шматлікіх прыкладаў выкарыстаньня службовага становішча ў прыватных сямейных інтарэсах.

«Фактычна гэта сямейная імпрэза. Але Лукашэнка выдаткаваў на гэта дзяржаўныя сродкі. Гэта і пералёт, і гатэлі, і суправаджальныя асобы, і ахова. Усё гэта вельмі значныя выдаткі. Здаецца нават, што і візыт у Кітай быў прымеркаваны перадусім да таго, каб прысутнічаць на выпускным свайго сына. А ўжо сустрэча з кіраўніком Кітаю адбывалася як дадатак, дзеля таго каб абгрунтаваць нейкія дзяржаўныя мэты».

Латушка прызнаў, што Лукашэнка не ўпершыню так робіць.

«Зразумела, што ў дэмакратычных краінах палітык мусіў бы вярнуць усе гэтыя дзяржаўныя сродкі ў бюджэт і таксама панесьці палітычныя наступствы. За такое нават абвяшчаюць імпічмэнт і здымаюць з пасады. Але Лукашэнка, як мы ведаем, ужо на працягу многіх гадоў робіць гэта сыстэматычна».

Латушка згадаў, што Лукашэнка мае дваццаць рэзыдэнцыяў, выкарыстоўвае службовы транспарт, у яго асабістым гаражы дваццаць пяць аўтамабіляў, самалёты, палёты, адпачынак. А за ўсё гэта плацяць беларускія падаткаплатнікі.

У суседняй Літве падобныя пытаньні становяцца прадметам праверкі органаў дзяржаўнай этыкі. Нядаўна галоўная камісія ў службовай этыцы прызнала, што прэм’ер-міністарка Інга Ругінене груба парушыла закон аб узгадненьні публічных і прыватных інтарэсаў.

Справа датычылася яе паездак на зімовыя Алімпійскія гульні ў Італіі і ў Ватыкан, куды разам зь ёй езьдзілі муж і дзеці.

Камісія абавязала прэмʼер-міністрку кампэнсаваць дзяржаве гэтыя выдаткі. 23 чэрвеня яе адправілі ў адстаўку.

30 чэрвеня ў Пэкіне ўручалі дыплёмы ўдзельнікам навучаньня ў сумеснай праграме БДУ і Пэкінскага ўнівэрсытэту ў спэцыяльнасьці «біятэхналёгія».

Сярод выпускнікоў быў і Мікалай Лукашэнка, малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. На цырымонію прыбыў і сам Аляксандар Лукашэнка, паведаміў тэлеграм-канал ягонай прэсавай службы.

Мікалай Лукашэнка скончыў навучаньне ў сумеснай праграме біятэхналёгіяў БДУ і Пэкінскага ўнівэрсытэту.

Пра тое, што малодшы сын Лукашэнкі Беларусі вучыцца ў Пэкінскім унівэрсытэце, стала вядома ў 2023 годзе.

Раней Лукашэнка даў свайму сыну падвышаную стыпэндыю.

Перад урачыстасьцю 30 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам Пэкінскага ўнівэрсытэту. Ён выступіў з прамовай перад выпускнікамі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG