Намаляваны ўручную архіпэляг легендаў і мітаў
Вы — немалады мужчына Голдман, які трапляе на загадкавы архіпэляг з мэтай зьнішчыць старажытнае боства, пра якое гавораць усе мясцовыя жыхары, але ніхто яго ня бачыў. Гэта сюжэт гульні ад студыі зь беларускімі каранямі Weappy Studio — The Eternal Life of Goldman. Архіпэляг аказваецца вельмі жывым сусьветам зь легендамі, забабонамі й чалавечымі страхамі.
У гульні казачная эстэтыка, але, нягледзячы на гэта, яна пастаянна апэруе кантрастамі: вось утульная вёска з забаўнымі дзівакамі, а вось руіны — вынік страшнай трагедыі з монстрамі.
Гэта клясычны 2D-плятформэр з элемэнтамі дасьледаваньня сьвету. Галоўная зброя Голдмана — кіёк — гэта яшчэ і галоўны інструмэнт падарожжа. Яго можна паляпшаць і адкрываць новыя асаблівасьці: вось вы мяняеце дэталь у кійку і ўжо можаце скакаць удвая вышэй, яшчэ адну — і можна цягаць за сабой прадметы.
Бадай, адна з асноўных асаблівасьцяў гульні — яна намаляваная ад рукі, уся анімацыя зробленая пакадрава, што рэдкасьць у сьвеце АІ-арту. Выглядае, што распрацоўнікі натхняліся эўрапейскімі казкамі, мітамі і фальклёрам.
Пакуль няма дакладнай даты рэлізу, але дэма гульні ўжо дасяжнае ў краме Steam. Распрацоўнікі абяцаюць, што ў рэлізе будзе беларуская вэрсія. Яна ўжо ёсьць у дэма, але ў перакладзе трапляюцца памылкі.
Распрацоўнікі гульні — Weappy Studio. Яны зьявіліся ў Менску ў 2015 годзе, папулярнасьць атрымалі пасьля выхаду сэрыі гульняў This Is the Police. Гэта стратэгія з элемэнтамі мэнэджмэнту, дзе вы кіруеце паліцэйскім дэпартамэнтам і паралельна змагаецеся з прадажным мэрам, які хоча вас звольніць. Пазьней студыя перабралася на Кіпр.
Летась у раньнім доступе выйшла іхная гульня Hollywood Animal — гэта стымулятар уладальніка галівудзкай студыі эпохі клясычнага кіно. Раньні доступ азначае, што праект ужо дасяжны, але яго яшчэ распрацоўваюць, будуць зьмены. У гэтай гульні таксама ёсьць вэрсія на беларускай мове. У студыі запамінальны почырк — стаўка на аўтарскі стылізаваны візуал, дэталізаваную гісторыю і няпростыя маральныя выбары героя.
Апакаліптычны вэстэрн
Guns of Eschaton — гэта шутэр ад першай асобы ў сьвеце постапакаліптычнага Дзікага Захаду ад студыі Eschatology Entertainment.
«Дзікі Захад апусьціўся ў містычны і духоўны апакаліпсіс, вядомы як „Згараньне“. На руінах паселішчаў і забытых рубяжах рэальнасьць трашчыць пад націскам старажытных сілаў, варожых культаў і неймаверных мітаў», — так стваральнікі апісваюць сусьвет будучай гульні.
Галоўны герой — звычайны чалавек з сваімі слабасьцямі і страхамі, які хоча дабрацца дадому праз варожы сусьвет і мае ўсё для гэтага: кольт і інстынкты забойцы.
Распрацоўнікі абяцаюць, што нават дасьведчаным аматарам падобных гульняў «давядзецца занава вучыцца страляць»: кожная куля мае цану. Да таго ж, каб перамагчы монстра, трэба вывучыць ягоныя звычкі.
Стылістычна гэта змрочны soulslike-шутэр ад першай асобы, кактэйль з клясычнага вэстэрну з акультным горарам, дзе важнае ня ўменьне хутка ціснуць на цынгель зброі, а ўвага і стратэгія.
Гэтая гульня — апошні праект легендарнага баўгарскага мастака Віктара Антонава, які быў арт-дырэктарам Half-Life 2 і Dishonored, а таксама ўдзельнічаў ў распрацоўцы такіх культавых гульняў, як Fallaut 4, Prey, Wolfenstein: The New Order. На жаль, Антонаў пайшоў з жыцьця ў лютым мінулага году.
Сярод топ-мэнэджараў студыі Eschatology Entertainment ёсьць беларусы, і хоць гэта ня цалкам беларуская студыя, Guns of Eschaton будзе мець паўнавартасную беларускую вэрсію, зробленую прафэсійнымі перакладнікамі ад Riotloc — студыі, якая займаецца лякалізацыяй гульняў. Пакуль у праекту няма дэма-вэрсіі і дакладнай даты рэлізу.
Сад на ўласным бальконе
Вы — жыхар футурыстычнага мэгаполісу, якому сябра пакінуў прасторную кватэру і дазволіў вырошчваць расьліны на бальконе. Трэба купляць насеньне, угнаеньні і прылады апрацоўваць расьліны і глебу, зьбіраць ураджай і не забывацца карміць ката. Пра гэта гульня Tiny Eden, дзе вы будуеце фэрму на ўласным бальконе.
Можна назіраць, як растуць памідоры, клубніцы і кветкі, гатаваць стравы з вырашчанага і прадаваць ураджай жыхарам гораду. Да таго ж кожная вырашчаная расьліна набліжае гульца да паляпшэньняў: свае веды і прылады можна ўвесь час удасканальваць. У фэрмэрскіх справах вам будзе дапамагаць дрон, ён жа дае падказкі.
Гульня чапляе рэалістычнай графікай, рэалістычным працэсам росту расьлінаў, гукавым аздабленьнем і агулам стварае мэдытацыйную атмасфэру.
Гэта будзе дэбютная гульня студыі Bajka Games, якую беларусы заснавалі ў Польшчы. Распрацоўнікі абяцаюць прафэсійны пераклад на беларускую мову. Дэма гульні дасяжнае ў Steam, а рэліз анансаваны ўжо сёлета.
Форум