Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі назваў атаку на беларускі аўтобус у Бранскай вобласьці правакацыяй расейцаў

Беларускі аўтобус пасьля атакі, 17 чэрвеня 2026 году
Беларускі аўтобус пасьля атакі, 17 чэрвеня 2026 году

Міжнародныя экспэрты ўжо зрабілі выснову, што ўкраінскі бок ня мае дачыненьня да атакі на аўтобус з грамадзянамі Беларусі ў Бранскай вобласьці Расеі, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Што да ўдару дрона... Ну, усе ўжо прызналі, міжнародныя экспэрты, і мне здаецца таксама, што і расейцы гэта прызнаюць — скажам так, не адкрыта, — што гэты ўдар быў ня наш. Як гэта зьвязваюць? Вельмі проста. Расейцы будуць рабіць шмат розных правакацыяў, каб уцягнуць народ Беларусі ў гэтую вайну. Гэта адна з такіх правакацыяў», — цытуе Зяленскага агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

Паводле экспэртаў, на якіх спасылаецца агенцтва, характар пашкоджаньняў аўтобуса не адпавядае тым, якія бываюць у выніку атакі дрона самалётнага тыпу. А меншыя дроны не змаглі б даляцець з тэрыторыі Украіны да месца здарэньня.

Пра тое, што Ўкраіна ня мае дачыненьня да гэтай атакі, раней заявіў і ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец.

Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што перахапіла расейскі афіцыйны дакумэнт, зь якога вынікае, што падчас атакі на аўтобус украінскіх дронаў у небе не было.

«Такім чынам, у СБУ ёсьць падставы лічыць, што ўдар па аўтобусе з грамадзянамі Беларусі ў Бранскай вобласьці РФ ёсьць спэцапэрацыяй расейскіх спэцслужбаў», — падсумавалі ў ведамстве.

У СБУ таксама падкрэсьлілі, што раней краіна-агрэсар неаднаразова абвінавачвала Ўкраіну ў злачынствах, учыненых прадстаўнікамі РФ, і заявілі, што Ўкраіна і ўсе Сілы бясьпекі і абароны няўхільна выконваюць законы і звычаі вайны і працуюць выключна па законных вайсковых цэлях.

Тым часам у Беларусі працягваюць паўтараць пра датычнасьць Украіны да атакі

Прадстаўнік Беларусі пры СНД Ігар Назарук заявіў, што Беларусь пакідае за сабой права на «дзеяньні ў дачыненьні да Ўкраіны для абароны жыцьця сваіх грамадзян», перадае ТАСС.

Назарук таксама сказаў, што загінулая Вікторыя Гарошка была цяжарнай.

«Мы маем намер дамагацца, каб гэтаму абуральнаму акту была дадзеная належная міжнародная ацэнка», — дадаў ён.

Назарук палічыў дарэчным увязаць атаку на аўтобус і зьнішчэньне Хатыні:

«Мы гаворым пра тое, што агрэсія супраць дзяцей — улюбёны прыём прадаўжальнікаў неанацысцкай ідэалёгіі і бандэраўскіх мэтадаў генацыду. Дастаткова ўспомніць Хатынь і ўспомніць, хто ўчыніў гэтае жахлівае злачынства», — заявіў ён.

Незалежная гістарычная экспэртыза даўно зьняпраўдзіла міт савецка-расейскай прапаганды, якую падхоплівае й рэжым Лукашэнкі. Хатынь спаліла не УПА, а нямецкая дапаможная паліцыя з палоннымі чырвонаармейцамі ў складзе.

Што адбылося напярэдадні

17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.

Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.

У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG