Першы выпадак атакі бесьпілётніка на беларускі аўтобус адбыўся ў Бранскай вобласьці Расеі 17 чэрвеня. Тады ў выніку выбуху загінула жанчына, жонка трэнэра беларускай футбольнай каманды, якая ехала з Рэчыцы ў Геленджык. Расейцы адразу ж абвінавацілі ва ўдары Ўкраіну. Кіеў сваю датычнасьць да атакі зьняпраўджвае. Сьледчы камітэт Беларусі распачаў сьледзтва.
Наступны інцыдэнт з пашкоджаньнем беларускага аўтобуса пасьля меркаванага выбуху бесьпілётніка адбыўся 2 ліпеня на мяжы Беларусі і Расеі. На гэты раз пад удар трапіў рэйсавы аўтобус Менск — Анапа, які спыніўся на паркінгу неўзабаве пасьля перасячэньня беларуска-расейскай мяжы. Крамлёўскія прапагандысты паведамілі пра інцыдэнт першымі. Паводле іх, удар быў нанесены па аўтобусе мэтанакіравана. Бліжэй да вечара 2 ліпеня зьявіліся фота і відэазапісы з пашкоджаным беларускім аўтобусам. Зь іх было бачна, што ў яго выбітыя дзьве бакавыя шыбы, аўтобус вярнуўся ў Беларусь сваім ходам. У выніку інцыдэнту лёгкія раненьні атрымалі кіроўцы, больш пацярпелых не было.
Пазьней пасажыры аўтобуса ў размове зь беларускімі прапагандыстамі расказалі, што цэльлю бесьпілётніка мог быць не аўтобус, а фуры, якія знаходзіліся побач. У выніку ўдару адна зь іх згарэла, яшчэ дзьве атрымалі пашкоджаньні.
Аб тым, што бесьпілётнік ударыў не па аўтобусе, а па грузавіку, расказаў увечары таго ж дня і старшыня Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч. Зь яго словаў, аўтобус пацярпеў у выніку падзеньня дрона, аднак выбух адбыўся на адлегласьці і быў выпадковасьцю.
«Там (у Расеі. — РС) кожны дзень падаюць бесьпілётнікі, адбываюцца такія нядобрыя выпадкі, — выказаўся высокапастаўлены беларускі сілавік. — Мы не закрывалі межы, гэта рашэньне кожнага — ехаць ці ня ехаць… Гарантаваць бясьпеку ў такіх паездках вам ніхто ня зможа, пакуль ня спыніцца спэцыяльная ваенная апэрацыя (так расейскія і беларускія сілавікі называюць вайну Расеі супраць Украіны. — РС). Трэба думаць сваёй галавой, прымаць правільнае рашэньне».
«Якім маршрутам ідзе аўтобус? Ня ведаю»
Праз два дні пасьля пашкоджаньня аўтобуса рэгулярных лініяў Менск — Анапа сэрвісы пошуку і продажу аўтобусных квіткоў зь Беларусі на поўдзень Расеі прапануюць мноства варыянтаў. Зь Менску, а таксама з буйных гарадоў накшталт Бабруйску, Гомля, Магілёва па-ранейшаму можна паехаць на аўтобусе ў Анапу, Геленджык і іншыя гарады на поўдні Расеі.
Цэны на квіткі вагаюцца, але ўсе маршруты застаюцца ў вольным доступе.
«Нічога не скасоўвалі, заходзьце на наш сайт і купляйце квіткі, — расказалі Свабодзе ў службе падтрымкі аднаго з агрэгатараў, які зьбірае ў адным месцы інфармацыю аб маршрутах. — Усе маршруты, якія там выяўленыя, дасяжныя для набыцьця квіткоў».
Пры гэтым даведацца загадзя, хто будзе перавозьнікам і якім маршрутам паедзе аўтобус, на якім вы зьбіраецеся даехаць зь Менску да Анапы, ня так проста. Назва фірмы-ўласьніка аўтобуса пазначаная не паўсюль, сайт-агрэгатар прапануе толькі выбраць час і месца адпраўленьня, канцавы пункт, дату паездкі і аплату карткай.
«Я ня ведаю, якім маршрутам ідзе аўтобус, — прызнаўся ў тэлефоннай размове кансультант яшчэ аднаго такога сэрвісу. — Гэта залежыць ад перавозьніка. Мы прадаём квіткі, можаце набыць праз сайт. Аўтобусы да Анапы зь Менску дасяжныя, усе прапановы бачныя на сайце».
Высьветліць, якім маршрутам паедзе ваш аўтобус, можна экспэрымэнтальным чынам, выбраўшы канкрэтную прапанову і скарыстаўшыся пошукам квіткоў зь Менску ў прамежкавыя гарады імавернага маршруту на тым жа агрэгатары. На адным з сайтаў таксама можна знайсьці мапу з маршрутам аўтобуса, які ідзе зь Беларусі ў Геленджык і Анапу. Ён па-ранейшаму пралягае праз абодва месцы, дзе адбыліся нядаўнія інцыдэнты зь беларускімі перавозьнікамі — праз памежны пераход паміж Гомлем і Бранскам і па ўчастку трасы А240 побач з пасёлкам Рудня ў Бранскай вобласьці.
Квіткі на расейскае чарнаморскае ўзьбярэжжа зь Менску каштуюць каля 270 рублёў у адзін бок. Прадстаўнікі сайтаў-агрэгатараў папярэджваюць, што іх раскупляюць даволі апэратыўна. Тое ж пацьвярджаюць і зьвесткі з саміх сайтаў. Купіць квіток у дзень паездкі наўрад ці ўдасца, за некалькі дзён да яе застаюцца адзінкавыя прапановы. Ніякіх абмежаваньняў узросту пасажыраў таксама няма, паехаць маршрутам, які трапляе пад удары бесьпілётнікаў, могуць у тым ліку малалетнія дзеці.
Пра тое, што рэгулярныя аўтобусныя перавозкі паміж Беларусьсю і Расеяй працягваюцца як і раней, Свабодзе таксама расказалі на гомельскім аўтавакзале.
«Аўтобусы да Бранску ходзяць, кожны дзень, — расказалі там. — У 8:00 і 15:00. Ці можна квіткі купіць? Можна, чаму нельга? Якім маршрутам паедзе аўтобус, я пакуль ня ведаю, не магу вам дакладна сказаць. Паводле графіку, калі адпраўленьне ў яго ў 8:00, то ў Бранску ён у 13:40».
Агучаны час прыкладна адпавядае найкарацейшаму маршруту паміж Гомлем і Бранскам, які праходзіць празь месца апошняга інцыдэнту зь беларускім аўтобусам. Паездка праз Магілёўскую вобласьць з прыпынкамі можа заняць на некалькі гадзінаў больш.
Празь дзень пасьля першага выпадку з атакай на беларускі аўтобус у Бранскай вобласьці Расеі Аляксандар Лукашэнка загадаў забараніць арганізаваныя паездкі ў Расею для дзіцячых групаў. Ці спыніліся яны пасьля гэтага, невядома. Інцыдэнт 2 ліпеня Лукашэнка яшчэ не камэнтаваў.
Форум