«У выніку мэтанакіраванага ўдару загінула жанчына, якая суправаджала каманду», — паведаміў кіраўнік расейскага рэгіёну.
Пацярпелі 8 чалавек, зь іх шасьцёра непаўналетніх, заявіў БелТА міністар аховы здароўя Беларусі Аляксандар Хаджаеў. Двое ў цяжкім стане.
У Бранск зь Менску выехалі тры рэанімацыйныя брыгады ў складзе 11 чалавек. Таксама выехала брыгада з Масквы.
Лукашэнка загадаў прывесьці пацярпелых з Бранскай вобласьці ў Беларусь
Пра гэта паведаміў міністар аховы здароўя Аляксандар Хаджаеў, перадае БелТА.
Паводле міністра, расейскія мэдыкі прапанавалі лекаваць пацярпелых беларусаў у расейскіх лякарнях. Аднак Аляксандар Лукашэнка даручыў даставіць іх у Беларусь.
Для перавозкі рыхтуюць верталёт.
Паводле беларускага дзяржаўнага інфармагенцтва БелТа, здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне населенага пункта Рудня Бранскай вобласьці.
Бранскія ўлады і дзяржаўныя СМІ Беларусі распаўсюдзілі фота зь месца інцыдэнту. На іх бачныя пашкоджаньні аскепкамі і выбітыя шыбы.
Выданьне Times.by паведаміла, што загінула жонка трэнэра Рэчыцкай ДЮСШ-2 , якая суправаджала дзяцей.
Пазьней афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Расеі Сьвятлана Пятрэнка паведаміла аб завядзеньні крымінальнай справы аб тэракце, згодна з артыкулам 205 Крымінальнага кодэксу Расеі.
Паводле яе, у выніку атакі ўкраінскім дронам пацярпеў аўтобус дзіцяча-юнацкай спартовай школы № 2 горада Рэчыцы. У ім знаходзіліся 44 пасажыры, у тым ліку 28 дзяцей-спартоўцаў.
Паводле яе, атака адбылася на трасе на трасе А240, якая ідзе ад Гомля да Бранску. Адлегласьць ад гэтай дарогі да мяжы з Украінай складае ад 30 да 90 кілямэтраў на розных участках.
Пацярпелых даставілі ў горад Почап Бранскай вобласьці.
У Міністэрстве здароўя Расеі паведамілі, што адзін паранены падлетак знаходзіцца ў цяжкім стане.
Пазьней у Рэчыцкім райвыканкаме дзяржаўнаму агенцтву БелТА расказалі, што ў Геленджык ехалі два аўтобусы, у адным былі футбалісты, а ў другім танцоры. Агулам на маршруце было 88 чалавек.
У тым ліку ў аўтобусах знаходзілася 41 дзіця: 28 навучэнцаў дзіцяча-юнацкай спартовай школы № 2 Рэчыцкага раёну, якія накіроўваліся на вучэбна-трэнавальныя зборы ў аздараўленчым лягеры, і 13 дзяцей, якія займаюцца ў прыватнай студыі танцаў. Некаторых дзяцей суправаджалі бацькі, частка — па даверанасьці іншых дарослых.
У цяжкім стане шпіталізавалі трэнэра-выкладчыка ДЮСШ № 2, а таксама шэсьць дзяцей з траўмамі рознай ступені цяжкасьці.
Ва Ўкраіне здарэньне назвалі «інфармацыйнай правакацыяй Крамля»
Заявы прадстаўнікоў Расейскай Фэдэрацыі пра нібыта паражэньне бесьпілётнікам Узброеных сілаў Украіны аўтобуса зь дзіцячай футбольнай камандай у Бранскай вобласьці не адпавядаюць рэчаіснасьці. Пра гэта ў камэнтары «Люстэрку» паведаміў сьпікер Генштабу УСУ маёр Андрэй Кавалёў.
«Падкрэсьліваем, што ў названы пэрыяд Сілы абароны Ўкраіны не выкарыстоўвалі бесьпілётныя лятальныя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласьці.
Расцэньваем такія паведамленьні як чарговую інфармацыйную правакацыю Крамля. Ня маючы магчымасьці дасягнуць заяўленых мэтаў на полі бою і несучы значныя страты, Расейская Фэдэрацыя ўсё часьцей зьвяртаецца да інфармацыйных маніпуляцыяў і фабрыкацыі абвінавачаньняў супраць Украіны», — заявіў сьпікер УСУ.
Беларуская фэдэрацыя футболу паінфармавала УЭФА і ФІФА
Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футболу» не адразу адрэагавала на трагедыю на Браншчыне. Там публікавалі вынікі розыгрышу кашуляў нацыянальнай зборнай і здымкі старшыні АБФФ Яўгена Булойчыка, які цяпер на Кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі футболу ў Маямі. Разам зь ім там генэральны сакратар АБФФ Уладзімер Вярцёлка.
Пазьней, аднак, на тэлеграм-канале фэдэрацыі зьявілася афіцыйная рэакцыя. Там адзначылі, што фдэрацыя «ўжо праінфармавала прэзідэнтаў УЭФА і ФІФА аб тым, што адбылося, а таксама ініцыявала расьсьледаваньне гэтага інцыдэнту ў адпаведных органах». У АБФФ заявілі. што на гэты момант зьбіраюць усю наяўную інфармацыю і трымаюць сытуацыю «на асаблівым кантролі».
Гомельская фэдэрацыя футболу: «Звычайна ў іх быў іншы маршрут»
Як расказалі журналісту Onliner у Гомельскай абласной фэдэрацыі футболу, у аўтобусе былі выхаванцы футбольнага клюбу з Рэчыцы. Яны штогод езьдзілі на аздараўленьне ў Геленджык, дзе таксама трэнаваліся і ўдзельнічалі ў спарынгах зь мясцовымі камандамі.
«Першая група выхаванцаў ужо вярнулася, яны былі на адпачынку з 1 чэрвеня. Цяпер паехала другая група. Усе дзеці былі з Рэчыцы, СДЮШАР № 2, гэта іхны аўтобус. Ня ведаю, чаму гэтым разам яны паехалі той дарогай — цераз Бранск. Звычайна ў іх быў іншы маршрут», — расказаў суразмоўца.
Паводле яго, выхаванцы езьдзяць на адпачынак у суправаджэньні трэнэраў. На групу з 38 чалавек — па двое суправаджальнікаў. Гэтым разам сярод іх была жонка трэнэра Аляксея Гарошкі Вікторыя. Менавіта яна, паводле інфармацыі суразмоўцы, загінула.
Геленджык — горад у Краснадарскім краі Расеі на беразе Чорнага мора. Да мяжы акупаванага Расеяй Крыму адтуль — 100 км.
Як адрэагавалі ўлады Беларусі
Пазьней Сьледчы камітэт Беларусі таксама завёў крымінальную справу паводле «факту ўдару па аўтобусе зь дзецьмі з Гомельскай вобласьці». Аднак артыкул, паводле якога вядуць расьсьледаваньне, пакуль не назвалі. Кіраўнік Сьледчага камітэту Беларусі Канстанцін Бычак паведаміў, што беларускія сьледчыя выехалі ў Расею для садзейнічаньня расейскаму сьледзтву.
Прэсавая служба Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла аб «рашучым асуджэньні» атакі на цывільны аўтобус.
«Расцэньваем гэта як чарговы акт тэрарызму супраць мірнага насельніцтва. Патрабуем ад украінскага боку вычарпальных тлумачэньняў», – адзначаецца ў заяве прэсавай службы МЗС.
Адначасова прэсавая служба зьвярнула ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду груп грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы».
«Таксама падкрэсьліваем абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў», – адзначаецца ў заяве.
Пасьля 18-й гадзіны на Першым інфармацыйным тэлеканале дзяржаўнай тэлевізіі паведамілі, што справу прыняў у сваё вядзеньне Сьледчы камітэт Беларусі. Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Канстанцін Бычак.
Ціханоўская заявіла пра адказнасьць уладаў Беларусі
Сьвятлана Ціханоўская выказала спачуваньне дзецям, якія пацярпелі ў выніку ўдару бесьпілётнікам, і іхным сваякам.
«Дзеці і дарослыя, што былі побач з імі, — невінаватыя ахвяры. Гэтую вайну распачала Расея. Яна — агрэсар, і менавіта яна нясе галоўную адказнасьць за кожную сьмерць і кожнае раненьне, зьвязаныя з гэтай вайной. Але вінаватыя і тыя прадстаўнікі дзяржавы, хто безадказна адправіў дзяцей праз памежную зону ваенных дзеяньняў. Гэта не „выпадковасьць“, а канкрэтнае рашэньне канкрэтных людзей пры ўладзе, якія абыякава паставіліся да таго, як дзеці патрапяць на адпачынак», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
«І вінаватая беларуская дзяржаўная прапаганда, якая гадамі замоўчвае праўду пра вайну і саўдзел у ёй рэжыму Лукашэнкі, каб стварыць фэйкавую карцінку „мірнага неба“ і бясьпекі. Я заклікаю вас: беражыце сябе і сваіх блізкіх. Не рызыкуйце жыцьцём — ня едзьце ў Расею, якая вядзе злачынную і несправядлівую вайну. Бясьпека надыдзе толькі тады, калі Расея спыніць гэтую вайну», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Алесь Бяляцкі: вайна ходзіць побач зь межамі Беларусі
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які жыве за мяжою ў выніку прымусовага вывазу з краіны пасьля вызваленьня з турмы, пракамэнтаваў трагедыю на Браншчыне.
«17 чэрвеня. Навіна пра тое, што аўтобус з рэчыцкімі дзецьмі патрапіў у Бранскай вобласьці пад абстрэл вельмі горкая. Вайна проста ходзіць побач зь межамі Беларусі, а часам і перасякае іх. Рабіць выгляд, што яе няма, не выпадае.
У Лоеве, над якім пастаянна лётаюць расейскія шахеды ў бок Украіны, гэта разумеюць. Чаму ж у Рэчыцы не зразумелі.
Уся тэрыторыя Расеі зараз патэнцыйна небясьпечная для беларусаў. Ня трэба туды езьдзіць самім, ня трэба адпраўляць дзяцей на Чорнае мора ў Краснадарскі край. Там зараз вайна».
Што папярэднічала
Расея ў лютым 2022 году пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Расейскія войскі ўварваліся на ўкраінскую тэрыторыю, у тым ліку, і зь Беларусі.
Апошнім часам Украіна ўзмацніла свае ўдары па расейскай тэрыторыі на адлегласьці да 1200 кілямэтраў ад украінскай мяжы. Найперш украінскія сілы атакуюць вайсковыя і энэргетычныя аб’екты, а таксама нафтаперапрацоўчы комплекс. У той жа час адбываліся выпадкі, калі аскепкі зьбітых супрацьпаветранай абаронай Расеі снарадаў падалі на жылыя дамы і транспарт.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум