Невыпадковая трагедыя
Зьявіліся новыя беларускія цывільныя ахвяры расейска-ўкраінскай вайны. Меркавана дрон трапіў у аўтобус на трасе Гомель — Бранск, які вёз футбалістаў-школьнікаў з Рэчыцы ў Геленджык (Краснадарскі край Расеі). Загінула адна жанчына і ёсьць яшчэ восем пацярпелых, у тым ліку шэсьць дзяцей.
Як найменей дзясяткі беларусаў загінулі на фронце, ваюючы за абодва бакі гэтага ваеннага канфлікту. У сакавіку 2022 году два беларускія кіроўцы фураў загінулі на Жытоміршчыне. Ад таго часу не было пацьверджаных выпадкаў, каб у гэтай вайне гінулі цывільныя грамадзяне Беларусі. Хоць дроны падаюць на тэрыторыі Беларусі, паводле прызнаньня генэралаў, амаль штодзень. Але пакуль без трагічных наступстваў.
У сацыяльных сетках гучаць папрокі на адрас бацькоў — маўляў, навошта яны адпусьцілі дзяцей у краіну, якая ваюе. Прэтэнзіі слушныя. Але тут на паверхню вылазіць праблема, што замест інфармацыі дзяржаўныя мэдыі Беларусі і Расеі запускаюць прапаганду.
Калі глядзець афіцыйны тэлевізар, то там няма паведамленьняў пра тую драму, якую цяпер перажывае Расея, пра налёты ўкраінскіх бесьпілётнікаў на розныя стратэгічныя аб’екты ў расейскіх гарадах, пра сытуацыю з палівам на Крымскай паўвысьпе і іншыя рэаліі вайны. І шмат беларусаў, якія давяраюць дзяржаўнай прапагандзе, проста ня ведаюць пра сапраўдную сытуацыю ў РФ. Таму беларускія турфірмы працягваюць прапаноўваць пуцёўкі на курорты Крыму.
Бранская вобласьць мяжуе з Украінай, гэта прыфрантавая зона. Траса, па якой ехаў аўтобус, знаходзіцца ад 30 да 90 кілямэтраў да ўкраінскай мяжы на розных участках. Везьці па ёй дзяцей было безадказным рашэньнем.
Высновы супалі
Трагедыя зь беларускім аўтобусам на трасе чакана выклікала ўсплёск інфармацыйнай вайны. Расея абвінавачвае Ўкраіну, але ўкраінскі бок адмаўляе сваю датычнасьць да гэтай трагедыі. Ідзе сьледзтва, аднак у такіх вострых палітычных пытаньнях наўрад ці можна спадзявацца на аб’ектыўны пошук ісьціны і вінаватых. Тут больш важныя палітычныя наступствы драмы з аўтобусам.
Знамянальныя высновы, якія зрабілі беларусы з гэтай драматычнай падзеі. Парадаксальным чынам ва ўладаў і апазыцыі яны амаль супалі. Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў: «Не рызыкуйце жыцьцём — не едзьце ў Расею». У заяве МЗС Беларусі падкрэсьлена «абавязковасьць безумоўнага выключэньня» любых паездак грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і суседніх зь імі рэгіёнаў.
Намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Дзьмітры Алейнікаў папракнуў беларускіх перавозчыкаў, які выбралі «небясьпечны маршрут практычна ў прыфрантавой зоне». І, нарэшце, сам Аляксандр Лукашэнка зрабіў фактычна тую ж самую выснову падчас нарады з вайскоўцамі: «Трэба займацца футболам ды іншымі мерапрыемствамі тут. Тут больш камфортна — у ціхай, спакойнай краіне. І трэба забараніць усялякія паездкі безь дзяржаўнага кантролю і дазволу». Прынамсі ў адным пытаньні ў беларусаў зьявіўся кансэнсус.
Стрыманасьць Лукашэнкі
Што тычыцца інфармацыйнай вайны, дык у першы момант беларускія афіцыйныя мэдыі ў яе актыўна ўключыліся. 17 чэрвеня дзяржаўныя прапагандысцкія рэсурсы, асабліва мясцовыя газэты былі запоўненая абвінавачваньнямі на адрас украінскага войска і перадрукамі з расейскай прапаганды. Аднак бліжэй да вечара, гледзячы па ўсім, зьявіўся загад зьверху трохі прытармазіць. У выніку агульнанацыянальныя мэдыі сталі падаваць драму з аўтобусам больш стрымана, не як галоўную падзею, а ў шэрагу іншых
І заява Лукашэнкі падчас нарады з вайскоўцамі даволі стрыманая. Ён адзначыў, што калі ідзе вайна за плотам, то не дзіва, што здарылася гэтая бяда.
«Мы не сьпяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы дакладна канстатуем факт, што гэта бесьпілётнік украінскага паходжаньня», — сказаў Лукашэнка.
І галоўная выснова Лукашэнкі:
«Калі нас нехта правакуе і спрабуе, як некаторыя гавораць, уцягнуць у вайну, думаю, што гэта дрэнна абыдзецца тым, хто спрабуе гэта зрабіць. Мы паводзім сябе спакойна. Камусьці не падабаецца, што Беларусь — спакойная дзяржава. Таму вось гэта ўсё адбываецца».
Але хто тыя злыя сілы, якія імкнуцца ўцягнуць Беларусь у вайну, Лукашэнка не ўдакладніў, хоць пазьней згадаў украінскіх вайскоўцаў і дзяржаўных службоўцаў. Раней у падобных выпадках ён адназначна паказваў пальцам на Захад і Ўкраіну. Цяпер жа ворагі абазначаюцца трохі няпэўна.
То бок высновы зробленыя ў духу ягонага нядаўняга інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya. Маўляў, мы ваяваць ня хочам, бо Беларусь у ваенным пляне ўразьлівая перад Украінай. І ўвогуле вайна зайшла ў тупік, абодвум бакам варта шукаць кампраміс, ісьці да замірэньня, а гэтая «правакацыя» з аўтобусам не выведзе кіраўніцтва Беларусі з раўнавагі.
Форум