Як паведаміла дзяржаўнае выданьне news.by, параненых дзяцей транспартуюць на спэцыяльных рэанімабілях у мэдычныя ўстановы Менску.
«Хлопчыка, які быў у цяжкім стане, уначы праапэравалі. Цяпер яго транспартуюць на апаратнай падтрымцы. Усе іншыя пацярпелыя ў прытомнасьці, размаўляюць і адчуваюць сябе лепш. Нягледзячы на аскепкавыя раненьні, прагнозы станоўчыя», — адзначыла выданьне.
Міністар аховы здароўя Беларусі Аляксандар Хаджаеў заявіў, што магчымасьць транспартаваньня параненых дзяцей і аднаго дарослага пацьвердзілі лекары.
«Цяпер эвакууюць шасьцёх пацярпеых. Зь іх двое цяжкія: адно дзіця і адзін дарослы. І чатыры чалавекі ў стане рознай ступені цяжкасьці, але не цяжкія», — сказаў міністар.
Згодна з інфармацыяй Міністэрства здароўя Беларусі, пецярых дзяцей накіруюць у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар дзіцячай хірургіі, а дарослага — у Галоўны вайсковы мэдычны клінічны цэнтар № 432 Узброеных сіл Беларусі.
Украіна гатовая далучыцца да празрыстага высьвятленьня абставінаў інцыдэнту
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітро Лубінец заявіў, што Ўкраіна ня мае дачыненьня да атакі аўтобуса зь беларускімі дзецьмі.
«У сувязі з пашырэньнем інфармацыі пра атаку на аўтобус зь дзецьмі ў Бранскай вобласьці тэрмінова зьвязаўся зь беларускім бокам і атрымаў першасную інфармацыю аб гэтым інцыдэнце. Падчас размовы асобна падкрэсьліў: Украіна ня мае ніякага дачыненьня да гэтай падзеі», — паведаміў Дзьмітро Лубінец у сваім Telegram-канале.
Паводле яго, сілы абароны Ўкраіне не наносяць удараў па цывільных аб’ектах і цывільным насельніцтве.
«На тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ўкраінскія вайскоўцы цэляцца выключна ў вайсковыя цэлі. У адрозьненьне ад Расеі, якая штодня атакуе ўкраінскія гарады, жылыя дамы і забівае мірных грамадзян, Украіна дзейнічае ў межах нормаў міжнароднага гуманітарнага права. Не выключаю, што мова ідзе пра чарговую правакацыю або інфармацыйную апэрацыю, выгадную найперш Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў украінскі амбудсмэн.
Што адбылося напярэдадні
17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.
Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.
Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.
У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».
Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.
Што папярэднічала
Расея ў лютым 2022 году пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Расейскія войскі ўварваліся на ўкраінскую тэрыторыю, у тым ліку і зь Беларусі.
Апошнім часам Украіна ўзмацніла свае ўдары па расейскай тэрыторыі на адлегласьці да 1200 кілямэтраў ад украінскай мяжы. Найперш украінскія сілы атакуюць вайсковыя і энэргетычныя аб’екты, а таксама нафтаперапрацоўчы комплекс. У той жа час здараліся выпадкі, калі аскепкі зьбітых супрацьпаветранай абаронай Расеі снарадаў падалі на жылыя дамы і транспарт.
Форум