Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад S.T.A.L.K.E.R. і Resident Evil да маленькіх індзі-праектаў. Як знайсьці гульні па-беларуску

Ілюстрацыя
Ілюстрацыя

Расказваем пра партал, дзе адмыслоўцы сабралі пад дзьве сотні гульняў розных жанраў і стылістыкі, ад сусьветна вядомых бэстсэлераў і вечнай клясыкі да нішавых праектаў. Пераклады гульняў — як аматарскія, так і афіцыйныя.

У інтэрнэце зьявіўся каталёг гульняў зь беларускімі перакладамі belarusian.games. Гэта аматарскі праект, дзе сабраныя на цяперашні момант 189 гульняў зь беларускім варыянтам перакладу.

Кожная гульня мае спасылку на краму, дзе яе можна набыць, і кароткае апісаньне. Пазначана, які пераклад на беларускую: афіцыйны, то бок зроблены распрацоўнікамі, ці аматарскі, які рабілі адмыслоўцы.

Да аматарскіх перакладаў прымацаваная спасылка на ўласна пераклад з апісаньнем, як яго паставіць на гульню. Таксама прадукты можна адсартаваць па плятформах (кампутар, кансоль, смартфон), варыянтах перакладу (афіцыйны, неафіцыйны), жанрах і гадах выпуску.

Такі праект патрэбны, каб беларусам было прасьцей знайсьці гульні на беларускай мове, тлумачаць распрацоўнікі:

«Праект створаны дзеля захаваньня спадчыны беларускай гульнёвай супольнасьці, бо сёньня лёгка страціць сваё роднае сярод мноства чужога. Асабліва адчуваецца праблема адсутнасьці беларускай мовы сярод прыладаў і аплікацыяў для гульняў — Steam, Epic Games, GOG і іншыя ігнаруюць дадаваньне беларускай мовы ня тое каб у кліент, а нават у фільтрах для пошуку яе няма! Як жа мне, беларусу, шукаць гульню, у якой я ўсё зразумею? Вось для гэтага і быў створаны каталёг», — апісваюць ідэю стваральнікі на сваім сайце.

І гэта сапраўды так: ані Steam, ані Epic Games, ані іншыя крамы ня маюць магчымасьцяў адсартаваць гульні, у якіх ёсьць опцыя «ўключыць беларускую мову». Няма і падобных сэрвісаў, якія б агрэгавалі такія гульні ў адным месцы. Сьпіс перакладзеных гульняў увесь час папаўняецца: новыя прадукты шлюць як карыстальнікі, так і аўтаматызаваная сыстэма з дапамогай ШІ.

Што ёсьць у каталёгу

Сярод перакладзеных на беларускую мову гульняў у каталёгу ёсьць культавыя прадукты ўсясьветнай гейм-індустрыі. Напрыклад:

Baldur’s Gate 3 — Камандавая RPG (Role-Playing Game) у фэнтэзі-сусьвеце з разгалінаваным сюжэтам, дзе выбар гульца ўплывае на фінал. Прадукт бэльгійскай студыі Larian Studios заваяваў усе галоўныя ўзнагароды ў намінацыі «Гульня году — 2023». Мае аматарскую лякалізацыю.

Baldur's Gate 3, скрыншот з афіцыйнага трэйлера
Baldur's Gate 3, скрыншот з афіцыйнага трэйлера

Half-Life 2 — культавы навукова-фантастычны шутэр, які стаў працягам легендарнай сэрыі Half-Life аб прыгодах навукоўца Гордана Фрымэна. Гульня лічыцца адной з самых уплывовых у індустрыі. Лякалізацыя аматарская.

Resident Evil 2 — яшчэ адзін працяг культавай сэрыі ў жанры survival horror. Прызнаная адной з найлепшых у сваім жанры за кінэматаграфічнасьць і рэалістычнасьць.

Half-Life 2, скрыншот з афіцыйнага трэйлера
Half-Life 2, скрыншот з афіцыйнага трэйлера

Апроч мноства знакамітых шэдэўраў гейм-індустрыі, у каталёгу знайшлося месца і невялікім і малавядомым індзі-праектам.

Напрыклад, The Mammoth: A Cave Painting — гэта гісторыя мамантаў на 5 мільёнаў гадоў, расказаная за 5 хвілінаў. Стваральнікі натхняліся наскальнымі рысункамі для стварэньня адмысловага візуальнага стылю. Прадукт мае афіцыйную беларускую лякалізацыю.

Яшчэ адзін малавядомы прадукт — гульня Play With Me: Escape Room ад польскіх распрацоўнікаў, якія натхняліся сэрыяй фільмаў «Піла». У ёй гулец пастаянна разьвязвае галаваломкі, каб раскрыць таямніцы сюжэту, і ўзаемадзейнічае з асяродзьдзем, у тым ліку ня толькі ў гульні: часам трэба адысьці ад экрану ці ўключыць мікрафон. Пераклад у гульні таксама афіцыйны.

Play With Me, скрышот з афіцыйнага трэйлера гульні
Play With Me, скрышот з афіцыйнага трэйлера гульні

Таксама ў каталёгу ёсьць прыгодніцкая экшн-гульня пра сярэднявечных робатаў, якімі кіруюць рыбы Feudal Alloy. Гэта плятформэр з выглядам збоку, з запамінальнай графікай і эпічнымі неймавернымі стварэньнямі з мэталю і біялягічнага матэрыялу. Стваральнік гульні — маленькая чэская студыя, але гульня мае афіцыйны беларускі пераклад.

Ёсьць у каталёгу і сапраўдная старая клясыка, напрыклад, першы Fallout, які выйшаў у 1997 годзе і зрабіў рэвалюцыю ў жанры RPG. Гульня мае аматарскі пераклад.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG