Лякаматыўныя брыгады дэпо Гомель, якія павінны, хоць і не ў вялікім аб’ёме, ажыцьцяўляць кіраваньне грузавых цягнікоў на ўчастках Гомель — Унеча — Бранск праз МГСП Закапыцьце — Злынка, часьцяком адмаўляюцца зьдзяйсьняць падобныя рэйсы з прычыны небясьпекі, даведалася «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі».
Апошнія два месяцы фактычныя суадносіны ў абслугоўваньні ўчастку складаюць ужо больш за 90% на карысьць «РЖД» (Расейскай чыгункі).
Асобнае значэньне для лякаматыўных брыгадаў набыла прыналежнасьць лякаматыву. Паводле крыніцаў СЧБ, унутры дэпо працаўнікам неафіцыйна падаюць вэрсію аб існаваньні негалоснай дамовы, паводле якой беларускія лякаматывы нібыта не павінны станавіцца мэтай нападаў БПЛА. Праверыць дакладнасьць такіх сцььвярджэньняў немагчыма, аднак сама гэтая вэрсія выкарыстоўваецца як аргумэнт на карысьць выкананьня рэйсаў на лякаматывах прыпіскі БЧ.
Маюць месца выпадкі, калі пры адсутнасьці лякаматываў прыпіскі БЧ беларускія лякаматыўныя брыгады адмаўляліся ехаць зь цягніком на расейскім лякаматыве. У выніку цягнік прастойваў на станцыі ў чаканьні заканчэньня адпачынку лакаматыўнай брыгады Расейскай чыгункі. У папярэднія гады падобная сытуацыя была б нерэальнай, падкрэсьліваюць у СЧБ.
На рэпрэсіўныя захады кіраўніцтва чыгункі не ідзе, замест гэтага спрабуе знайсьці працаўнікоў, гатовых выканаць рэйс хаця б на лякаматыве прыпіскі БЧ, за кошт дадатковага грашовага стымуляваньня. Па зьвестках крыніц, такая даплата можа складаць ад 1 да 3 базавых велічыняў за адну паездку.
Як на Браншчыне спрабуюць выводзіць цягнікі з-пад абстрэлаў?
З канца 2022 году праз вузел Закапыцьце — Злынка не ажыцьцяўляецца пропуск вайсковых эшалёнаў, а таксама складаў з выбуховымі матэрыяламі. Гэтыя абмежаваньні захоўваюцца і сёньня.
На гэты момант праз названы стык праходзяць пераважна парожнія саставы і грузы агульнага прызначэньня, якія не адносяцца да прыярытэтных або асабліва адчувальных перавозак.
Пры гэтым гружаныя склады з прадуктамі нафтаперапрацоўкі з Мазырскага НПЗ зь нядаўняга часу пераарыентаваныя на абыходныя маршруты, перш за ўсё праз пункты Асінаўка — Чырвонае. Такі маршрут дае магчымасьць адводзіць нафтаналіўныя грузы ад прыгранічных з Украінай раёнаў і найбольш уразьлівых участкаў расейскай чыгуначнай інфраструктуры.
Папярэднія атакі дронаў на Браншчыне
Найбольш рэзанансным эпізодам стала атака бесьпілётніка на станцыю Ўнеча, якая адбылася 21 траўня 2026 году. Як сьцьвярджаюць расейскія крыніцы інфармацыі, у выніку простага трапленьня бесьпілётніка ў манэўравы цеплавоз загінулі трое супрацоўнікаў Расейскай чыгункі: машыніст, памочнік машыніста і агляднік-рамонтнік вагонаў.
Сэрыя атак на Ўнечу і Бранскі чыгуначны вузел, а таксама гібель супрацоўнікаў «РЖД» пры ўдары па манэўравым цеплавозе 21 траўня наўпрост паўплывалі на настроі ў лякаматыўным дэпо «Гомель», на Гомельскім аддзяленьні БЧ. Сярод лякаматыўных брыгад рэзка зьнізілася гатоўнасьць рухацца з грузавымі цягнікамі на тэрыторыю Расеі, паведаміла СЧБ.
Улетку 2026 году на Браншчыне атак зазналі два аўтобусы зь беларускімі адпачыньнікамі.
17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Рэчыцы ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў, гэта была жонка трэнэра і суправаджальніца групы, і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.
Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду. Украінскі бок запярэчыў свой удзел у здарэньні, абвінаваціўшы расейцаў у сьвядомай правакацыі з мэтай уцягнуць Беларусь у вайну.
Праз паўмесяца, 2 ліпеня на стаянцы памежнага пункту пропуску «Красны Камень» на Браншчыне бесьпілётнік ударыў у аўтобус «Менск — Гомель — Анапа». Два кіроўцы атрымалі траўмы, але неўзабаве былі выпісаныя са шпіталя.
Форум