«У будынку Цэнтру кіраваньня перавозкамі Беларускай чыгункі ўжо прыблізна год на сталай аснове разьмешчаная група прадстаўнікоў вайсковых структураў», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.
Згодна з інфармацыяй арганізацыі, аснову групы складаюць прадстаўнікі ўпраўленьня вайсковых зносін Міністэрства абароны Беларусі, якое адказвае за плянаваньне, арганізацыю і забесьпячэньне вайсковых перавозак усімі відамі транспарту — чыгуначным, аўтамабільным, паветраным і водным.
Дадаткова ў групу ўваходзяць прадстаўнікі падразьдзелаў сувязі, абароны сакрэтнай інфармацыі і іншых структураў, якія займаюцца забесьпячэньнем Узброеных сілаў Беларусі. Агульная імаверная іх колькасьць 20–30 чалавек. Групу пачалі ствараць перад супольнымі беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2025».
«Такім чынам, мова ідзе не пра пэрыядычнае наведваньне Цэнтру, нарады ці суправаджэньне асобных перавозак, як гэта было раней, а пра фактычную інтэграцыю вайскоўцаў у сыстэму кіраваньня працэсам перавозак», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.
Згодна з інфармацыяй Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў, вайскоўцы займаюць восьмы паверх будынку ў Менску на Шкляным завулку, 1. Гэта прыблізна 600 квадратных мэтраў службовых памяшканьняў, дзе раней знаходзіліся падразьдзелы і аддзелы Канструктарска-тэхнічнага цэнтру Беларускай чыгункі.
Цяпер кіруе вайсковымі перавозкамі наўпрост гэтая група. «Такі фармат скарачае ланцужок узгадненьняў, абмяжоўвае кола інфармаваных асобаў і зьніжае рызыкі выцеку інфармацыі», — сказана ў паведамленьні.
Доступ у зону знаходжаньня вайскоўцаў абмежаваны для большасьці супрацоўнікаў Беларускай чыгункі.
Чаму гэта важна
Увядзеньне вайскоўцаў у сыстэму кіраваньня чыгуначных перавозак — клясычная прыкмета мабілізацыі лягістыкі.
Гэта сьведчыць, што інфраструктуру пераводзяць на забесьпячэньне патрэбаў абароны і бясьпекі.
Прыярытэтамі пры такой арганізацыі становяцца перавозка вайсковых грузаў, ахова і абарона інфраструктуры, узмацненьне кантролю за стратэгічнымі вузламі, мастамі і станцыямі для перадухіленьня дывэрсіяў і сабатажу, а таксама выкарыстаньне спэцыяльных пратаколаў руху, абароненай сувязі і сакрэтных графікаў перавозак.
Форум