Уладзімір Зяленскі заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне на працягу тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы. Пра гэта прэзыдэнт Украіны заявіў у час супольнай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Гандурасу Насры Асфурам у Кіеве 19 чэрвеня, паведамляе выданьне «Суспільне».
«На ягоных вышках ёсьць рэтрансьлятары, расейскія рэтрансьлятары, беларускія. Якая розьніца паміж намі? На ягонай тэрыторыі ўздоўж дзьвюх абласьцей, якія мяжуюць з Украінай, ёсьць абсталяваньне, якое карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве. Ці можа ён яго прыбраць? Чаму ён кажа, што ня хоча ваяваць? Няхай яны адключаць гэтае абсталяваньне. Я думаю, што яму будзе дастаткова тыдня, каб гэта зрабіць. Калі ён гэтага ня зробіць, мы зробім», — сказаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны таксама абвінаваціў Беларусь у пастаўках нафтапрадуктаў для расейскага войска.
«Мы робім усё, каб расейцы не прадавалі нафту і не давалі дызэльнага паліва і нафты сваёй арміі, бо ўсё гэта выкарыстоўваецца супраць нас. Сёньня ён адзін з галоўных пастаўнікоў для расейскай арміі. Гэта Лукашэнка, гэта Беларусь. Ці можна гэта спыніць? Я ўпэўнены, што гэта ў ягоных сілах і што ён кантралюе гэта», — сказаў Зяленскі.
Зяленскі папярэдзіў, што Расея працягвае падбухторваць Беларусь да вайны і выкарыстоўвае правакацыі, у тым ліку атакі бесьпілётнікаў, каб уцягнуць у канфлікт беларускі народ. Прэзыдэнт Украіны назваў напад на аўтобус зь дзіцячай футбольнай камандай з Рэчыцы ў Бранскай вобласьці Расеі 17 чэрвеня «правакацыяй з боку Расеі».
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны адмаўляе дачыненьне ўкраінскіх сілаў да нападу і паведамляе, што Армія абароны Ўкраіны не выкарыстоўвала бесьпілётнікі супраць цэляў у Бранскай вобласьці ў той час.
Папярэднія вострыя словы
У траўні 2026 году Лукашэнка заяўляў пра гатовасьць сустрэцца зь Зяленскім. Ён нават дапусьціў свой прыезд ва Ўкраіну. Вось толькі ўкраінскі бок адразу даў зразумець: ніякага запрашэньня ня будзе. Затое ў Кіеў неўзабаве прыехала прадстаўніца апазыцыйных сілаў Сьвятлана Ціханоўская, сустрэчы зь якой канцылярыя ўкраінскага прэзыдэнта ўнікала некалькі гадоў.
Камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць на прыкмеце паўтысячы беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.
«У нас ёсьць адна цэль — вельмі сур’ёзная, з дакладнымі каардынатамі, і зусім недалёка ад Беларусі. Гэта ж яны таксама разумеюць», — сказаў Лукашэнка ў размове з расейскім прапагандысцкім тэлеканалам «Россия 1».
Словы Зяленскага пра «дыпляматычнае ўзьдзеяньне» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёю» і адзначыў, што яны адрозьніваюцца ад словаў украінскіх вайскоўцаў.
«Вайскоўцы Ўкраіны ніякай вайны зь Беларусьсю не жадаюць. Гэта я ведаю дакладна. Бо яны разумеюць, што гэта 1500 кілямэтраў дадатковага фронту, межы. І няпростая мяжа Беларусі і Ўкраіны. Ім гэта трэба? Не».
Пазьней у гэтым самым інтэрвію Лукашэнка ўжыў пра Зяленскага словы «курнуў» і «кальнуў», падыгрываючы маскоўскай прапагандзе, якая даўно беспадстаўна падстаўна заяўляе, нібыта Зяленскі нарказалежны.
Пры гэтым ужо 15 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya тон Лукашэнкі быў далёкім ад ваяўнічага. Таксама ён сказаў, што нібыта абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным, і яны быццам прыйшлі да высновы, што ўвахад Беларусі ў вайну прынясе больш шкоды, чым карысьці.
«Мы шмат разоў гаварылі аб тым, што абсалютна недапушчальна, каб вайна Ўкраіны з Расеяй перакінулася на тэрыторыю Беларусі», — заявіў ён.
Тады ж Лукашэнка ўспомніў тую заяву пра «500 цэляў у Беларусі», толькі павярнуў яе зусім у іншае рэчышча:
«Бо Беларусь ва ўкраінскіх вайскоўцаў як на далоні. Мы выдатна разумеем, што нашы асноўныя аб’екты жыцьцезабесьпячэньня — вытворчыя і лягістычныя — апынуцца пад ударам. Як яны заявілі, у іх ужо 500 такіх мэт на тэрыторыі Беларусі намечана», — заявіў Лукашэнка.
Ён прынёс Зяленскаму прабачэньні за рэзкасьць і ў чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, бо гэта «нікому ня выгадна». Аднак пра гэта Лукашэнка казаў і раней, а ў выніку ў лютым 2022 году падтрымаў расейскую вайсковую агрэсію, і цяпер над тэрыторыяй Беларусі часта лятаюць расейскія дроны, атакуючы Ўкраіну.
Форум