На стаянцы памежнага пункту пропуску «Красны Камень» у Бранскай вобласьці Расеі дрон ударыў у аўтобус, які ехаў маршрутам Менск — Гомель — Анапа, перадае БелТА .
У аўтобусе былі 12 чалавек. Два кіроўцы атрымалі лёгкія раненьні. Ім аказалі неабходную мэдычную дапамогу.
Арганізаваная эвакуацыя людзей.
У кіроўцаў лёгкія траўмы, ім аказалі дапамогу на месцы. Ад шпіталізацыі ў Бранску яны адмовіліся, — паведамілі ва ўрадзе Бранскай вобласьці, перадае дзяржаўны канал news.by. Перавозьнік патлумачыў выбар блізкага ад украінскай мяжы маршруту тым, што гэта «рэгулярны рэйс».
Журналістцы «Люстэрка» ў памежным упраўленьні ФСБ Расеі па Бранскай вобласьці паведамілі, што да пацярпелых выехала хуткая.
— У іх лёгкае аскепкавае раненьне. Нічога страшнага, — сказаў супрацоўнік.
— А там толькі двое пацярпелых? — удакладніла карэспандэнтка «Люстэрка».
— Так, толькі двое.
Гомельская кампанія «ФИДИ Экспресс» прадавала туры зь Менску ў Анапу, адзін зь яе аўтобусаў выяжджаў менавіта 2 ліпеня.
«Перавозьнік наш», — пацьвердзілі па кантактным нумары журналістцы «Люстэрка», якая зьвярнулася ў кампанію як фізычная асоба. Ніякіх дэталяў пра стан пасажыраў там паведаміць не змаглі:
«Нічога ня ведаем».
«Красны Камень» — аўтамабільны памежны пераход на мяжы Расеі і Беларусі, разьмешчаны на трасе Гомель — Бранск.
Рэакцыя Вальфовіча: гэта выпадковасьць
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч у этэры тэлеканалу АНТ адзначыў, што гэтым разам дрон быццам трапіў у аўтобус не наўмысна.
«Аўтобус беларускі ня выбраны знарок для, скажам так, цэлі паражэньня. Гэта аўтобус, які выпадкова перасоўваўся па тэрыторыі Бранскай вобласьці і бесьпілётнік, які выпадкова ўпаў па дарозе паміж дзьвюма трасамі».
Пазьней Вальфовіч адзначыў, што ўлады папярэджвалі грамадзянаў пра тое, што ім варта ўстрымацца ад паездак у суседнюю Расею.
Паводле news.by, Вальфовіч сказаў, што параненыя кіроўцы аўтобуса шпіталізаваныя ў цяжкім стане. Аднак дзяржаўнае агенцтва БелТА піша, што ў шпіталі ўсім пацярпелым аказалі дапамогу і адпусьцілі дадому.
«Дыягнаставаныя траўмы рознай лякалізацыі. Усе яны не адносяцца да цяжкіх», — сказаў галоўны лекар гомельскага абласнога шпіталя.
Таксама Вальфовіч сказаў, што на Браншчыне «штодня падаюць бесьпілётнікі» і «адбываюцца такія нядобрыя здарэньні».
Пры папярэдняй атацы на аўтобус улады Беларусі вельмі хутка салідарызаваліся са сваімі расейскімі калегамі і абвінавацілі ў крывавым нападзе Ўкраіну. Доказаў гэтаму не паказалі дагэтуль.
Ва Ўкраіне заявілі, што не атакавалі беларускі аўтобус
Ва ўкраінскім генштабе абверглі заявы пра нібыта ўкраінскі ўдар па пасажырскім аўтобусе
У Генштабе Ўзброеных сіл Украіны назвалі «сьвядомай і цынічнай правакацыяй» заявы расейскага боку пра нібыта ўкраінскі ўдар па пасажырскім аўтобусе «Менск — Анапа» ў раёне памежнага пераходу «Красны Камень» у Бранскай вобласьці РФ.
Такія заявы РФ скіраваныя выключна на тое, каб прыкрыць свой удар па Кіеве, заявіў прадстаўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Андрэй Кавалёў, словы якога цытуе шэраг украінскіх СМІ.
«Вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ традыцыйна зьвяртаецца да інсцэніровак і абстрэлаў уласных грамадзян, спрабуючы адцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці ад чарговага акту тэрарызму ў Кіеве, дзе ў выніку масаванай атакі расейскіх войскаў па жылых кварталах загінулі і былі параненыя дзясяткі мірных жыхароў», — заявіў Кавалёў.
«Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны афіцыйна заяўляе, што Сілы абароны Ўкраіны не наносілі ніякіх удараў па названым цывільным транспарце, а ўсе абвінавачаньні з боку краіны-агрэсара абсалютна ілжывыя і сфабрыкаваныя», — дадаў ён.
Прадстаўнік генштабу падкрэсьліў, што ўкраінскія сілы наносяць удары толькі па законных вайсковых цэлях.
Ціханоўская: «Заклікаю вас: ня езьдзіце ў Расею»
Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская пасьля чарговага ўдару дрона па беларускім аўтобусе зноў заклікала беларусаў ня езьдзіць у Расею.
«У чарговы раз нашыя людзі становяцца ахвярамі злачыннай вайны, якую Расея разьвязала супраць Украіны і працягвае ўцягваць у яе і нашую Беларусь. Гэта таксама наступствы безадказнай палітыкі Лукашэнкі і рэжымнай прапаганды, якія зацята гэтую вайну падтрымліваюць, і тых прадстаўнікоў улады, якія ігнаруюць пагрозы і працягваюць адпраўляць беларусаў у Расею», — напісала Ціханоўская.
«Заклікаю вас: ня езьдзіце ў Расею. Хтосьці зарабляе на турах туды, нібы там бясьпечна, — гэта ня так. А так званым уладам, падобна, усё роўна, колькі яшчэ беларусаў пацярпіць. Беражыце сябе», — адзначыла яна.
Гэта ўжо другі інцыдэнт зь беларускім аўтобусам у Расеі за апошні час
17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.
Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.
Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.
У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».
Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.
Форум